3 сакавіка 1944 году, 80 гадоў таму, у Вільні ва ўласнай кватэры на вуліцы Ясінскага быў забіты беларускі драматург, пісьменнік, артыст, тэатральны рэжысёр, тэатразнаўца, рэдактар і выдавец, грамадскі дзеяч Францішак Аляхновіч. Хто ўчыніў злачынства і хто яго замовіў? Піша Сяргей Дубавец на «Свабодзе».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_03/3d427e91-b742-4094-9f5c-399ba7e92df8_w1023_r1_s-kej20.jpg.webp)
Постаць першае велічыні
Францішак Аляхновіч пражыў вірлівае жыцьцё, поўнае падзеяў, эмоцыяў і абсалютных творчых узьлётаў, пазачасавага плёну… І быў забыты. Аўтар двух дзясяткаў п’ес, грунтоўнага дасьледаваньня «Беларускі тэатар» і таго самага эўрапейскага бэстсэлеру «Ў капцюрох ГПУ», пра ўласны досьвед сядзельца сталінскіх Салаўкоў, якія яшчэ ніхто не называў ГУЛАГам… Быў забыты, а дакладней, пасьля вайны быў наглуха забаронены, засакрэчаны, схаваны ў таемныя архівы, як тады думалі, назаўсёды. Але ўсе падобныя забароны насамрэч часовыя, і Аляхновіча зноў пачалі друкаваць у 1990-я.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_03/931812b7-f8ea-4767-9f27-109c5937a9cc_w650_r0_s-sq169.jpg.webp)
Уражвае энэргетыка ягонага пісьма і ягонай асобы. Ён літаральна прадзіраўся праз сваю долю беларускага (што для многіх значыла — трэцеразраднага) творцы, выцягваючы і сябе, і тэатар, і ўсю нашу культуру на эўрапейскую сцэну, пераадольваючы правінцыялізм і аматарства. А ўлады — што расейскія, што польскія ў Заходняй Беларусі — гвалтам вярталі яго назад, дазваляючы ягонаму тэатру толькі аматарскі статус. І вось, пачынаючы з 1990-х, тытан стаў разгортвацца ўва ўсю сваю веліч. Вярнуліся на сцэну ягоныя п’есы, публіку проста прыгаломшыла перавыданьне ягоных «Капцюроў», на Росах у Вільні паўстаў яго кенатаф працы выдатнага скульптара Эдуарда Падбярэскага, зьявіліся кнігі пра Аляхновіча, тэлеперадачы і фільмы пра яго. І гэтую хвалю ўжо было не спыніць.
Аляхновіч імкліва заняў сваё месца ў першым шэрагу нацыянальнага пантэону. І з новай сілай загучала пытаньне: хто забіў клясыка?
Разгадка блізка
Адказ знайшоўся амаль што «на паверхні». Гэтую крыніцу падказаў мне дасьледнік зь Беларусі, імя якога ў мэтах бясьпекі я назваць не магу. Факт пададзены ў літоўскай савецкай кнізе, зборніку дакумэнтаў і матэрыялаў «Літоўскі народ у Вялікай Айчыннай вайне (1941—1945)» (Lіetuvos lіaudіs Dіdžіajame Tėvynės kare (1941—1945). Vіlnіus, «Mіntіs», 1982)*. На старонцы 274 знаходзім дакумэнт пад нумарам 311, ён прыводзіцца ў перакладзе з расейскай, бо арыгінал адпраўляўся ў Маскву.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_03/01000000-0aff-0242-faf0-08dc39ea1348_w650_r0_s-vp65h.png.webp)
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_03/01000000-0aff-0242-5f06-08dc39ea133a_w650_r0_s-b2gaq.png.webp)
«Са зводкі ЛШПР (Літоўскага штабу партызанскага руху) № 7 (25) пра зьнішчэньне акупантаў і іх памагатых.
15 сакавіка 1944 году партызаны паведамілі, што ў Вільні партызаны забілі адказнага рэдактара выдаванай немцамі на беларускай мове газэты «Беларускі голас», Ф. Аляхновіча».
У зносцы ўдакладняецца: «Гэтую акцыю правяла дывэрсійная тройка Віленскага гарадзкога атраду на чале зь Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам)».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_03/01000000-c0a8-0242-eb75-08dc39ea134f_w650_r0_s-6cn75.png.webp)
У Рудніцкай пушчы сустрэліся баявыя таварышы на базе падпольнага Паўднёвага абкаму Кампартыі Літвы. Сіманавічус першы зьлева, у белым плашчы
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_03/01000000-0a00-0242-e5e7-08dc39ea1344_w650_r0_s-lwhvp.png.webp)
Хто замовіў забойства
Літоўскі савецкі партызанскі рух, як і беларускі, быў створаны і кіраваўся з Масквы. Узначальваў цэнтральны штаб усяго савецкага партызанскага руху першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, а літоўскім штабам кіраваў першы сакратар ЦК КПЛ Антанас Сьнечкус.
Каментары
Знішчылі нашага выбітнага беларускага дзеяча....
Як можна ў 21 стагоддзі камуністаў у прэзідэнты абіраць, не разумею...