Гурт Black Sabbath і яго легендарны вакаліст Озі Осбарн возьмуць удзел у дабрачынным канцэрце, які адбудзецца 5 ліпеня ў Бірмінгеме. Гэта будзе маштабны аднадзённы фестываль на Villa Park, дзе выступяць дзясяткі гуртоў, натхнёных творчасцю Black Sabbath, уключаючы Metallica, Pantera, Slayer, Gojira і Anthrax, піша Бі-бі-сі.
Канцэрт стане першым за 20 гадоў выступленнем арыгінальнага складу Black Sabbath: Озі Осбарна, Тоні Аёмі, Гізера Батлера і Біла Уорда.
«Апошняе развітанне»
Озі Осбарн, які быў вымушаны скараціць гастролі з-за хваробы Паркінсана і траўмаў хрыбетніка, выканае кароткі сольны сэт, а затым далучыцца да гурта.
Ягоная жонка Шэран паведаміла Бі-бі-сі, што Осбарн рашуча настроены даць фінальны канцэрт.
«Ён адчувае сябе выдатна, сапраўды выдатна, — сказала яна. — Ён страшэнна рады гэтаму канцэрту, таму што зноў будзе разам з хлопцамі і сябрамі. Гэта хвалююча для ўсіх».
Аднак ў той жа час Шэран Осбарн пацвердзіла, што гэта будзе канчатковае развітанне 76-гадовага Осбарна са сцэнай.
«Озі не меў магчымасці развітацца з сябрамі і фанатамі, ён адчувае, што не паставіў апошнюю кропку. Гэта і ёсць яго апошняя кропка».
Канцэрт атрымаў назву Back To The Beginning («Вяртанне да вытокаў»).
Праз старыя траўмы і пастаўлены дыягназ хваробы Паркінсана Озі Осбарн пайшоў з вялікай сцэны пасля закрыцця Гульняў Садружнасці ў 2022 годзе.
Нягледзячы на гэта, нядаўна ён сказаў выданню Rolling Stone UK, што ўсё яшчэ хоча выступаць.
«Я іду дзень за днём, і калі змагу зноў выступаць — я зраблю гэта, — адзначыў ён. — Але я не выйду на сцэну, калі не буду гатовы аддаць сябе на ўсе сто.»
Фінальны канцэрт стане апошнім шанцам убачыць Black Sabbath у арыгінальным складзе і адначасова развітацца з легендай хэві-метала.
Озі Осбарн адмяніў усе канцэрты. Ён больш не будзе ездзіць у туры
Озі Осбарн выпусціць абмежаваную серыю пласцінак з яго новым альбомам у колерах украінскага сцяга
Папулярны брытанскі спявак расказаў, што ў яго хвароба Паркінсона
Навукоўцы высветлілі, чаму Озі Осбарн можа столькі выпіць
Озі Осбарн назваў свой галоўны страх
Каментары