Верым у Змушку! Хто тая плыўчыха, якая сёння можа прынесці медаль Беларусі
Плыўчыха Аліна Змушка сёння ў 22:25 змагаецца за алімпійскі медаль — дзяўчына выйшла ў фінал спаборніцтваў па брасе на 100 метрах. Расказваем пра адну з нешматлікіх беларускіх надзей у Парыжы.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_07/f09d90bbf09d92b6f09d9385f09d9385f09d938e20f09d92b7f09d92bef09d9387f09d9389f09d92bdf09d92b9f09d92b6f09d938e20f09d9389f09d919c20f09d9382d0b5-whxxr.jpg.webp)
Аліне 27 гадоў, яна родам з Калінкавічаў. Брас для яе — больш, чым родны стыль: брасам плавала яе маці, ды і сама дзяўчына перайшла на яго яшчэ ў дзяцінстве. Старэйшая сястра Аліны таксама ў свой час пайшла ў плаванне.
«Мой любімы брас лічыцца відам асаблівым. Мы плывучыя як жабы, такія ж слізкія і гнуткія, як яны», — апісвае Аліна свой стыль.
Большасць сваіх медалёў Аліна ўзяла на стамятроўцы брасам — якраз тая дыстанцыя, на якую яна выйдзе сёння ўвечары: Змушка шматразовая чэмпіёнка краіны, бронзавая прызёрка этапаў Кубку свету. Беларуска выступала і на мінулай летняй Алімпіядзе ў Токіа, але не прабілася далей за папярэднія заплывы: на стамятроўцы яна стала 21-й, на 200 метрах — ажно 26-й. А вось цяпер яна прайшла ў алімпійскі фінал, ды яшчэ з асабістым і нацыянальным рэкордамі.
Сёлетнія беларускія алімпійцы праходзілі праверку на нейтральнасць у дачыненні да падтрымкі нападу на Украіну. Аліна яе прайшла, але ж з гэтым не пагадзіліся праваабарончыя арганізацыі Global Rights Compliance. У дзяўчыны знайшлі лайк, пастаўлены пад допісам расійскай актрысы Ганны Хількевіч. У сакавіку 2022-га Хількевіч пісала, што «настае новы час», і гэта «час сілы і новых магчымасцяў», калі «нашаму прэзідэнту [Уладзіміру Пуціну] асабліва патрэбная падтрымка».
Аліна мае дыплом спартыўнага псіхолага: хацелася папрацаваць са сваім псіхалагічным станам, ды заадно вырашыла атрымаць адпаведную адукацыю. Вучыцца давялося на дзённым аддзяленні, бо завочкі на той спецыяльнасці няма. А паралельна Аліна яшчэ і працавала, і адпрацоўвала на сабе псіхалагічныя методыкі.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_07/sauna20time-vjcnq.jpg.webp)
Гэта ўпэўненая ў сябе дзяўчына — вось як яна разважае пра сваю знешнасць:
«У плыўчых цудоўная фігура. Я ў гэтым упэўненая, а як лічаць іншыя, мне нецікава. У мяне прыгожыя ногі, прыгожыя плечы. Так, яны трохі шырэйшыя, чым у іншых дзяўчат, але гэта не праблема. Мае плечы не перашкодзілі мне выбраць ідэальную вясельную сукенку, не перашкаджаюць выбіраць прыгожае адзенне».
У 2023-м Аліна выйшла замуж. Расказвае, што пасля роспісу, з макіяжам і ў прыгожай сукенцы, паехала трэніравацца ў басейн. Атрымалася прадуктыўна — дапамагла эйфарыя ад шчаслівага дня.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_07/382309037_6680682378656353_2162984847869673540_n-gs47f.jpg.webp)
Абраннік Аліны — беларускі плывец Руслан Скамарошка. Хлопец, у адрозненне ад жонкі, не можа пахваліцца высокімі міжнароднымі вынікамі. Мяркуючы па яго інстаграме, некалькі гадоў таму Руслан эксперыментаваў з анлайн-інвестыцыямі, але ў апошні час ён публікуе здымкі на тэму плавання і фоты з Алінай.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_07/d0a1d0b5d0bcd18cd18f202007072023-uw8tf.jpg.webp)
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары