Кончыкі лістоў вашых хатніх кветак жаўцеюць, чарнеюць і адсыхаюць? Што гэта значыць і як з гэтым змагацца? Магчыма, адказ больш просты, чым вам здаецца.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_12/epipremnum_var-638e1.jpg.webp)
Каб як мага даўжэй радавацца здароваму выгляду хатніх раслін, трэба забяспечыць ім правільныя ўмовы. Натуральным асяроддзем для большасці відаў, якія цяпер вырошчваюць у вазонах, з’яўляюцца тропікі. Гэта клімат, дзе шмат цяпла і высокая вільготнасць, расказвае onet.pl.
Але і ў нашых кватэрах такім раслінам, як манстэра, спаціфлора і да іх падобным, можа быць камфортна, і дабіцца гэтага няцяжка. Проста звяртайце ўвагу на выпадкі, калі кончыкі лістоў на раслінах робяцца карычневымі і сухімі.
Аптымальная вільготнасць для памяшканняў складае ад 40 да 60% пры тэмпературы 20-22 градусы Цэльсія. Занадта сухое паветра можа выклікаць адчуванне сухасці слізістых абалонак, кашаль і галаўны боль. Не толькі чалавеку, але і пераважнай большасці раслін (нават сукулентам) патрэбная вільготнасць не ніжэйшая за 40%. Асабліва не любяць сухое паветра наступныя віды: спаціфлора, травяністыя расліны, фітонія, пілея і алаказія. Калі гэтым і іншым раслінам не хапае вільготнасці ў паветры, гэта праяўляецца на іх наступным чынам:
- кончыкі лістоў бурэюць і сохнуць;
- лісты пачынаюць скручвацца і зморшчвацца;
- расліна пачынае скідваць лісты;
- на лістах з’яўляюцца дробныя кляшчы — павуцінныя (выглядаюць як белы налёт).
Усё гэта значыць, што расліна апынулася ва ўмовах, што ёй не падыходзяць, і спрабуе прадухіліць страту вады.
Найлепшы спосаб абараніць свае кветкі ад высыхання — набыць увільгатняльнік паветра. На рынку цяпер вельмі шмат такіх дэвайсаў, таму вы зможаце падабраць увільгатняльнік пад патрэбы раслін у канкрэтным памяшканні і пад даступны бюджэт, бо найтаннейшыя з іх можна набыць усяго за 20-30 рублёў.
Яшчэ адзін эфектыўны спосаб — апырскванне лісця вадой (пажадана, каб яна была мяккая). Шмат якім раслінам падабаецца апырскванне, але не ўсім, таму перад тым, як рабіць кветкам гэтую працэдуру, лепш праверце ў інтэрнэце, як яе ўспрымаюць канкрэтныя віды раслін.
Каментары