Упершыню са жніўня Трамп абагнаў Харыс. Усе штаты, якія вагаюцца, таксама за яго
Паводле вынікаў сацыялагічных апытанняў у ЗША, Дональд Трамп апярэджвае Камалу Харыс на 0,1%. Такая перавага — на мяжы статыстычнай хібы, але адметна, што ён вырваўся наперад упершыню з 4 жніўня.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_10/ap24300157803956-5yaxh.jpg.webp)
Сайт Realclearpolling акумулюе электаральныя даследаванні, якія праводзяць усе амерыканскія сацыялагічныя службы, і выводзіць сярэдняе значэнне за апошні час.
Напрыклад, Wall Street Journal дае Трампу перавагу на 3%. CNN і New York Times бачаць нічыю, а вось Reuters фіксуе перавагу Харыс на 2%.
На працягу двух з паловай месяцаў Харыс абганяла свайго канкурэнта-рэспубліканца, у пачатку кастрычніка яе перавага дасягала 2,2%. Цяпер жа наперадзе Трамп — на 0,1%.
Аднак гэта гаворка пра абсалютныя лічбы, а ў ЗША мае значэнне галасаванне па штатах. І вось тут у Трампа ўсё добра — ва ўсіх сямі штатах, якія вагаюцца, у яго перавага. Напрыклад, у Пенсільваніі — 0,6%, у Мічыгане — 0,2%, у Джорджыі — 2,2%.
Такім чынам, калі б выбары адбываліся зараз, то Трамп бы перамог Харыс з разгромным вынікам — 312-226.
Каментары