Паглядзіце, якія прыгожыя маркі выпусціла да 100-годдзя Васіля Быкава Рада БНР ФОТАФАКТ
Пасля 70-гадовага перапынку.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_06/radanar1_240606-qrk6d.jpg.webp)
«Маю прыемнасць паведаміць шаноўнаму спадарству, што Рада БНР пасля 70-гадовага перапынку аднавіла традыцыю выпуску паштовых марак, і першая прысвечана Васілю Быкаву. Як вядома, Рада БНР прапанавала абвясціць 2024-ты годам Быкава, 100-годдзе якога беларусы адзначаць праз некалькі дзён (19 чэрвеня)», — напісаў у сваім фэйсбуку намеснік старшыні Рады БНР, журналіст Сяргей Навумчык.
Дызайн маркі зрабіў беларускі мастак, па сюжэце цяпер ужо класічнага фотаздымка Уладзіміра Кармілкіна.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/radabnr2_240606-bih4e.jpg.webp)
«Для выпуску мы скарысталіся паслугамі Чэшскай пошты, якая друкуе счэпкі разам з дзейнымі знакамі паштовай аплаты Чэшскай Рэспублікі. Зробленыя два лісты ў розных міжнародных літарных наміналах — як для ўнутраных, гэтак і міжнародных адпраўленняў», — расказаў спадар Навумчык.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/radabnr5_240606-8nh5z.jpg.webp)
«Акрамя таго, абмежаваным накладам выпушчаныя два лісты з павялічанай выявай маркі з партрэтам Быкава і з сюжэтам вядомай паштоўкі з «Пагоняй» і выявамі беларускіх гарадоў. Між іншым, нам удалося скарыстаць марку Чэшскай пошты з літарай В (пры жаданні, можна чытаць як «Васіль», а можна — як «Bykau»), дзе ёсць выява бел-чырвона-белага сымбалю.
Падобныя выданні ў счэпках з дзейнымі знакамі паштовай аплаты зʼяўляюцца прадметам філатэліі, і мы пастараемся, каб хаця б невялікая колькасць «быкаўскіх» марак патрапіла на тэрыторыю Беларусі.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/radabnr4_240606-6hd3f.jpg.webp)
Спадзяемся, што ў вольнай Беларусі выява гэтай маркі зʼявіцца, напрыклад, на блоку пошты будучай вольнай Беларусі», — дадаў ён.
Сяргей Навумчык зазначае, што апошнім разам Рада БНР выдавала маркі ў пачатку 1950-х гадоў у Францыі. Тады з ініцыятывы Прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка выпушчаныя дзве серыі марак. Аўтар серыі з выявамі прэзідэнтаў БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама Дома Рады БНР, да гэтага часу застаецца невядомым. Серыя з Пагоняй і мапай Беларусі друкавалася паводле эскізаў Уладзіміра Шыманца — бацькі Івонкі Сурвілы.
Каментары