Сёння з'явілася інфармацыя, што беларуса Валянціна Цішко вывезлі з Львова на мяжу з Польшчай.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_05/ishko-k73rq.jpg.webp)
Ён падаўся ва Украіне на статус уцекача больш як паўгода таму, піша «Белсат», але статуса ўцекача не атрымаў.
Сёння стала вядома, што Цішко вывезлі з Львова на мяжу з Польшчай.
Жыхар Маладзечна Валянцін Цішко працаваў журналістам, быў палітычным актывістам і актывістам ЛГБТ-руху, а таксама атрымаў духоўны сан у Грэцкай аўтакефальнай праваслаўнай царкве Амерыкі і Канады — малалікай некананічнай царкве.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_05/cishko2-60cny.jpg.webp)
У 2019 годзе ён балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і прэзентаваў сябе як першы адкрыты ЛГБТ-кандыдат. У адрозненне ад большасці апазіцыйных прэтэндэнтаў, Цішко тады зарэгістравалі ў якасці кандыдата.
Ва Украіне Цішко жыў з 2021 года.
«Я знаходжуся на самым захадзе Украіны — гэта горад Львоў, — расказваў ён радыё «Рацыя» 18 дзён таму. — На маё шчасце, я ў глыбокім тыле. Тут я ўжо два гады. У прынцыпе на сёння ўсё выглядае больш-менш цудоўна і нармальна. Цішыня, нас болей не бамбяць. Народ прывык ужо да паветраных трывог, да паліцыі ў горадзе, да вайскоўцаў. Таму зараз усё нармальна».
Украіна стала неахвотна даваць статус уцекача і дазволы на жыхарства грамадзянам Беларусі, пасля таго як наша краіна была выкарыстаная расійскімі войскамі для нападу на суседнюю дзяржаву.
Каментары