Былы прэм'ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі заявіў, што калі б ён цяпер узначальваў урад краіны, то не стаў бы сустракацца з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, піша Бі-бі-сі.
86-гадовы Берлусконі не займае якіх-небудзь пасад у італьянскім кабінеце, але з'яўляецца лідарам партыі «Наперад, Італія!», якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю.
Журналісты папрасілі Берлусконі пракаментаваць сустрэчу цяперашняга прэм'ер-міністра Італіі Джорджыі Мелоні з Зяленскім падчас саміту ў Бруселі на мінулым тыдні. У адказ экс-прэм'ер сказаў: «Я — гаварыць з Зяленскім? Калі б я быў прэм'ер-міністрам, то ніколі б туды не пайшоў».
Далей Берлусконі абвінаваціў Украіну і яго лідара ў тым, што яны нібыта справакавалі цяперашнюю вайну. Раней Расія неаднаразова абвінавачвала Кіеў у нападзе на самаабвешчаныя «рэспублікі» Данбаса, аднак большасць краін свету, як і незалежныя эксперты, лічаць цяперашнія дзеянні Расіі супраць Украіны несправакаванай агрэсіяй.
«[Зяленскаму] было дастаткова спыніць нападаць на дзве аўтаномныя рэспублікі Данбаса — і ўсяго гэтага не адбылося б, — заявіў Берлусконі журналістам. — Таму я ацэньваю паводзіны гэтага спадара вельмі-вельмі негатыўна».
Тым часам сама Мелоні ў нядзелю заявіла, што яе ўрад працягвае цвёрда падтрымліваць Украіну.
У кастрычніку мінулага года італьянскія СМІ апублікавалі аўдыязапіс, на якім Берлусконі прызнаецца, што абменьваўся з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным падарункамі ў выглядзе скрыні гарэлкі і пляшак віна, а таксама «прыемнымі лістамі».
Займаючы пасаду прэм'ер-міністра, Берлусконі не раз сустракаўся з Пуціным, а сам прэзідэнт Расіі называў яго сваім сябрам і саюзнікам.
Каментары