Людзі з сіндромам дэфіцыту ўвагі ў сярэднім жывуць менш — даследаванне
Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ) можа значна скарачаць жыццё як мужчын, так і жанчын, высветлілася ў новым буйным даследаванні з удзелам больш чым 30 тысяч дарослых у Вялікабрытаніі. Фактары і прычыны такой тэндэнцыі навукоўцы асвятлілі ў Брытанскім часопісе псіхіятрыі.
Людзі, у якіх дыягнаставаны сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ), у сярэднім жывуць менш за сваіх аднагодкаў без дыягназу. Такія вынікі былі атрыманыя ў выніку новага маштабнага даследавання, у якім узялі ўдзел больш за 30 тысяч дарослых са СДУГ у Вялікабрытаніі, паведамляе выданне Gizmodo са спасылкай на афіцыйны Брытанскі часопіс псіхіятрыі.
Паводле даследавання, мужчыны са СДУГ у сярэднім жывуць на 4,5 — 9 гадоў менш, чым тыя, у каго падобнага дыягназу няма. У жанчын розніца яшчэ больш адчувальная: яны страчваюць у сярэднім 6,5 — 11 гадоў у параўнанні з аднагодкамі без СДУГ.
Каб прыйсці да такіх высноў, навукоўцы вывучылі звесткі з першаснай медыцынскай дакументацыі 30 029 пацыентаў са СДУГ, а затым параўналі іх з данымі 300 тысяч чалавек без такога дыягназу. Пры параўнальным аналізе ўлічвалі пол, узрост і асаблівасці атрымання медыцынскай дапамогі.
Гэты аналіз брытанскіх навукоўцаў сугучны з папярэднімі працамі іншых заходніх даследчыкаў, аднак ён стаў першай працай, у якой выкарыстоўваўся спецыяльны метад вывучэння даных па смяротнасці, які дазваляе больш дакладна ацэньваць верагоднасць выжывання і рызыкі смерці ў розных узроставых групах, перадае Gizmodo.
«Нягледзячы на тое, што многія людзі з такім дыягназам могуць весці доўгае і здаровае жыццё, мы выявілі выразныя прабелы ў тым, наколькі задавальняюцца іх уласныя патрэбы.
Людзі са СДУГ часцей сутыкаюцца з трывожнымі і дэпрэсіўнымі станамі, нярэдка перажываюць суіцыдальныя думкі, здзяйсняюць самапашкоджанні і маюць расстройствы асобы. Акрамя таго, у гэтай групе часцей адзначаецца курэнне і павышанае спажыванне алкаголю, а таксама пашыраныя хранічныя захворванні, такія як цукровы дыябет і павышаны ўзровень халестэрыну.
Частка гэтых фактараў можа растлумачыць, чаму СДУГ статыстычна звязаны са зменшанай працягласцю жыцця. Таксама варта не забываць і пра генетычную схільнасць, а таксама пра экалагічныя ўмовы, якія ўплываюць на здароўе такіх людзей яшчэ да нараджэння», — пішуць брытанскія навукоўцы ў сваім новым даследаванні.
Пры гэтым аўтары прызнаюць, што не ўсе фактары былі ўлічаныя. Напрыклад, сацыяльна-эканамічны статус рэспандэнтаў, які таксама можа адбівацца на паказчыках працягласці жыцця, не браўся пад увагу. Акрамя таго, навукоўцы адзначаюць, што прычыны меншай працягласці жыцця ў людзей са СДУГ патрабуюць дадатковага вывучэння.
Тым не менш, даследчыкі лічаць, што значную частку заўчаснай смяротнасці ў людзей са СДУГ можна прадухіліць, калі своечасова дыягнаставаць і карэктаваць ідучыя паралельна з дыягназам фізічныя і псіхічныя расстройствы.
«Многія людзі са СДУГ валодаюць выразнымі моцнымі бакамі, якія дазваляюць ім дамагацца поспеху, калі яны атрымліваюць патрэбнае і своечасовае лячэнне ды падтрымку», — лічаць аўтары даследавання.
Вялікую ролю ў гэтым пытанні, паводле навукоўцаў, павінны адыгрываць розныя медыцынскія спецыялісты, якія рэгулярна збіраюць і аналізуюць інфармацыю пра стан здароўя, псіхалагічны дабрабыт і лад жыцця такіх пацыентаў. Такі маніторынг дапамагае хутчэй выяўляць праблемы і не зацягваць з лячэннем.
Каб павысіць якасць і працягласць жыцця людзям са СДУГ, эксперты рэкамендуюць прытрымлівацца агульнапрынятых прынцыпаў здаровага ладу жыцця: звяртаць увагу на фізічную актыўнасць, захоўваць рэжым сну і харчавання, а таксама сачыць за гігіенай. Акрамя таго, псіхіятры і псіхолагі могуць прапанаваць стратэгіі, якія дазваляюць лепш спраўляцца з характэрнымі сімптомамі СДУГ і паляпшаць агульнае самаадчуванне.
СДУГ адносяць да нейраразвіццёвых расстройстваў, якія звычайна выяўляюцца ў дзяцінстве, хоць нярэдка яно захоўваецца і ў дарослым узросце. Пры гэтым назіраецца парушэнне балансу шэрагу нейрамедыятараў (напрыклад, дафаміну), а таксама праблемы з утрыманнем увагі, гіперфокусам, планаваннем, арганізацыяй і тайм-менеджментам. Такія сімптомы могуць закранаць практычна ўсе бакі жыцця, уключаючы фізічнае і псіхічнае здароўе.
«За год згубіла больш за 10 тэрмакубкаў». Дзве беларускі — пра жыццё з сіндромам дэфіцыту ўвагі, які прынята абясцэньваць
Пакаленне «ні-ні»: хто яны такія і наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя?
«Важна не тое, чаго мы чакаем ад жыцця, а тое, чаго жыццё чакае ад нас». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як жыць і не ламацца
Каментары