Ганна Канапацкая вырашыла ўвайсці ў адну рэчку двойчы і зноў удзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах — нягледзячы на тое, што ў 2020-м ёй намалявалі менш за 2%, а сама Ганна прызнавала тыя выбары несапраўднымі. Цяпер яна зноў робіць выгляд, што збірае подпісы. І зноў спрабуе дэманстраваць, што мае ўсе шанцы пазмагацца з Лукашэнкам за прэзідэнцкі трон. Але навошта гэты спектакль дачцэ беларускага даляравага мільянера? Як з апазіцыянеркі, якая выступала ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга і Курапат, яна ператварылася ў падкантрольнага палітыка з лазневым узроўнем дыскусіі?
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_11/screenshot2024-11-13at175523-dzaom.png.webp)
Ганна — карэнная мінчанка і юрыстка па адукацыі. Яе дзявочае прозвішча па бацьку — Трухановіч. Ганне пашанцавала нарадзіцца ў сям’і палешука з бізнэсовай жылкай: у пачатку 90-х бацьку Анатоля называлі першым даляравым мільянерам у Беларусі. Адзін са сваіх бізнэсаў Анатоль назваў у гонар трох любімых жанчын — жонкі і двух дачок: «АДЛ» (па першых літарах іх імёнаў). Другая дачка, Дар'я, цяпер лічыцца кіраўніцай ініцыятыўнай групы сястры.
Але не выключна бізнэсам цікавіўся спадар Трухановіч: ён быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, доўгі час удзельнічаў у ёй і фінансаваў. А ў пэўны момант прывёў на чарговы з’езд сваіх дачок.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_tata-fwuy0.png.webp)
Ганна ў выніку прабыла членам партыі з 1995 па 2019 год, калі яе адтуль выключылі. Выключэнне стала фармальнай працэдурай, бо напярэдадні Канапацкая сама заявіла, што пакідае АГП пасля таго, як не пабачыла свайго імені ў партыйных спісах вылучэнцаў на чарговыя парламенцкія выбары.
Абранне Ганны дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў у 2016-м стала прычынай сур’ёзнага ідэйнага расколу ў АГП. Для ўсіх было відавочна, што сумленнага падліку галасоў ні на яе акрузе, ні на іншых акругах не было. Таму некаторыя партыйцы зацята крытыкавалі згоду на прызначэнне Канапацкай у парламент з улікам ранейшай палітыкі прызнавання выбараў нелегітымнымі.
Палітык Анатоль Лябедзька расказваў, што прызначэнне Ганны ў дэпутаты стала для іх нечаканасцю, і выбар паміж тым, ці гуляць у гэтую гульню, ці адмовіцца, быў няпростым:
«Мяне разбудзілі ноччу і сказалі: «У нас дэпутат». — «Які дэпутат? Адкуль?» — «Ганна Канапацкая». І вось мы тэрмінова збіраемся і разумеем, што гэта гульня, якую нам прапануюць. І што тут трэба рабіць?».
У выніку ў партыі прызналі карысць ад таго, каб на свае вочы пабачыць плюсы і мінусы валодання дэпутацкім мандатам. З самой Канапацкай пры гэтым была падпісаная дамова, у якой пералічвалася, чаго ад яе чакае партыя. Адно з чаканняў тычылася эканамічных рэформ, праграмы «Мільён працоўных месцаў». А найбольш адказным тэхнічным заданнем стала лабіяванне тэмы свабодных і сумленных выбараў. З апошнім Канапацкая экзамен па выніку праваліла.
Сітуацыя з тымі парламенцкімі выбарамі — 2016 насамрэч была абсурдная — Канапацкая на той момант жыла на дзве краіны і збіралася асядаць разам з дзецьмі ў Германіі. Аднак прызначэнне ў парламент прымусіла яе вярнуцца ў Беларусь.
