Кая Калас, Урсула фон дэр Ляен, Антонію Кошта. Узгодненыя кандыдатуры на ключавыя пасады ў еўраструктурах
Перамоўцы ад галоўных палітычных сілаў Еўрасаюза заключылі пагадненне аб размеркаванні найвышэйшых пасадаў у еўраструктурах пасля нядаўніх выбараў у Еўрапарламент, паведамляе Euronews.
Паводле дамоўленасці, на сваёй пасадзе на другі тэрмін на наступныя 5 гадоў застанецца кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен з Германіі.
Пасаду вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі зойме цяперашняя прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас. Яна заменіць на месцы галоўнага дыпламата ЕС Жазэпа Барэля з Іспаніі.
А новым старшынёй Еўрапейскай рады замест бельгійца Шарля Мішэля стане былы прэмʼер-міністр Партугаліі Антонію Кошта.
Афіцыйна кандыдатуры на гэтыя пасады павінны быць зацверджаныя на саміце ЕС, які адбудзецца 27 чэрвеня.
Урсуле фон дэр Ляен яшчэ спатрэбіцца падтрымка Еўрапарламента, новы склад якога збярэцца на ўстаноўчае пасяджэнне ў сярэдзіне ліпеня.
Каментары