Вагнераўцы ўзводзяць фартыфікацыі на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі. Спадарожнікавы здымак
Свабода атрымала эксклюзіўны спадарожнікавы здымак палігона «Рэпішча» пад Асіповічамі ад 31 ліпеня. Ён месціцца за 15 кіламетраў ад лагера наймітаў «Вагнер» у вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігона ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_08/01000000-0a00-0242-3ed9-08db9325c1f9_w1597_r0_s-uevdo.jpg.webp)
Можна заўважыць узвядзенне шматлікіх фартыфікацыяў, магчыма, зямлянак. Каля іх відаць аб’екты, падобныя да легкавых аўтамабіляў і светла-шэрых мікрааўтобусаў УАЗ (так званых «буханак»), працуюць бульдозеры.
29 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра сумесныя вучэнні на гэтым палігоне 51-й артылерыйскай брыгады разам з «інструктарамі ПВК «Вагнер». Паведамлялі пра выкананне «агнявых задачаў з выкарыстаннем квадракоптараў».
Не так даўно ў адным з тэлеграм-каналаў, звязаным з наймітамі «Вагнера», з'явілася відэа, на якім відаць будаўніцтва ляснога ўмацаванага лагера. Зямлянкі там абсталяваныя невялікімі печкамі, таму лагер можа быць прыдатны для жыцця ў халодную пару года. Вызначыць месца здымак дакладней не ўдалося.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/01000000-0a00-0242-7323-08db9325c1f4_w1023_r0_s-8t2y4.jpg.webp)
На асобных стаянках ёсць будаўнічая тэхніка, а таксама платформы для яе перавозкі. Гэтыя платформы цалкам супадаюць колерамі з тымі, што былі на відэа тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга», якое раней верыфікавала Свабода. Яно знятае на бабруйскай аб’язной трасе, калі калона перасякала раку Бярэзіну. Машыны тады рухаліся да вёскі Цэль, але цалкам верагодна, што маглі да яе не даехаць, а збочыць на дарогу да палігона «Рэпішча».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/01000000-0a00-0242-1054-08db9325c200_w1023_r0_s-wbax2.jpg.webp)
Каментары