Допісы супрацоўніка «Мінскай праўды» перапоўнілі чашу цярпення кіраўніцы «Белай Русі»
Святлана Вараніца не вытрымала, калі ў тэлеграм-канале Юрыя Уварава з'явіліся допісы пра мусульман.
Святлана Вараніца займае пасаду намесніка старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь».
Прапагандыст Юрый Увараў працуе ў чарнасоценнай дзяржаўнай «Мінскай праўдзе». Там ён піша пра ўсё запар — ад пратэстаў у Іране да палітыкі Кітая. Сярод іншага ён заклікаў знішчыць пахаванні ў Курапатах.
З апошняга — у сваім тэлеграм-канале (5400 падпісчыкаў) ён замацаваў паведамленне з пажаданнем перамогі Ірану. Восенню мінулага года Увараў абураўся, што ў цягніках Беларускай чыгункі гучаць песні Анжалікі Агурбаш.
Канфлікт паміж Вараніцай і Уваравым, як вынікае з яе запісу, узнік раней. Так, яна заяўляе, што ў выпадку, калі мужчына падасць на яе «яшчэ адну заяву ў органы ўнутраных спраў», то яна будзе «адстойваць сваё права на меркаванне дарослага, адэкватнага чалавека гаварыць у публічнай прасторы аб сваёй нязгодзе з асобнымі дзеяннямі грамадзяніна Уварава».
Што ж паслужыла падставай для новага вітка канфлікту? Як піша актывістка «Белай Русі»,
«грамадзянін Увараў, які мае «значны стаж працы палітычным аглядальнікам у вядучых СМІ» (прамая цытата) працягвае цягнуць у беларускі сегмент ТГ кантэнт, які, на мой погляд грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, можа фарміраваць міжканфесійную варожасць».
Яна катэгарычна супраць таго, каб «у краіне, дзе з павагаю ставяцца да пачуццяў вернікаў усіх рэлігій, дзе захаванне этнаканфесійнага міру — вялікая праца на карысць усіх нацыянальнасцей і народнасцей, якія пражываюць на нашай мірнай зямлі, з'яўляўся падобны кантэнт».
У якасці доказу Вараніца размясціла некалькі скрыншотаў публікацый з тэлеграм-канала Уварава, якія з'яўляюцца перапостамі з расійскіх каналаў.
Акрамя гэтага, актывістка апублікавала ўрыўкі сваёй перапіскі з Уваравым, з якой вынікае, што яна спрабавала звярнуць увагу прапагандыста на недарэчнасць некаторых публікацый, але атрымала поўны абразаў адказ.
Да гэтага Вараніца крытыкавала Рыгора Азаронка і Вольгу Бондараву. Праўда, тыя, наколькі вядома, заяваў у міліцыю на яе не пісалі.
Каментары