«Законапраект аб гарантыях прэзідэнту яна дакладна не распрацоўвала, ёй прапанавалі гатовы тэкст зверху»
Пры ўсёй неадназначнасці падзеі траплянне ў парламент двух апазіцыйных дзеячаў — Ганны Канапацкай і Алены Анісім — у 2016 годзе многімі ўспрымалася з аптымізмам і надзеяй: нешта з гэтага будзе.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_praza_b_c_b-rdiqk.png.webp)
Сярод важных праектаў, да якіх разам з камандай паспела прыкласці руку Ганна Канапацкая, напрыклад, праца над змякчэннем 328-га «наркатычнага» артыкула Крымінальнага кодэкса. Таксама яна вяла працу над законапраектам па ахове бел-чырвона-белага сцяга з унясеннем яго ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Дэпутатка падрыхтавала законапраект, які змяншаў ролю дзяржавы ў зямельных адносінах.
Далучылася яна ў новым статусе да абароны Курапат, што ў сённяшніх рэаліях з боку дэпутатаў нават складана ўявіць. Канапацкая звярталася ў пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці перагляду межаў ахоўнай тэрыторыі, у выніку якога там пабудавалі рэстаран «Поедем Поедим».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_kuropaty-11h14.png.webp)
У перыяд з 2016 па 2019 заўважна палепшаў дыялог паміж уладай і апазіцыяй: у тым ліку дзякуючы мандату Ганны праводзіліся сумесныя круглыя сталы і ладзіліся сустрэчы.
Таксама Канапацкая выступала за выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, якую называла «мёртванароджаным дзіцём». Але тэму свабодных і сумленных выбараў, Канапацкая з трыбуны так і не агучыла, хоць і абяцала аднапартыйцам.
«Гэта даказала для нас, што ўсе дэпутаты так ці інакш пад кантролем, у іх ёсць дамоўленасці, тэмы-табу: эканоміка — калі ласка, але ніякай крытыкі першых асобаў, сілавікоў, самой сістэмы, — каментуе Анатоль Лябедзька. — У выніку мы выключылі Канапацкую з партыі менавіта таму, што яна не рэалізоўвала магчымасці дэпутацкага мандата і не выканала аднаго з пунктаў нашай дамовы».
Атачэнне Канапацкай яшчэ больш непрыемна здзівілася, калі ў 2019-м яна вынесла на разгляд адыёзны законапраект «Аб гарантыях прэзідэнту Беларусі, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям’і». Гэта сур’ёзна запэцкала яе імідж. Адзін з пунктаў законапраекта абвяшчаў, што «кіраўнік дзяржавы не можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні, учыненыя ім у перыяд выканання паўнамоцтваў у якасці прэзідэнта».
«Я ведаю на 100%, што яна не распрацоўвала гэты праект закона, — каментуе былы памочнік Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка. — Я бачыў, што ў яе нават фізічна не было на гэта часу. Праект гэты, на мой погляд, быў крокам рэжыму — ёй прапанавалі гатовы тэкст, які яна проста агучыла. У той момант яна рэзка памяняла сваю рыторыку. Было зразумела, што ўжо пачалася падрыхтоўка да яе ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.
Законапраект аб гарантыях прэзідэнту стаў сур’ёзным маркерам, што ўся апазіцыйнасць Канапацкай на гэтым сканчаецца».
Гэты ж эпізод згадвае і Вольга Кавалькова, яшчэ адна з памочніц Канапацкай-дэпутаткі.
«Пры наяўнасці паміж намі працоўных адносін пра той закон я даведалася ў інтэрнэце, са СМІ.
Я не бачыла, каб Ганна над ім працавала.
Для мяне гэты Закон быў нечаканым і я запытвала ў Ганны: адкуль гэта? Можна ж было зрабіць па-іншаму, каб гэта не выклікала такую негатыўную рэакцыю і ў апазіцыі, і ў грамадства агулам. Але потым я зразумела, што гэта быў такі тэст сістэмы — праверыць, наколькі грамадства гатовае да такога. І вось у 2019-м яно аказалася негатовым даваць прэзідэнту такія гарантыі. КДБ — ці хто там распрацоўваў той законапраект — паглядзелі на гэта, зафіксавалі, і ініцыятыва пайшла ў цень».
