Новае даследаванне амерыканскіх вучоных не выявіла сувязі паміж ужываннем бульбы і хваробамі сэрца ці гіпертаніяй. Праўда, шмат смажанай бульбы лепш не есці.
Хваробы сістэмы кровазвароту з'яўляюцца адной з самых актуальных праблем медыцыны і практычнай аховы здароўя пачатку XXI стагоддзя, а таксама асноўнай прычынай смерці ва ўсім свеце. А распаўсюджанасць гіпертаніі ў Беларусі складае 40-45%.
Спецыялісты адзначаюць, што здаровая дыета адыгрывае ключавую ролю ў прафілактыцы гэтых захворванняў. Як піша News-Medical, вучоныя з Гарвардскага ўніверсітэта вырашылі высветліць сувязь паміж агульным спажываннем бульбы і верагоднасцю развіцця гіпертаніі і хвароб сэрца на аснове даных сямі буйных амерыканскіх кагортных даследаванняў.
Вучоныя асобна разгледзелі смажаную, вараную, запечаную бульбу і пюрэ. Каб вынікі былі дакладнымі, удзельнікаў з ужо існуючымі захворваннямі або няпоўнымі данымі пра спажыванне бульбы выключылі з аналізу.
Спажыванне бульбы вымяралася з дапамогай анкет харчавання, якія фіксавалі памеры порцый і частату прыёму ежы за апошні год. Агульная колькасць разлічвалася ў порцыях за тыдзень. Пры гэтым бульба вараная, запечаная і пюрэ групаваліся разам. Даныя пра бульбяныя чыпсы не ўлічваліся.
Былі сабраныя стартавыя звесткі пра ўзрост, пол, расу, індэкс масы цела, лад жыцця і рацыён. Для разліку каэфіцыентаў рызыкі выкарыстоўвалі рэгрэсію Кокса, скарэктаваную на дэмаграфічныя, жыццёвыя і медыцынскія фактары. Атрыманыя вынікі былі апрацаваны з дапамогай мета-аналізу з выкарыстаннем статыстычных мадэляў.
Даследаваннем было ахоплена больш за 110 тысяч чалавек, але для аналізу рызыкі гіпертаніі выкарысталі звесткі толькі 67 тысяч з-за недахопу даных у двух кагортных даследаваннях з сямі. Узрост удзельнікаў вагаўся ад 25 да 72 гадоў, а сярэдняе спажыванне бульбы складала ад 1,9 да 4,2 порцыі на тыдзень.
Вывады, якія апублікаваны ў часопісе Nutrients, не выявілі ніякай істотнай сувязі паміж агульным спажываннем бульбы і рызыкай хвароб сэрца, нават пасля ўліку ўзросту, дыеты і ладу жыцця. Таксама не знайшлося доказаў таго, што розныя віды прыгатаванай бульбы — смажаная, вараная, запечаная або пюрэ — уплываюць на гэтую рызыку.
Што да гіпертаніі, то агульнае спажыванне бульбы не мела значэння. Але смажаная бульба ўсё ж аказалася фактарам, які можа павялічыць рызыку: тыя, хто еў яе больш за адну порцыю на тыдзень, мелі на 10% вышэйшую рызыку развіцця гіпертаніі ў параўнанні з тымі, хто ўвогуле яе не еў.
Аўтары адзначаюць, што вынікі іх даследавання супадаюць з вынікамі папярэдніх даследаванняў, праведзеных у Швецыі і ЗША. У іх таксама не было выяўлена сувязі паміж агульным спажываннем бульбы і рызыкай развіцця хвароб сэрца, інсульту або інфаркту міякарда.
Нагадаем, што раней нарвежскія даследчыкі выявілі, што ўсяго дзве вараныя бульбіны на дзень могуць дапамагчы жыць даўжэй. А на кожныя 100 грамаў больш высокага спажывання варанай бульбы рызыка смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў зніжаецца на 4%.
Каментары
Гэта як з дасьледаваньнямі пра тэлефоны… першыя паказывалі што вельмі шкодныя для здароўя, а пасьля правялі самае сапраўднае, грунтоўнейшае і найчасьнейшае дасьледаваньне і … тэлефон стаў бясшкодны…