«Страціўшы высокае становішча, ён захаваў сумленне, павагу і месца ў гісторыі». За што мы шануем уладыку Арцемія
Гісторык Аляксандр Пашкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаўся пра гістарычную ролю былога гродзенскага архіепіскапа Арцемія, вестка пра смерць якога прыйшла сёння.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_04/343126751_244285111445013_9066148527671442459_n-6ow4b.jpg.webp)
Уладыка Арцемій у 2020 годзе на практыцы паспрабаваў увасобіць ідэальны вобраз той Царквы, якой яна, на думку, я мяркую, вельмі многіх, павінна быць.
Найбольш каштоўным і ўражвальным гэта было ў тым ліку і таму, што акурат ад іерархаў той Царквы, да якой належаў ён, такога мала хто чакаў — згодніцкая пазіцыя іншых епіскапаў выглядала куды больш прадказальнай, чаканай і нават у пэўным сэнсе натуральнай.
Калегі Арцемія зрабілі тады і робяць усё ад іх залежнае цяпер, каб давесці, што ўвасоблены ім вобраз Царквы — памылковы і шкодны, што насамрэч яна зусім не такая. І старанні іх небеспаспяховыя, трэба сказаць. Але архіепіскапа Арцемія гэта ўжо не тычыцца.
Ён у пераломны час зрабіў свой свядомы асабісты выбар і, самае галоўнае, — ад яго не адступіўся ды годна датрымаў да канца. Страціўшы высокае становішча, захаваў сумленне, павагу да сябе з боку нават зусім не рэлігійнай часткі грамадства і, што таксама немалаважна, месца ў гісторыі.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_04/172624695_3973386622722038_4236367878757313746_n-5ett4.jpg.webp)
Думаю, для яго асабіста апошняе таксама было вельмі важным. З нешматлікіх інтэрв'ю, дадзеных ужо пасля адхілення, гэта добра відаць.
Ды ён нават і прамым тэкстам казаў: «Не важны пачатак, важны канец. Госпадзе, як хочацца памерці, каб не было сорамна, што я святар!»
І яму гэта несумненна ўдалося. Вечная памяць!
Каментары