Закон аб пажыццёвых гарантыях прэзідэнту ў выніку прынялі ў 2024-м годзе. Канапацкая адрэагавала на гэта наступным чынам: «Прымі Палата яшчэ ў лістападзе 2019-га гэты закон, калі я распрацавала законапраект і ўнесла яго для разгляду, вельмі шмат якія працэсы ў Беларусі маглі б пайсці па-іншаму. Іншай была б уся электаральная кампанія 2020 года. Не было б, па яе сканчэнні гэтай сусветнай ганьбы з самазванкай і яе бадзяжным шапіто, што доўжыцца ўжо які год. Найхутчэй не было б сотняў паламаных лёсаў простых беларусаў, якія сталі ахвярамі брудных палітычных маніпуляцый, і тысяч збеглых суайчыннікаў за межамі нашай краіны. І не было б дыпламатычнай ізаляцыі і эканамічных санкцый, пра што я ведаю дакладна».
Дабрабыт бацькі як зарука згодлівасці?
На думку Анатоля Лябедзькі, Канапацкая пачала гуляць на баку Лукашэнкі адначасова з атрыманнем дэпутацкага мандата ў 2016-м:
«Пэўны кантракт паміж Канапацкай і сістэмай дзейнічаў і тады, і ў 2020-м, працуе і цяпер. Дадаткова ўсё падмацоўваецца амбіцыямі, якія ў Ганны ёсць».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/screenshot2024-11-13at183212-ha71e.png.webp)
Гэтую ж версію пацвярджае і яшчэ адна блізкая да сітуацыі крыніца. Суразмоўца тлумачыць, што Ганну-дэпутатку зляпілі эканамічныя праблемы з бізнэсам бацькі. Маўляў, ён сам праз знаёмых прапанаваў кандыдатуру дачкі. Рэжыму былі патрэбныя апазіцыянеры ў парламенце для імітацыі дэмакратычнасці, а Ганнай было лёгка кіраваць, бо на коне, калі што, была свабода бацькі.
«Можа, гэта супадзенне, але ў 2020-м годзе Пухавіцкаму камбінату хлебапрадуктаў даравалі пазыкі», — каментуе гэту версію Дзяніс Ціханенка.
Бацьку Канапацкай, мажарытарнаму акцыянеру камбіната, дазволілі адкласці доўг перад дзяржавай на $8,5 мільёна.
Шэсць тысяч подпісаў — рэальны вынік у 2020-м
2020 год для Ганны выдаўся максімальна насычаным. Усё пачалося са сварак паміж удзельнікамі праймерыз па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата.
Працягнулася кавідным напружаннем у грамадстве: Ганна спрабавала прыцягнуць тагачаснага міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка да крымінальнай адказнасці за бяздзейнасць.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_covid-d65o9.png.webp)
Чым бліжэй было да выбараў, тым атмасфера больш напальвалася. Некаторыя выхадкі Ганны непрыемна здзівілі нават членаў яе сям’і. У прыватнасці, бацька Анатоль, які, між іншым, стаў даверанай асобай дачкі, раскрытыкаваў яе выказванні на адрас Бабарыкі, якога Ганна параўнала з педафілам у дзіцячым садку.
Вольга Кавалькова згадвае:
«У прэзідэнцкую кампанію — 2020 у нас былі пікеты разам на Гомельшчыне. Мы размаўлялі, і яна тады досыць радыкальна адгукалася пра Ціханоўскага: што гэта праект Масквы, што Бабарыка прарускі. І яна гаварыла такімі, ведаеце, сістэмнымі наратывамі. Я тады падумала, што хтосьці побач ёсць, хто з ёй так размаўляе».
Гэта агулам было яе асноўнай стратэгіяй на апошніх выбарах — брудная крытыка апанентаў і пусканне пылу ў вочы сваёй дзейнасцю. У рэальнасці ж амаль адразу пасля пачатку збору подпісаў яе 1300 «штыкоў» і «палевікоў» (так яна называла членаў сваёй ініцыятыўнай групы) знялі пікеты і спынілі абыход кватэр.
