Агулам візавы рэжым адменены з 28 краінамі.
Іран з 4 лютага ў аднабаковым парадку адмяняе візавы рэжым з 28 краінамі. Апроч Беларусі, візавы рэжым адмяняецца з ААЭ, Катарам, Кыргызстанам, Мексікай, Саудаўскай Аравіяй, Сербіяй, Узбекістанам і Японіяй. Пра гэта паведаміў намеснік міністра замежных спраў Алірэза Бігдэлі, піша ТАСС.
«Міністэрства замежных спраў апавясціла адпаведныя органы аб зацверджаным Кабінетам Міністраў указе аб адмене віз для 28 краін», — прыводзіць яго словы іранскае агенцтва. Зыходзячы з гэтага, «грамадзянам гэтых 28 краін, якія едуць у Іран з турыстычнай мэтай, з 4 лютага 2024 года віза не патрэбная», дадаў намеснік міністра. Асобна ён адзначыў сітуацыю з Індыяй і падкрэсліў, што для яе грамадзян віза не спатрэбіцца толькі ў выпадку перасячэння мяжы па паветры.
З 1 жніўня 2023 года бязвізавы групавы турыстычны абмен быў запушчаны паміж РФ і Іранам. 21 верасня, як паведамілі ТАСС у АТ «Кавказ.РФ», першая іранская дэлегацыя прыбыла ў Расію па бязвізавым рэжыме.
Каментары