Экс-супрацоўніц Tut.by Лойку, Талкачову і Ткачэнку, якія выехалі з Беларусі, вырашылі судзіць завочна
Зараз весці працэс прызначаная суддзя Алена Шылько, суд над супрацоўніцамі Tut.by будзе завочным, бо абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі, піша БАЖ.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/loyko-tolkachova-tkachenko_0-jrfmo.jpg.webp)
Былых супрацоўніц Tut.by— галоўную рэдактарку палітыка-эканамічнага блока Tut.by Вольгу Лойка, рэдактарку аддзела нерухомасці Алену Талкачову і юрыдычную кансультантку Кацярыну Ткачэнку — абвінавачваюць паводле чатырох «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:
- ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы),
- ч. 2 арт. 243 (у старой рэдакцыі КК — ухіленне ад выплаты падаткаў),
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
Суддзёй па справе з’яўлялася Валянціна Зянькевіч, якая ў 2023 годзе прыгаварыла галоўрэда TUT.by Марыну Золатаву і гендырэктара ТАА «Тут бай Медыя» Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Зараз весці працэс прызначаная суддзя Алена Шылько, суд над супрацоўніцамі Tut.by будзе завочным, бо абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі.
Летам 2024 года, перад меркаваным пачаткам судовага працэсу, Вольга Лойка заявіла «Радыё Свабода», што ў суд у Беларусі, як і для ўдзелу ў працэсе праз скайп, яе не запрашалі.
«Адносна працэсу мне сказаць няма чаго — не ўдзельнічаю, мяне ніхто не інфармаваў і я адваката не брала. Гэта іхны працэс, не буду ім дапамагаць. Унутры краіны засталося шмат людзей, каму патрэбна юрыдычная дапамога, не буду адцягваць на сябе рэсурсы», — сказала Вольга Лойка.
Пра высунутыя абвінавачанні Лойка сказала, што не можа «каментаваць трызненні і абсурд, якія не маюць да яе адносін».
«Да выплаты падаткаў кампаніяй журналіст не мае дачынення, прыхільніцай санкцый я ніколі не была, адпаведна не збіралася да іх заклікаць. Разумею так, што машына рэпрэсій і абсурду проста не можа спыніцца. Але тым відавочней гэта для навакольных людзей. І нават добра, што там няма тармазоў, — хутчэй усё завершыцца», — зазначыла журналістка.
10 красавіка 2023 года Мінскі гарадскі суд аштрафаваў на 500 базавых велічынь кожнага паручыцеля Талкачовай і Лойкі, якія пакінулі Беларусь пасля вызвалення з СІЗА. Паручыцелямі Талкачовай з’яўляліся палітолаг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, Лойкі — старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.
У кастрычніку 2022 года Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Партал TUT.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, вымушана пакінула краіну і ў ліпені 2021-га стварыла праект zerkalo.io. У Беларусі яго кантэнт прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У чэрвені 2023 года Вольга Лойка заснавала ў эміграцыі аўтарскі медыяпраект Plan B, які асвятляе падзеі ў Беларусі.
Каментары