З 21 лютага 2020 г. у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе працаваць выстава, прысвечаная адметнай традыцыі ў нашай культуры — беларускай лацінцы.
Беларуская мова — вялікая мова! На ёй створаны літаратурныя шэдэўры, багатая навуковая спадчына, напісаны шматлікія творы, якімі магла б ганарыцца любая культура. Унікальнай адметнасцю айчыннай моўнай практыкі з’яўляецца існаванне на працягу многіх стагоддзяў беларускага пісьменства ў розных графічных сістэмах: па-беларуску пісалі і кірыліцай, і лацінкай, а татары здолелі адаптаваць для беларускага пісьма яшчэ і арабскі алфавіт. Лацінка і кірыліца — дзве графікі, два абліччы нашай мовы, сімвалы адвечнай раздвоенасці існавання паміж Захадам і Усходам. І калі кірыліца сёння добра знаёмая і шырока ўжывальная, то лацінка здаецца загадкавай і невядомай.
Адкрыць таямніцы беларускай лацінкі і на ўласныя вочы ўпэўніцца ў яе існаванні можна на выставе «Biełaruskaja łacinka».
У экспазіцыі прадстаўлены кніжныя помнікі, створаныя ў лацінскай графіцы на беларускай мове, пачынаючы ад XVII ст. да сучаснасці. Гэта яскравы літаратурны твор XVII ст. «Прамова Мялешкі» на старабеларускай мове з унікальнага рукапіснага зборніка тыпу сямейных хронік «Silva rerum», складзенага шляхцічам са знакамітага роду Слізняў.
Сімвал барацьбы за волю і незалежнасць 1863 г. — першая нелегальная беларуская газета «Mużyckaja prauda» Кастуся Каліноўскага.
Знакавыя выданні XIX ст. беларускіх пісьменнікаў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і інш. А таксама адметныя зборнікі і перыёдыка беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст.: кнігі з пецярбургскіх і віленскіх выдавецтваў, дзе друкаваліся творы Я. Купалы, Цёткі, Я. Коласа і інш.; легендарныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва» і інш.
Асобны раздзел выставы распавядае гісторыю развіцця лацінскага алфавіта і прадстаўляе буквары, чытанкі і граматыкі беларускай мовы Каруся Каганца, Рудольфа Абіхта, Янкі Станкевіча, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча і інш.
На сённяшні дзень у сучаснай форме лацінка ўжываецца пісьменнікамі, музыкамі, вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Лацінкай прадублявана напісанне назваў станцый на схемах мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах. Сучасныя выданні і прыклады выкарыстання лацінкі зоймуць пачэснае месца на выставе.
Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі да 30 чэрвеня 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы Музея кнігі.
Уваход — па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак і заказу экскурсій: (8 017) 293 27 22.
Комментарии