Карыстальнік TikTok з Магілёва зняў відэа, якое набрала амаль 400 тысяч праглядаў.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/cukerki250201-drfy1.jpg.webp)
У роліку ён паказаў стэлаж у адной з крамаў сеткі «Еўраопт», дзе цукеркі былі пазначаныя цэннікам 0 рублёў 00 капеек. Прычым такі кошт быў указаны на трох узроўнях стэлажа, піша Onliner.by.
У каментарыях карыстальнікі падзяліліся на два лагеры. Адны шукалі адказ, ці можна забраць тавар бясплатна, другія заклікалі не злоўжываць памылкай, бо за такі недагляд могуць пакараць супрацоўнікаў крамы.
Гэта не першы выпадак падобных цэннікаў у сетцы «Еўраопт».
У 2022 годзе адзін з пакупнікоў спрабаваў узяць 12 бутэлек алкаголю з аналагічным коштам, але касір адмовіўся прабіваць тавар. Па законе касіры абавязаны прадаваць тавар па цане, указанай на цэнніку — гэтае патрабаванне дзейнічае з 2019 года.
Аднак юрыст Іван Райкевіч патлумачыў, што суды нярэдка разглядаюць такія сітуацыі інакш. У такіх выпадках суды нярэдка адмаўляюць у задавальненні патрабаванняў спажыўца аб прымусе да заключэння дамовы.
Але ў дадзеным выпадку адсутнічае эканамічная выгада для прадаўца і маецца тэхнічны збой (пра што прадавец абавязкова скажа), інфармацыя аб няправільна названай цане даведзена да спажыўца.
Як паказвае практыка, у такіх выпадках спажыўцу, верагодна, будзе адмоўлена ў задавальненні яго патрабаванняў, — кажа юрыст.
Каментары