Мінабароны закупляе дроны амаль у 30 разоў даражэй за рынкавы кошт
Мінабароны Беларусі плануе закупіць партыю FPV-дронаў. Па інфармацыі рэсурса «Беларускі Гаюн», Мінабароны плануе новыя закупкі беспілотных лятальных апаратаў для патрэб арміі. Да канца 2024 года ведамствам плануецца закупка 16 БЛА Chimera CX10.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_07/8-3nkm4.png.webp)
Паводле адкрытых крыніц, Chimera CX10 — гэта 10-цалевы FPV-дрон вялікай далёкасці кітайскай кампаніі iFlight. Можа развіваць хуткасць да 140 км/г і несці карысную нагрузку ад 1,5 кг да 2,5 кг. Максімальная вышыня ўзлёту — 6000 м.
У афіцыйнай інтэрнэт-краме кампаніі адзін БЛА Chimera CX10 каштуе $329,99. Аднак Мінабароны плануе выдаткаваць на закупку каля 460 000 рублёў, або па $8951 за адзін беспілотнік.
Канал піша, што разбежка ў цэнах можа быць звязана альбо з закупкай дадатковых камплектуючых для БЛА (батарэй і іншае), альбо з карупцыяй пры правядзенні закупкі.
Можна меркаваць, што БЛА Chimera CX10 будуць выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі аператараў FPV-дронаў у УС РБ.
На сайце вытворцы БЛА гаворыцца, што прадукцыя iFlight можа выкарыстоўвацца толькі ў грамадзянскіх мэтах. А любое прамое або ўскоснае выкарыстанне БЛА ў «любых ваенных баявых мэтах або выкарыстанне, звязанае з ваеннымі баявымі дзеяннямі», забаронена.
Каментары