«Наша Ніва» атрымала такую інфармацыю ад чатырох не звязаных між сабой крыніц са сферы медыцыны і дзяржаўнага кіравання.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/makiej-gokpm.jpg.webp)
«Памёр Уладзімір Макей» — такое паведамленне ў 16:35 26 лістапада распаўсюдзіла БелТА са спасылкай на прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі. У паведамленні не было ані тыповай для афіцыйнага стылю беларускіх улад формулы «Раптоўна памёр», ані іншай тыповай формулы «Пасля працяглай хваробы памёр».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_02/2023-02-16185941-ryl2t.png.webp)
Звяртала ўвагу таксама тое, што лукашэнкаўскія СМІ доўга не мелі ўказання пра тон і характар асвятлення смерці шматгадовага міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея.
Так, у «СБ. Беларусь сегодня» ўвечары той суботы ўсё яшчэ не было практычна нічога пра смерць адной з найвышэйшых асоб, гэта стаяла нават не другой і не трэцяй навіной.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/2022-11-27003951-icwo9.jpg.webp)
Нарэшце, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў не прыехаў на пахаванне беларускага калегі.
Распаўсюджаная версія першых дзён — прычынай смерці Макея стаў праігнараваны інфаркт. Але пазней у Мінску ўсё ж сталі вядомыя іншыя абставіны смерці.
Чатыры крыніцы «Нашай Нівы» ў сферах дзяржаўнага кіравання і медыцыны назвалі прычынай смерці суіцыд.
Што магло прывесці да самагубства? Выглядае, што нейкай адной, асноўнай прычыны няма — справа ў сукупнасці фактараў.
Але мы ўстрымаемся ад публікацыі некаторых дэталяў: права іх агучыць маюць, напэўна, толькі блізкія.
Апошнія гады жыцця міністра яго суправаджалі як палітычныя, так і асабістыя драмы.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/makiej-6wkcy.jpeg.webp)
Знаёмыя Макея кажуць, што ён балюча перажываў крушэнне таго курсу, які праводзіў. Часта адчуваў сябе непатрэбным, а месцамі і проста недарэчным.
Дастаткова згадаць ягоную заяву напярэдадні вайны пра вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі пасля вучэнняў. Праз некалькі дзён з тэрыторыі Беларусі была пачата самая крывавая ў Еўропе вайна пасля Другой сусветнай.
Макей ведаў і тое, што ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пачалі прыглядацца да кандыдатур на замену яму.
«Яму было апошнім часам адмоўлена ў асабістай увазе, для яго гэта вельмі адчувальна», — кажа яго калега.
«Гэта не азначае, што яго знялі б заўтра. Але ён разумеў, што ранейшае высокае становішча падыходзіць да канца. А ён, пасля сваіх высотаў, ужо нідзе сябе больш не бачыў», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў.
На гэта таксама наклаліся праблемы ў сям'і. Частка іх была публічная, а частка — непублічная.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», у дзень смерці Уладзімір Макей вярнуўся ў свой дом у Драздах адзін. Яго жонка Вера Палякова з малодшым сынам засталіся ў іх іншай кватэры.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», першым нежывога міністра знайшоў старэйшы сын Паляковай, які паехаў у Дразды пасля няўдалых спроб сваякоў звязацца з ім па тэлефоне.
Спробы рэанімаваць міністра ні да чога не прывялі.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» не бачаць прыкмет, што гэта было забойства, замаскаванае пад суіцыд.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/000022_c95793843fccb9f44325890900282bff_535817-jsl74.jpg.webp)
64-гадовы Уладзімір Макей належаў да ліберальнага крыла лукашэнкаўцаў і быў адзіным у вярхушцы, хто час ад часу гаварыў па-беларуску. У савецкі час Макей быў афіцэрам савецкага ГРУ, у незалежнай Беларусі ён пачаў дыпламатычную кар'еру. На пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і пазней міністра замежных спраў Макей прыйшоў праз кабінет асабістага памочніка Аляксандра Лукашэнкі, які заняў у 2000 годзе — гэта было пасля знікнення Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, у пераломным моманце ў характары беларускага рэжыму.
25 лістапада, за дзень да інфармацыі пра смерць, паведамлялася пра сустрэчу Макея з ватыканскім нунцыем Ёзічам.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/screenshot2022-11-26at161747-fr31k.jpg.webp)
Некалькімі днямі раней, 22 лістапада, Уладзімір Макей разам з дзяржсакратаром Рады Бяспекі Вальфовічам лёталі ў Ерэван на вайсковым транспартным самалёце Іл-76МД. У Арменіі чыноўнікі ўзялі ўдзел у сесіі Рады калектыўнай бяспекі АДКБ.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/screenshot2022-11-26at161735-z61f5.jpg.webp)
«Думаю, усе ў гэтай зале выдатна памятаюць яго выступ на Усебеларускім народным сходзе, які ён скончыў словамі: «Люблю Беларусь!» Гэтыя два, здаецца, простыя, але вельмі важныя словы былі сапраўды матывам усяго яго жыцця, — сказаў на развітанні з Уладзімірам Макеем яго сябар і будучы пераемнік Сяргей Алейнік. — Ён унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай дзяржаўнасці, яе станаўленне, умацаванне нашага суверэнітэту, захаванне міру і стабільнасці на нашай беларускай зямлі. Ён быў шчырым і фантастычным, сапраўдным чалавекам».
Але такую ацэнку Макея падзяляюць не ўсе.
«Тое, што яго начальнік [Аляксандр Лукашэнка] такім сфарміраваўся, у многім яго заслуга. Ëн падпяваў і патакаў яго не самым чалавечным інстынктам і матывам паводзін. Гэта важней за наладжванне сувязяў з Захадам ці ўдасканальванне бюракратычнай сістэмы, за якія яму можна аддаць належнае», — сказаў нам адзін з дыпламатаў, які ўжо пакінуў службу.
«Не памятаю, хто гэта сказаў, але калі быць пакараным смерцю, то лепш быць пакараным за вернасць, чым за здраду», — сказаў Уладзімір Макей 1 красавіка 2022 года, калі стала ясна, што план Расіі па захопе Украіны праваліўся.
* * *
Калі маеце даставерную і важную інфармацыю пра тыя ці іншыя падзеі, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ @nn_editor, на [email protected] ці [email protected].
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары