Улады плануюць на працягу пяці наступных гадоў палепшыць якасць сувязі па ўсёй Беларусі і падрыхтавалі дакументы да ўкаранення 5G. Яны ўжо гатовыя, цяпер трэба дачакацца прыняцця рашэння, заявіў у эфіры СТБ начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектру Мінсувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Корзун.
«Мінсувязі чакае, што рашэнне будзе ў першым квартале гэтага года. Мы ўжо прайшлі вялікі шлях. І сёння ў пастанове Саўміна можна ўбачыць патрабаванні да сеткі LTE», — сказаў чыноўнік.
Паводле яго слоў, у пастанове прапісаныя параметры павелічэння хуткасці перадачы даных. У 2030 годзе яна павінна скласці 70 мегабіт у секунду для абанента ў Мінску, у абласным цэнтры — 60 мегабіт, на астатняй тэрыторыі — каля 30 мегабіт.
«Калі гэта будзе рэалізавана, а гэта будзе рэалізавана, тады цяжкасцяў з сувяззю ў нас не будзе», — запэўніў Дзмітрый Корзун.
Чыноўнік дадаў, што патрабаванні да сетак пятага пакалення сувязі на парадак вышэйшыя.
«Да 2030 года, мы мяркуем, калі ўсё будзе рэалізавана, праблем не будзе, і мы знімем накал, які існуе сёння», — упэўнены прадстаўнік Мінсувязі.
Каментары