Віцебскага ўрача Уладзіміра Мартава затрымалі вечарам 22 лютага на ягоным лецішчы пад Лепелем. Блізкія да сям'і Мартава крыніцы расказалі «Нашай Ніве», як усё здарылася.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_02/012d426cabbef7f995c93014-xso58-q0z3k-50efl.jpg.webp)
Уладзімір Мартаў быў затрыманы на сваім лецішчы: большую частку часу ён праводзіў там адзін, жонка жыла і працавала ў Віцебску.
Падчас затрымання Мартаў таксама быў адзін. Яму дазволілі перадаць ключы ад лецішча суседзям. Яны і паведамілі жонцы пра затрыманне медыка.
Жонка паехала сёння да Уладзіміра ў Лепель у ІЧУ, хацела перадаць яму лекі. Ён гіпертонік, і гэтыя лекі патрэбныя яму пастаянна. Аднак лекі перадаць не дазволілі. «Сказалі, калі раптам вашаму мужу стане кепска, то выклічам хуткую дапамогу», — кажа Алена Мартава.
Вядома, што сёння адбудзецца суд. Доктара Мартава абвінавачваюць у парушэнні артыкула 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). У чым заключалася парушэнне, пакуль інфармацыі няма.
Нагадаем, што былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Уладзімір Мартаў адным з першых беларускіх медыкаў адкрыта распавёў пра кавід, смяротнасць ад яго, іншыя звязаныя з ім праблемы.
У сакавіку 2021 ён публічна паведаміў пра аварыю на кіслароднай станцыі бальніцы, у выніку чаго памерлі некалькі пацыентаў, пра што ні словам не паведамлялі дзяржаўныя СМІ. Праверкі не знайшлі вінаватых. А з самім Мартавым не працягнулі кантракт.
З моманту звальнення ён жыў на лецішчы, працаваў над кнігай, дзе хацеў асэнсаваць і апісаць вопыт барацьбы з каранавірусам.
Блізкія кажуць, што адразу пасля звальнення Мартава клікалі на працу нават у Мінск. Пасля прапановы перасталі паступаць.
Мартаў прынцыпова не хацеў пакідаць Беларусь. Пры гэтым ён працягваў каментаваць сітуацыю з каронавірусам, даваць каментары СМІ. Родныя абмяркоўвалі з Мартавым небяспеку гэтага і магчымасць ад’езду, але ён катэгарычна адмаўляўся з’язджаць.
Каментары