У Літве шырыцца фэйк, што тамтэйшая разведка рыхтуе ваенізаваныя групы беларусаў
Літоўскі Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) папярэджвае пра распаўсюджанне фэйкавага дакумента ў Facebook. У дакуменце сцвярджаецца, што літоўская разведка рыхтуе ваенізаваныя групы беларусаў, паведамляе LRT.
Паводле ДДБ, гэта частка інфармацыйнай кампаніі супраць Літвы, якая звязана з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Апублікаваны ў Facebook фіктыўны дакумент ДДБ пра дзейнасць разведкі, якая быццам бы займаецца падрыхтоўкай ваенізаваных беларускіх фармаванняў, з’яўляецца адкрытай падробкай. Ён не мае ніякага дачынення да рэальнай дзейнасці ДДБ і павінен разглядацца як частка працяглай інфармацыйнай кампаніі супраць Літвы», — гаворыцца ў паведамленні ДДБ, размешчаным у Facebook.
Дэпартамент таксама адзначае, што ў дакуменце шмат арфаграфічных памылак, што сведчыць пра яго несапраўднасць.
У ДДБ падкрэслілі, што ў сувязі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі назіраецца ўзмацненне інфармацыйных атак. У прыведзеных фрагментах фэйкавага дакумента сцвярджаецца, што ДДБ быццам бы прыняў рашэнне аб стварэнні кантраляванага «ваенна-патрыятычнага клуба «Ліцвіны»», апісваюцца характарыстыкі яго ўдзельнікаў і згадваецца «недастатковая падрыхтоўка клуба для развіцця актыўных дзеянняў у адносінах да Беларусі».
ДДБ заклікае грамадзян Літвы і Беларусі крытычна ставіцца да падобнай інфармацыі і правяраць яе сапраўднасць.
Каментары