«Мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах». Каліновец Дзяніс Урбановіч коратка расказаў пра бой у Бахмуце
У баях за Бахмут зноў атрымаў раненне старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, які другі год ваюе ў складзе палка Каліноўскага супраць расійскіх агрэсараў ва Украіне.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_05/01000000-c0a8-0242-04b1-08db20de30e3_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s-2j2p2.jpg.webp)
Пра раненне Урбановіча стала вядома 18 мая. 19 мая Дзяніс з дапамогай некалькіх допісаў праз тэлефон паразмаўляў са «Свабодай», ад працяглай гутаркі адмовіўся па стане здароўя.
«У мяне кантузія вачэй, чэрапна-мазгавая траўма і пашкоджанне калена. Цяпер у шпіталі. Але псіхалагічна мне цяжка — мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах, а я нічога не мог зрабіць. Быў моцны бой», — напісаў Дзяніс Урбановіч.
Пра баі ў Бахмуце даходзіць супярэчлівая інфармацыя. Паводле звестак украінскіх афіцыйных крыніц, вайскоўцы УСУ прасунуліся наперад на поўначы і поўдні ад горада, а расійскія войскі нясуць вялікія страты.
Расійскія крыніцы заяўляюць, што рэгулярныя часці арміі РФ і падраздзяленні ПВК «Вагнер» працягваюць наступ з мэтай завалодаць усім горадам.
У пачатку мая Дзяніс Урбановіч расказваў, што баі за Бахмут не сціхаюць; да расійскай артылерыі, якая працягвае знішчаць горад, далучылася і авіяцыя, абодва бакі нясуць страты, але «страты расіян значна большыя».
Каментары