Засталося два дні кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Што яшчэ можна паспець паглядзець анлайн?
У апошнія дні кінафестывалю «Паўночнае ззянне» гледачоў чакаюць фільмы пра Мюнхенскую Алімпіяду, кунг-фу, сямейныя драмы і беларуская антыўтопія.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_11/2306-ap66s.png.webp)
20 лістапада
«Палаючы рай»
2023, Швецыя, Данія, Фінляндыя, Італія
Рэжысёр: Міка Густаўсон
У рабочым раёне Швецыі тры сястры — 16-гадовая Лаура, 12-гадовая Міра і 7-гадовая Штэфі — жывуць, пакінутыя самі сабе. Іх нядбайная маці чарговы раз знікла без вестак, але дзяўчынкі асабліва пра гэта не турбуюцца. У іх даўно склалася сястрынская супольнасць са сваімі правіламі і дакладна распрацаваная сістэма крадзяжоў з крамаў. Іх будні ідуць сваім ходам, пакуль не з'яўляюцца сацыяльныя службы.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
«Сюрпрыз»
2023, Швецыя
Рэжысёр: Лэрке Гертоні
Інгрыд, паспяховая актрыса, без папярэджання прыязджае на 35-годдзе сваёй дачкі, з якой амаль не падтрымлівала стасункі апошнія некалькі гадоў. Падчас аднаго вечара жанчына перажывае балючае ўсведамленне таго, што іхняя сувязь, здаецца, страчана назаўсёды.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
«Працэсы»
2023, Польшча
Рэжысёр: Андрэй Кашперскі
Што будзе, калі тыя працэсы, што цяпер адбываюцца ў Беларусі і з беларусамі, не спыняцца і дойдуць да абсурду? О дзівосны новы свет: «чорная» сатыра-антыўтопія па-беларуску. Калекцыя кафкіянскіх анекдотаў пра грамадства, якое жыве пад лозунгамі «Вайна — гэта Мір, Свабода — гэта Рабства, Няведанне — гэта Сіла».
Дзе глядзець: Талін/Tallinn, к/т Apollo Kino Coca-Cola Plaza hall 9 17:15 — квіткі
«Кут чужога шчасця»
2024, Германія
Рэжысёрка: Соня Харытанюк
Дабрадзейная дзяўчына з артадаксальнай сям'і падвяргаецца сэксуальнаму гвалту. Актуальная тэма дамашняга аб'юзу закранае беларускія рэаліі.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
«Раб танца»
2024, Беларусь
Рэжысёрка: Настасся Алексіевіч
Сюррэалістычны тыктокерскі скетч у стылістыцы 80-х пра мары i «жорсткія» рэаліі марнатраўцаў жыцця. Філіп усёй сваёй натурай намагаецца супрацьстаяць пустэчы дзён з дапамогай танца, рамантычнага погляду на свет і новай шчырасці. Што гэта: бесклапотная камедыя ці сатыра на будзённасць?
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
«Скрозь святло»
2023, Польшча
Рэжысёрка: Вікторыя Ягорава
Дзяўчына на мяжы нервовага зрыву: ратуючыся ад пераследаў на радзіме, маладая актрыса пераязджае ў Польшчу, дзе становіцца ахвярай сэксуальнага дамагання. Меладрама са шчаслівым канцом, у якой тэма нацыянальнай траўмы суседнічае з актуальным еўрапейскім трэндам барацьбы жанчын за свае правы.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
21 лістапада
«Фарук»
2024, Германія, Турцыя, Францыя
Рэжысёр: Аслы Озге
Аслы Озге робіць галоўным героем фільма свайго дзевяностагадовага бацьку, Фарука, дом якога збіраюцца вось-вось знесці. Зняты ў аўтэнтычных лакацыях і заснаваны на рэальных людзях і падзеях, новы фільм Аслы Озге прапаноўвае ўнікальны, інтымны погляд на жыццё старога мужчыны ў дынамічным Стамбуле, даследуе не толькі вынікі джэнтрыфікацыі, але і складанасці стасункаў між бацькам і дачкой.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
«Нябачны бой»
2023, Эстонія, Латвія, Грэцыя, Фінляндыя
Рэжысёр: Райнер Сарнет
1973 год, Савецкі Саюз. Эстонскі памежнік Рафаэль — адзіны, хто выжывае падчас раптоўнай атакі лятаючых баявых манахаў на савецка-кітайскай мяжы. Кічавая хэві-метал кунг-фу камедыя ў дэкарацыях савецкага манастыра ад трыумфатара кінафестывалю «Лістапад» Райнера Сарнета.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
«О не, Ласэ падае!»
2023, Фінляндыя
Рэжысёр: Рыста-Пека Блом
Мюнхенская Алімпіяда 1972 года. Трыбуны затаілі дыханне ў чаканні фінальнага забегу на 10 000 метраў. Ласэ Вірэн ужо размінаецца на старце — гэта найважнейшы дзень не толькі для яго, але і для ўсёй Фінляндыі. На шчасце, за кулісамі ёсць яшчэ шасцёра фінаў, якія дапамогуць яму здзейсніць подзвіг.
Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59
Падтрымаць кінафестываль «Паўночнае ззянне» і яго далейшае развіццё можна данатам.
Каментары