«Сустрэліся і гаварылі пару гадзін». Канапацкая расказала, як Румас клікаў яе ва ўрад
18.11.2024 / 20:14
У кастрычніку 2019 года тагачасны прэм'ер-міністр Сяргей Румас публічна ці то жартам, ці сур'ёзна запрасіў Ганну Канапацкую ва ўрад. Яна расказала, што было далей.
Сяргей Румас. Архіўнае фота 2018 года. Maxim Guchek / BelTA Pool Photo via AP
Канапацкая тады была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Падчас папярэдняга чытання па праекце бюджэту Беларусі на 2020 год яна спытала ў Румаса, як урад збіраецца выконваць прагнозны паказчык на пяць гадоў.
У адказ прэм'ер раскрытыкаваў свой урад за слабую працу, адзначыў, што эканоміцы патрабуюцца структурныя рэформы і прапанаваў Канапацкай месца ў Саўміне.
«Я афіцыйна вас запрашаю на працу ва ўрад, каб вы дапамаглі нам вырашыць гэтую задачу», — сказаў тады Румас Канапацкай, якая пакідала парламент.
Ганна падзякавала прэм'еру за прапанову, і яны дамовіліся абмеркаваць гэтае пытанне пазней.
Ганна Канапацкая. Фота з яе сацсетак
Цяпер Канапацкая ў інтэрв'ю «Точцы» распавяла, што было далей. Паводле яе слоў, яна сапраўды сустрэлася з прэм'ерам, і яны прагаварылі пару гадзін сам-насам.
«Думаю, што гэта была спроба наладзіць дыялог з той часткай грамадства, якая прытрымліваецца іншых поглядаў на эканамічную мадэль… Я ў прынцыпе засталася ў добрых адносінах з Сяргеем Мікалаевічам», — адзначыла Канапацкая.
Канкрэтную пасаду ва ўрадзе яны, паводле слоў Ганны, не абмяркоўвалі, паколькі прызначэнне міністраў — гэта прэрагатыва Лукашэнкі. Але, як адзначыла Канапацкая, тая размова матывавала яе ісці на выбары 2020 года.
Чытайце таксама:
Шумчанку, якога не ўзялі кіроўцам на «хуткую», узялі кіраваць штабам Канапацкай
Ганна Канапацкая патлумачыла, чаму не выдаляе здымкі з БЧБ-сімволікай з сацсетак. Вы будзеце смяяцца
На кампанію Лукашэнкі ўжо пералічылі больш за 400 тысяч рублёў. У спойлераў грошай няма
У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі