Горад Дзісна Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ўтварыўся ў неймаверна прыгожых мясцінах, на месцы сутоку рэк Дзісна і Дзвіна. Некалі тут быў адзін з фарпостаў Полацкага княства ды віравала жыццё. Сёння ж на вуліцах Дзісны вельмі ціха. Але тут захавалася шмат маўклівых сведак мінуўшчыны, якія варта пабачыць кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй краю, піша Budzma.org.
![U Dziśnie](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_11/c0cjmymaqr4qk3sfaqqddqvzog1bhqcd-vhmfj.jpg.webp)
Дзісна на сёння з’яўляецца самым маленькім горадам Беларусі па колькасці насельніцтва. Паводле апошняга перапісу, у горадзе пражывае ўсяго 1417 жыхароў. Але, нягледзячы на маланаселенасць, ён уражвае колькасцю помнікаў, што сведчаць пра слаўнае мінулае гэтых мясцін.
Budzma.org. склала спіс, у якім ажно 8 атракцый, дзеля якіх, безумоўна, варта з’ездзіць у Дзісну.
![Dzisna da 1939 h.](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/1tj3v4ehzvvm6gbc4hha34hcqsmf87vp-m1pv8.jpg.webp)
1. Прагуляцца па замкавых валах на выспе
Паводле археалагічных даследаванняў, правыя берагі ракі Дзісна былі густа заселены яшчэ ў Х-XI стагоддзях. Даследчыкі мяркуюць, што мясцовае паселішча мела значную ролю ў Полацкім княстве. Цягам часу полацкія крывічы заснавалі на выспе ля сутоку Дзісны і Дзвіны замак, які ўпершыню ў пісьмовых крыніцах сустракаецца пад назвай Капец-гарадок у 1374 годзе. Магутныя валы колішняй фартэцыі можна пабачыць на выспе і сёння. Замак выконваў ролю аднаго з асноўных полацкіх фарпостаў на Дзвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы полацкай зямлі.
![Zamčyšča na vyśpie. Fota: @ozeraireki](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/i8wnwpvek3akd1w64f0t25tnhff8f67h-b5hob.jpg.webp)
У другой палове XVI стагоддзя пад аховай Дзісенскага замка паўстаў горад, які цяпер месціцца на супрацьлеглым беразе. Двор Дзісна ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад сучаснай назвай у 1461 годзе. Гэтую дату і прынята лічыць датай заснавання Дзісны.
![Reštki zamkavych vałoŭ na vyśpie. Fota: @ozeraireki](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/q5yz45pt1utppccvi0qeq3gs1d4acew4-ixg7h.jpg.webp)
У Лівонскую вайну замкавая выспа была месцам збору вялікакняскіх войскаў перад вызваленчым паходам на Полацк Стэфана Баторыя. Дзісенскі замак займаў плошчу 5 гектараў, быў абкружаны высокімі землянымі валамі. Ён меў 9 вежаў і тры брамы з боку Дзвіны і Дзісны. Ніжэй быў умацаваны Ніжні замак, куды падчас Паўночнай вайны з 1655 па 1660 перасяліліся жыхары захопленай Дзісны. Замак быў цалкам зруйнаваны на пачатку XVIII стагоддзя і больш не аднаўляўся.
![Vyhlad zamkavaj vyspy z haradskoha parku Dzisny](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/idrxn0pczxaben1ajyk1wvrj32fhl9sl-smhbp.jpg.webp)
2. Наведаць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Гісторыя каталіцкага храма, які захаваўся да нашых дзён у Дзісне з канца XVIII стагоддзя пачалася пасля паспяховага вызваленчага паходу на Полацк Стэфана Баторыя. У 1583 годзе ён запрасіў у горад ордэн езуітаў. Пазней, у 1630 годзе мясцовы землеўладальнік Кшыштаф Малькевіч-Хялкоўскі надзяліў зямлёй у Дзісне і айцоў-францішканаў. Пад іх патрэбы былі ўзведзены касцёл і кляштар, якія да сёння не захаваліся. Але ацалеў мураваны храм у стылі барока, збудаваны на месцы ранейшага. Сёння ён мае тытул Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
![Kaścioł u Dziśnie, 1915 h.](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/hor4z3qwhc0dimyj2zjyxflh65fiaba0-8vhtx.jpg.webp)
![Dzisienski kaścioł](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/yrubzl43osxmq3hgyza5ex98srxsfcxe-i34zd.jpg.webp)
Будынак быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны і паступова разбураўся. У 1958 годзе савецкімі ўладамі была зроблена спроба зусім знішчыць храм. Аднак выбух зруйнаваў толькі галоўны фасад. Цяпер касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў стане працяглай рэстаўрацыі.
У 2003 годзе была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца. Яна і дагэтуль з’яўляецца месцам малітвы.
![Dzisienski kaścioł unutry](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/r8iddq5s2uti9j7o70ke6sj46qig8v28-yooab.jpg.webp)
3. Убачыць Свята-Уваскрасенскую царкву і цудадзейны абраз Маці Божай «Адзігітрыі»
Першая праваслаўная царква ў Дзісне, Уваскрасенская, вядомая з 1568 года, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Храм, адноўлены пасля пажару ў 1730-я гады, канчаткова быў страчаны падчас пажару 1882 года. Але не ўсе скарбы Уваскрасенскай царквы загінулі: унікальны абраз XVII стагоддзя «Сашэсце ў пекла» — шэдэўр беларускага іканапісу — можна пабачыць сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі.
