Новы ўрад Маравецкага ўжо прынёс прысягу перад прэзідэнтам Польшчы. Але ёсць адно істотнае але
У панядзелак у Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве чальцы новага ўрада Матэвуша Маравецкага, якому пасля выбараў прэзідэнт Анджэй Дуда даручыў місію фармавання новага ўрада, прынеслі прысягу перад прэзідэнтам, паведамляе Польскае радыё.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_11/urad_pola_ap231128-bm9yi.jpg.webp)
Прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што новы ўрад складаецца ў асноўным са спецыялістаў, якія да гэтага часу займаліся практыкай: «Знаю вас як экспертаў. Сёння вы бераце на сябе надзвычай адказныя палітычныя функцыі ў кіраванні польскімі справамі. Шчыра вам за гэта дзякую. Гэта надзвычай важна задача», — сказаў прэзідэнт.
У новым урадзе Марыюш Блашчак застанецца на пасадзе кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны.
Новым міністрам развіцця і тэхналогій стане Марлена Малёг. Міністэрства замежных справаў узначаліць Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк, а працай Міністэрства юстыцыі будзе кіраваць Марцін Вархал. Міністрам аховы здароўя стане Эва Краеўска, міністрам сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі — Анна Гембіцка, міністрам адукацыі і навукі — Кшыштаф Шчуцкі, а кіраўніком МУС — Павел Шэфернакер.
Цяпер прэмʼер-міністр мае два тыдні на тое, каб прадставіць праграмную прамову і атрымаць вотум даверу ў Сейме. Але вотуму акурат і не будзе, паколькі апазіцыйная кааліцыя прагаласуе супраць, тады новага прэмʼер-міністра будзе выбіраць Сейм.
Кандыдатам ад апазіцыйнай парламенцкай большасці на згаданую пасаду з’яўляецца былы прэм’ер Дональд Туск.
Каментары