Генпракуратура завяла шэраг крымінальных спраў супраць Рады БНР, паведаміў журналістам начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Валерый Шуляк, перадае БЕЛТА. Цяпер устанаўліваюць усіх датычных да арганізацыі.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2019_04/bnr100-1038x576-vlomj.png.webp)
Крымінальныя справы, паводле Генпракуратуры, накіраваны старшыні КДБ для арганізацыі папярэдняга расследавання, устанаўлення і прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто мае дачыненне да дзейнасці названага фармавання асоб (дзе б яны ні знаходзіліся: як за мяжой, так і на тэрыторыі Беларусі).
Як паведамілі ў Генпракуратуры, нягледзячы на тое, што Рада БНР сёлета ў ліпені рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнана экстрэмісцкім фармаваннем, пра што яе кіраўнікам і чальцам дакладна вядома, сваю супрацьпраўную дзейнасць яны не спынілі, паведамляе БЕЛТА.
Паводле Генпракуратуры, «кіраўніцтва Рады каардынуе дэструктыўныя намаганні з іншымі экстрэмісцкімі арганізацыямі, устанаўлівае сувязі з узброенымі структурамі, што дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны, у якія ўваходзяць грамадзяне Беларусі».
Рада БНР у паведамленні Генпракуратуры названа «пранацысцкім экстрэмісцкім фармаваннем», дзейнасць якога «заснавана як у мінулым, так і цяпер на адмаўленні існавання суверэннай беларускай дзяржавы».
«Кіраўнік Рады БНР у перакладзе з беларускай на расійскую і іншыя мовы свету абвяшчае сябе «прэзыдэнтам», — піша Генпракуратура.
Паводле Генпракуратуры, дзеянні кіраўнікоў і сябраў Рады БНР утрымліваюць прыкметы наступных складаў злачынстваў:
змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК);
кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, а таксама фармаваннем, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо ўдзелу ў ім (ч. 1 арт. 361-1 КК);
уцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць і іншае садзейнічанне такой дзейнасці, здзейсненае групай асоб (ч. 2 арт. 361-4 КК);
распальванне нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці, здзейсненае групай асоб (ч. 1 арт. 130 КК);
наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130-1);
падбухторванне да ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы (ч. 5 арт. 16, ч. 1 арт. 361-3 КК);
дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК).
Каментары