![Kolišni Uvaskrasienski klaštar i abraz «Sašeście ŭ piekła»](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/yak45s7fynfgdv58gabe14x7brfkac9g-d5erl.jpg.webp)
Адна з ацалелых да нашых дзён у Дзісне цэркваў таксама мае тытул Уваскрасенскай, збудаваная па тыповым праекце ў рэтраспектыўна-рускім стылі пасля Студзеньскага паўстання ў 1864 годзе. Тут сёння захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай «Адзігітрыі» — копія XVIII стагоддзя больш старажытнага абраза Смаленскай іконы Божай Маці. Царква за савецкім часам не дзейнічала, таму «Дзісенская Адзігітрыя» была перанесена ў іншы храм. Да вернікаў бажніца вярнулася ў 1989 годзе.
![Abraz](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/7dku6w0nww38toenol9cuxw9wvq4gmcf-jm89q.jpg.webp)
4. Наведаць царкву Маці Божай Адзігітрыі
Праваслаўны храм Маці Божай Адзігітрыі ў Дзісне, збудаваны ў 1904 годзе ў якасці капліцы, таксама захаваўся да нашых дзён. Побач з царквой можна пабачыць званіцу пачатку XX стагоддзя пабудовы. Бажніца не была зачынена за савецкім часам, і, каб змясціць усіх вернікаў, яе давялося пашырыць за кошт невялікай прыбудовы з белай цэглы ў другой палове мінулага стагоддзя.
За савецкім часам цудадзейны абраз «Дзісенскай Адзігітрыі» захоўваўся менавіта ў гэтай капліцы. Ва Уваскрасенскім храме на той час месцілася сховішча. У 1980-я царкву абрабавалі, разам з іншымі каштоўнымі рэліквіямі зніклі і старадаўнія срэбныя абклады з цудадзейнага абраза. Пазней яны знайшліся ў Санкт-Пецярбургу ў выглядзе лому.
5. Прайсці па адным з самых старых мастоў у Беларусі
Дзісну варта наведаць і дзеля таго, каб пабачыць мост праз раку Дзісна. Гэта адзін з самых старых з усіх захаваных мастоў у Беларусі: быў узведзены напрыканцы XIX стагоддзя. Унікальны арачны мост з драўляным пакрыццём трымаецца на металічнай і каменнай аснове. У наш час мост з’яўляецца аўтамабільным, яго істотна адрамантавалі, паверх быў пакладзены асфальт.
![Most praz Dzisnu da restaŭracyi: @elgatomarinero7](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/u7euio0hud9rxkd6ea6yglfpy6h1wv6u-yimmy.jpg.webp)
6. Здзейсніць рачную прагулку на пароме
Яшчэ адной асаблівасцю Дзісны з’яўляецца дзейная паромная пераправа праз Дзвіну. У Беларусі засталося няшмат месцаў, дзе можна скарыстацца паромам, таму абавязкова варта завітаць у Дзісну ды не абмінуць увагай і гэтую цікавую атракцыю. З раскладам парома можна азнаёміцца тут.
![Raskład ruchu paroma. Fota: ostrovets.by](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/uz351f1jh8ied20a60l3j2tdvnwc22ml-iufx7.jpg.webp)
![Parom na Dźvinie](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/arp57rpqpfh5dkvlzjc0f09qf5rn5iee-z97sc.jpg.webp)
7. Убачыць руіны лякарні пачатку XX стагоддзя і зрабіць прыгожую фотасесію
У Дзісне захавалася вялікая колькасць будынкаў XIX — пачатку XX стагоддзя. Асноўнай пярлінай сярод іх з’яўляюцца руіны лякарні, узведзенай на пачатку XX стагоддзя з чырвонай цэглы на высокім беразе Дзвіны, якія абавязкова варта пабачыць. Тут выдатнае месца для фотасесій, адкуль адкрываюцца маляўнічыя краявіды на наваколле. Адсюль можна паназіраць, як курсуе паміж Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнамі згаданы вышэй паром.
![Брукаванка ў Дзісне. Фота: @elgatomarinero7](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/qksksom2p3pepsczld6ab36qjchqi1ux-xajzr.jpg.webp)
8. Прагуляцца вуліцамі Дзісны і ўявіць, як выглядала тыповае мястэчка пачатку мінулага стагоддзя
На вуліцах Дзісны можна ўявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Тут захавалася шмат будынкаў, узведзеных у той перыяд. Напрыклад, побач з аўтастанцыяй знаходзіцца колішняе павятовае аддзяленне апякунства цвярозасці. На першым паверсе тут у 1911 годзе выступала першая беларуская прафесійная тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. Будынак узведзены напрыканцы XIX стагоддзя і сёння добра адрамантаваны.
![Budynak kolišniaha paviatovaha adździaleńnia apiakunstva ćviarozaści](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/rlcdra080murptm3q1fnfe0trjmbmlwh-22w4j.jpg.webp)
Таксама варта звярнуць увагу на пажарнае дэпо, якое і сёння функцыянуе па першапачатковым прызначэнні.
![Пажарнае дэпо](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/ir15cb21miq5dg672pvyl1g54b6wgjry-8tifx.jpg.webp)
![Na vulicach Dzisny](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/ai3eo5t0lnuxuj6dpow3o6qeva6v0lb2-i1bil.jpg.webp)
![Murał u Dziśnie](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/xj7m9zkmf063nqh48dwbmwk4d590wv55-j987u.jpg.webp)
Каментары