Як цяпер ужо больш дакладна распавёў «Нашай Ніве» адзін з членаў ініцыятыўнай групы, па факце за Канапацкую тады сабралі ўсяго шэсць тысяч подпісаў. Нагадаем, што сама яна заяўляла, што аднесла ў Цэнтрвыбаркам крыху больш за 110 тысяч, а там ёй намалявалі ўвогуле 146 588.
«Там і збораў нармальных не было. Таму гэта максімум — 6 тысяч рэальных подпісаў. Па маёй інфармацыі, Аператыўны аналітычны цэнтр пры прэзідэнце даў ёй каля $20 тысяч на кампанію. А свае грошы яна не хацела ўкладаць», — расказвае былы член каманды Ганны, які папрасіў застацца ананімным.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_adkaz_cepkalo-q03t5.png.webp)
«У асобе Канапацкай улада хоча пабачыць хаця б мінімальнага прадстаўніка апазіцыі»
Амаль адразу пасля выбараў-2020, крыху пагуляўшыся ў пакрыўджанага вынікамі палітыка, Ганна знікла з радараў. Спачатку яна агучыла жаданне стварыць уласную нацыянал-дэмакратычную партыю, але ініцыятыва заглохла.
Пазней мільганула ў справе амніставання зняволеных, у тым ліку наладжваючы дыялог з заходнімі дыпламатамі і палітыкамі. Але пра дакладныя пазітыўныя вынікі працы Ганны так і не стала вядома, а звычайна яна не скромнічае ў прыпісванні сабе заслуг.
«Так склалася гістарычна, што ўвесь працэс камунікацыі з так званай апазіцыяй у пэўны момант замкнулі на Васкрасенскім, і Канапацкая стала папросту не патрэбная ў гэтым пытанні, хаця яна пра тую ж амністыю казала нават на УНС. Але мне падаецца, што з яе боку гэта былі проста гучныя заявы для таго, каб не выпадаць з медыйнай павесткі. А потым яна знікла, таму што пачалася максімальная зачыстка палітычнага поля.
Было б нелагічна, калі б падчас татальнага разгрому ўсёй ранейшай партыйнай сістэмы, нехта на фоне пачаў бы будаваць новую, нацыянал-дэмакратычную партыю. Відавочна, быў дадзены загад (ці парада) не высоўвацца», — выказвае здагадку абазнаная крыніца.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/__bun_20200714-2642-pob3m.jpg.webp)
На выбары-2025 Ганна ідзе ў якасці проста індывідуальнай прадпрымальніцы, ніяк не тлумачачы, якім бізнэсам займаецца. У 2020-м ж яна нібыта займалася юрыдычнымі кансультацыямі для аўстрыйскай кампаніі Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH. Яшчэ раней была кіраўніцай у такіх фірмах, як «Грынрэй», «КапітэльБелБуд», «Южцэнтрабуд». Па выніку ўсе яны ліквідаваныя ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Для многіх застаецца таямніцай сэнс існавання бізнэсаў, кліентаў якіх складана адшукаць.
«Выглядае, што той жа «Грынрэй» — гэта была проста псеўдакантора, якая павінна была паказаць яе статус падчас парламенцкай кампаніі», — мяркуе чалавек з атачэння Ганны.
«У мяне вялікія сумневы наконт Канапацкай як юрысткі — магу казаць гэта, прайшоўшы праз пэўную супрацу. Тая ж праца ў парламенце прадугледжвае здольнасці да заканадаўчай працы. Я там не заўважыў ні экспертызы, ні кампетэнцый — большасць тэкстаў законапраектаў рыхтавалі яе памочнікі. Думаю, што юрыдычная кампанія была зробленая пры дапамозе грошай бацькі, а далей, калі ўжо трэба было ўкладваць свае кампетэнцыі і досвед, проста не ўдалося», — дадае яшчэ адзін суразмоўца.
Пры гэтым Ганна, як сама яна прызнавалася не раз, умее і любіць траціць грошы. Вялікае задавальненне ёй заўсёды прыносілі, у прыватнасці, машыны.
