На платформе «Байсол» з'явілася паведамленне пра збор на карысць нядаўна вызваленай праз амаль 4 гадоў зняволення Паліны Шарэнды-Панасюк.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/zam_4177-d14t6.jpg.webp)
Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. Яе затрымалі 3 студзеня 2021 года, а 9 чэрвеня таго самага года асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе абвінавачвалі па арт. 364 КК РБ (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі), а таксама па артыкулах аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).
Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцэр, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск. Галоўнае ж — што яе не выпускалі нават пасля заканчэння тэрміну зняволення, два разы арганізаваўшы новыя прысуды, якімі дадавалася новыя тэрміны.
Паліна выйшла на волю 1 лютага 2025 года, правёўшы больш за чатыры гады ў зняволенні.
За чатыры гады зняволення Паліну трымалі ў ізаляцыі амаль 180 дзён, збівалі, адпраўлялі на псіхіятрычную экспертызу. Ёй не аказвалі медыцынскую дапамогу, нягледзячы на цяжкі стан.
6 лютага стала вядома, што Паліне Шарэндзе-Панасюк удалося выехаць за межы Беларусі, а ўчора ўвечары яна прыехала ў Вільню, дзе ўпершыню за апошнія чатыры гады пабачыла мужа, дзяцей і сяброў.
Цяпер Паліне патрэбная падтрымка для аднаўлення — як фізічнага, так і эмацыйнага. Таму па просьбе сям'і адкрыты збор на 5 тысяч еўра.
Ваша дапамога — гэта крок да таго, каб жанчына змагла спакойна адпачыць, паправіць здароўе і вярнуцца да нармальнага жыцця.
Падтрымаць Паліну Шарэнду-Панасюк данатам можна па спасылцы.
Каментары