Чаму ў Пецярбургу масава гараць новыя аўтобусы МАЗ? Наступствы санкцый
Толькі цягам ліпеня ў Санкт-Пецярбургу згарэлі два аўтобусы МАЗ. Усяго, паводле адкрытых звестак і публікацый у медыя, у 2022 годзе ў горадзе было зафіксавана не менш за восем падобных выпадкаў, за 2023 год — ужо дзевяць. Большасць згарэлых аўтобусаў беларускай вытворчасці. «Наша Ніва» высветліла, што стала праблемай.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_08/dsc04695-t6a2a.jpg.webp)
Аўтобусы з агеньчыкам
У межах транспартнай рэформы Санкт-Пецярбурга горад замовіў каля тысячы аўтобусаў беларускай вытворчасці. Большасць склала мадэль МАЗ-206. Таксама пастаўлялі МАЗ-203 розных мадыфікацый, але ў значна меншых аб'ёмах, чым МАЗ-206. Першыя партыі новых МАЗаў у аўтапаркі Санкт-Пецярбурга прывезлі вясной 2022 года.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/-xsein.jpeg.webp)
Тады ва ўрачыстай перадачы аўтобусаў удзельнічалі губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў, прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і міністр прамысловасці Пятро Пархомчык.
Неўзабаве пасля выхаду аўтобусаў на маршруты пачалі з'яўляцца навіны пра іх узгаранні.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/-rfd49.jpeg.webp)
Як высветліла «Наша Ніва», апроч агульнавядомых выпадкаў, калі аўтобусы цалкам ці амаль цалкам выгаралі, хапала і дробных інцыдэнтаў, калі карэктна спрацоўвала сістэма пажаратушэння маторнага адсека, і праз гэта аўтобус не выгараў, хоць і адбывалася задымленне салона.
Чаму гараць новыя аўтобусы?
Асноўная праблемная дэталь, з-за якой адбываецца ўзгаранне аўтобусаў, — гэта гідрапрывад вентылятара. Аб праблеме добра ведаюць як у піцерскіх аўтапарках, гэтак і на заводзе ў Мінску.
На праблемы з гідрапрывадам скардзіліся яшчэ мінулым летам. Але вырашыць яе, як бачым, не змаглі, бо аўтобусы працягваюць гарэць.
«Спецыялісты МАЗа не выключаюць імавернасці таго, што ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэнняў лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый», —
казаў яшчэ ў чэрвені 2022 года віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Кірыл Палякоў. Прайшоў год, але аўтобусы ўсё адно гараць.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/maz00jpeg-bwg2c.jpg.webp)
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», апошні раз брыгада з мінскага завода сумесна з прадстаўнікамі МАЗа ў Расіі прыязджала ў Санкт-Пецярбург у сярэдзіне ліпеня. Яны праводзілі дадатковы агляд аўтобусаў, выконвалі замену ўшчыльняльных кольцаў ля штуцара і зноў праводзілі канкрэтныя праверкі мадэлі МАЗ-203. Заводскія брыгады выконвалі працы на пляцоўках аўтапаркаў.
Кажуць, што падобныя практыкі выяўлення недахопаў актывізавалі яшчэ летась, калі ў Пецярбургу толькі пачалі масава загарацца аўтобусы.
У 206-й мадэлі такой канструкцыі няма, таму і ўзгаранні такіх аўтобусаў — рэдкасць. Але, як стала вядома «Нашай Ніве», сама меней адзін 206-ы МАЗ у Санкт-Пецярбургу таксама загараўся. Прычынай было кароткае замыканне ў электраправодцы.
«Ва ўсіх астатніх выпадках узгаранні адбываюцца ў 203-й мадэлі. Усё праз гідрапрывад. З яго пачынае цячы аліва, якая трапляе на моцна нагрэтыя часткі рухавіка, ад чаго і здараецца ўзгаранне, — расказаў «Нашай Ніве» знаёмы з сітуацыяй чалавек.
— Усе аўтобусы з адной пастаўкі. То-бок гэта ўсё транспарт 2022 года выпуску».
Гэтыя аўтобусы з гонарам называлі «антысанкцыйнымі».
«Прадстаўнікі завода яе [мадэль] прэзентавалі як «антысанкцыйную»: у машыне адсутнічаюць камплектуючыя з заходніх краін», — гаварылася ў артыкуле, апублікаваным на сайце transportspb.com.
Рэч у тым, што да 2021 года Мінскі аўтамабільны завод супрацоўнічаў з Mercedes, рухавікі якога ставіў на айчынныя аўтобусы.
На замену нямецкім рухавікам ад Mercedes прыйшлі рухавікі кітайскай фірмы Weichai, лакалізаваныя ў Беларусі. Замест амерыканскай аўтаматычнай каробкі перадач фірмы Allison на МАЗе пачалі ставіць кітайскую FastGear, а партальны мост нямецкай ZF быў заменены на кітайскі Hande. Астатнія дэталі вырабляюцца беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі.
Адзначым, што, апроч беларускіх МАЗаў, у Піцеры адбываліся ўзгаранні расійскіх Volgabus. У іх з нашымі МАЗамі ёсць як мінімум адзін аднолькавы вузел — кітайскі рухавік. Наколькі вядома «Нашай Ніве», прычыны ўзгарання тыя самыя, што і ў МАЗаў.
Пасля чарговага інцыдэнту ў Санкт-Пецярбургу з 2 жніўня прыпынілі эксплуатацыю беларускіх аўтобусаў МАЗ. Пасля чаго МАЗ пракаментаваў зняцце сваіх аўтобусаў з рэйсаў у Санкт-Пецярбургу і адзначыў, што працуе над заўвагамі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГрузія забараняе, а Літва ўзмацняе кантроль. Набыць машыну са Штатаў стане яшчэ складаней
Машына як віно. Чаму ў Беларусі растуць цэны на аўтамабілі родам з нулявых
Ці згнілі Geely? Колькі каштуюць і як выглядаюць патрыманыя беларуска-кітайскія аўто
Каментары
Только ябатькам можно