«У адрозненне ад «найбяднейшага прэзідэнта ў свеце», у якога чвэрць стагоддзя «нічога няма», я ўмею і добра зарабляць, і добра траціць!» — хвалілася Канапацкая.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/screenshot2024-11-13at175721-391rh.png.webp)
Словам, нават пры адным заробку дэпутаткі Ганна заўсёды дадаткова магла пакласціся на мужчын побач. Бізнэсовец у сям'і быў не толькі бацька, але і былы муж, з якім яны, праўда, развяліся ў 2008 годзе. Дзмітрый Канапацкі быў заснавальнікам і дырэктарам кампаніі «Аскайд», якая спецыялізуецца на аптовым гандлі адзеннем. Сёння ён, як мы змаглі даведацца, сканцэнтраваўся на рынку Казахстана і Расіі і ўзначальвае кампанію «Белснаб Камплект», якая з'яўляецца дылерам сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку з Беларусі.
Новы партнёр Ганны, па інфармацыі знаёмага сям'і, таксама мае бізнэс у сферы права і будаўніцтва.
Нядаўна стала вядома, што, грошы, «зэканомленыя на выбарчай кампаніі-2020», Ганна ўклала ў крыптавалюту. Будзе выдаткоўваць іх на кампанію-2025?
Цяпер яна посціць у інстаграме фотаздымкі са сваіх пікетаў і абяцае «ісці да канца». Выглядае, што гэтыя пару пікетаў — напрыклад, у гандлёвым цэнтры «Сталіцы» і на Камароўцы — і ёсць адзіная актыўнасць Канапацкай.
У 2020-м Канапацкая змагла сабраць хаця б спіс намінальных паплечнікаў, паабяцаўшы грошы за збор колішнім актывістам БНФ і іншых партый. Камусьці заплаціла абяцанае, хтосьці застаўся расчараваным.
Сёлета ж няма нават гэтых намінальных актывістаў — апазіцыянеры ці выехалі з краіны, ці спрабуюць не адсвечваць, каб не прыцягваць да сябе ўвагу.
У выніку выглядае, што Канапацкая збірае подпісы сама. Колькі ўдасца сабраць? Наўрад ці набярэцца хоць 1000 подпісаў, але ў цяперашніх рэаліях гэта не мае ніякага значэння. Калі Цэнтрвыбаркам атрымаў загад рэгістраваць кандыдатку, то яна трапіць у бюлетэні нават без аніводнага подпісу.
Дзяніс Ціханенка настойвае, што Канапацкая сваім удзелам у выбарах парушае абноўленую Канстытуцыю, бо мела раней замежны дазвол на жыхарства. Але гэта таксама наўрад ці хвалюе кагосьці ў Цэнтрвыбаркаме.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_syn-tjp6t.jpg.webp)
«У асобе Канапацкай улада хоча пабачыць хаця б мінімальнага прадстаўніка апазіцыі, якая захавалася ў Беларусі. Яна бяскрыўдная, ёй можна кіраваць. Гайдукевіч як «апазіцыйная» фігура сябе ўжо максімальна вычарпаў. Гэта эксперымент па імітацыі дэмакратычнай сістэмы, якая патрэбная нават у такой рэжымнай краіне, як наша.
Дадатковы плюс, што прадстаўніца гэтай так званай канструктыўнай апазіцыі — жанчына. Па маёй інфармацыі, Таццяне Караткевіч прапаноўвалі згуляць гэтую ролю таксама, яна адмовілася, і менавіта таму апынулася на сутках», — каментуе адзін з палітыкаў.
На сёння Канапацкая знаходзіцца ў пуле давераных асобаў Лукашэнкі. Без асаблівага права выбару, з задачай, якую варта выканаць безагаворачна.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/kanapatskaya_autamat-k1r11.png.webp)
Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву
Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста
Даносы, бойка з Дашкевічам, завышэнне паказчыкаў у БРСМ — як пралажыў сабе шлях дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч?
Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?
Каментары
татарка - тут да бабці не хадзі