Што за «Сігма бой»? Гэтай віруснай песняй занепакоіліся ў Еўрапарламенце
Песня, якую выконваюць дзве расійскія школьніцы, запаланіла інтэрнэт. А пра каго ў ёй спяваецца?
![Сігма бой Сигма бой sigma male](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/imgonline-com-ua-resize-ry5c0axhsxk0v-xej26.jpg.webp)
Расійская песня «Сігма бой» выйшла ў кастрычніку мінулага года і ўжо праз месяц дзякуючы тыктоку стала вядомая ва ўсім свеце.
Песню выконваюць дзве расійскія блогеркі — 11-гадовая Святлана Чарцішчава, вядомая як Betsy, і 12-гадовая Марыя Янкоўская, якая таксама з'яўляецца вядоўцай расійскага дзіцячага тэлеканала CTC Kids.
Аўтарамі гэтай віруснай песні сталі расійскі рок-спявак МУККА, а таксама бацька Betsy — расійскі кампазітар і музычны прадзюсар Міхаіл Чарцішчаў, які напісаў музыку і песні да шэрагу папулярных расійскіх анімацыйных фільмаў для дзяцей.
У новай песні дзяўчаты спяваюць пра нейкага сігма боя, які кружыць галовы ўсім навокал, але дабіцца яго ўвагі амаль немагчыма.
Тэрмін «сігма» як характарыстыка мужчын не выдумка аўтараў песні. Гэтым паняццем пісьменнік Тэадор Біл дапоўніў наяўную іерархію «сацыяльных архетыпаў».
Сёння «сігма бой» (анг. — sigma male) папулярны тэрмін у інтэрнэт-культуры, асабліва на форумах і ў сацыяльных сетках. Так называюць мужчыну, які нібыта аддае перавагу быць незалежным ад сацыяльных структур і чаканняў.
Ён не імкнецца да лідарства, як «альфа», і не падпарадкоўваецца, як «бэта», а дзейнічае самастойна, па-за традыцыйнай сацыяльнай іерархіяй. Яму прыпісваюць такія рысы, як самадастатковасць, інтравертнасць, нестандартны падыход. Ён прываблівае сваёй упэўненасцю і незалежнасцю.
Яскравымі прыкладамі мужчын тыпу «сігма» называюць такіх персанажаў, як Патрык Бейтман у фільме «Амерыканскі псіхапат» у выкананні Крысціяна Бэйла ці Тайлер Дзёрдэн з «Байцоўскага клуба» ў выкананні Брэда Піта. Сярод літаратурных герояў мінулага гэта Грыгорый Пячорын і Шэрлак Холмс.
У сучасным грамадстве сігма бой стаў сімвалам новай філасофіі, якая заклікае быць сабою, а не імкнуцца за натоўпам.
На сёння песня «Сігма бой» у выкананні расійскіх дзяўчынак на YouTube набрала звыш 60 мільёнаў праглядаў, патрапіла ў чарты Spotify, Shazam, iTunes. У сярэдзіне студзеня яна ўвайшла ў топ-10 чарта Billboard у катэгорыі Hot Dance / Pop Songs (танцавальныя / поп-песні). Сярод яе суседзяў — трэкі Білі Айліш, Арыяны Грандэ, Charli XCX і іншых сусветных зорак.
Прыпеў песні стаў гукам для ролікаў у тыктоку і інстаграме, пад трэк сталі танцаваць вядомыя інфлюенсеры. Песню сталі перайначваць і выкарыстоўваць у гумарыстычных роліках.
А блогер Сухараўскі Сёгун — японец, які прыязджаў пажыць у Мінску і вучыў беларускую, — расказваў пра сігмарускую мову. Складана зразумець да канца яго канцэпцыю, але ў гэтай мове дадаюць бонусы за выкарыстанне беларускіх слоў.
У той жа час песня выклікала негатыўную рэакцыю некаторых еўрапейскіх палітыкаў. Еўрадэпутатка ад Германіі, прадстаўніца сацыяльна-ліберальнай партыі Volt Нэла Рыль прывяла «Сігма бой» у якасці прыкладу таго, як Расія праз культуру насаджае свой светапогляд.
Палітык выказала меркаванне, што песня «перадае патрыярхальныя і прарасійскія погляды на свет», і заклікала Еўрасаюз «спыніць нават гэтыя тонкія пранікненні і фальсіфікацыі» з боку Расіі.
Каментары
Нейкі гурт "Комбинация" American boy для малодшага школьнага ўзросту. І элемент "мяккай сілы".