Ва Украіне затрымалі двух генералаў і палкоўніка за бяздзейнасць пры абароне Харкаўшчыны
20.01.2025 / 17:49
Работнікі ўкраінскага Дзяржаўнага бюро расследаванняў ва ўзаемадзеянні з СБУ і пры садзейнічанні Міністэрства абароны і камандавання УСУ затрымалі экс-камандзіраў: двух генералаў і палкоўніка. Яны абвінавачваюцца ў тым, што нібыта з-за іхняй халатнасці вораг змог захапіць частку тэрыторыі Харкаўскай вобласці ў маі 2024 года.
Сцвярджаецца, што экс-камандзіры аператыўна-тактычнай групоўкі «Харкаў», 125-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны і 415-га асобнага стралковага батальёна 23-й асобнай механізаванай брыгады сваім нядбайным стаўленнем да вайсковай службы дазволілі войскам Расійскай Федэрацыі захапіць частку тэрыторыі Ліпецкай сельскай тэрграмады Харкаўскага раёна.
Таксама дзеянні камандзіраў нібыта прывялі да страты асабовага складу і ўзбраення, сарвалі мерапрыемствы па ахове дзяржаўнай мяжы ў зоне іх адказнасці.
Устаноўлена, што брыгадны генерал вызначыў пазіцыі абароны для 125-й асобнай брыгады тэрабароны, якія не адпавядалі яе баявым магчымасцям. Да таго ж ён меў іншыя падраздзяленні, якія маглі ўзмацніць гэтыя пазіцыі.