Махляры прадаюць у інтэрнэце «памілаванне ад Лукашэнкі» за 5 тысяч даляраў
Карыстаючыся асаблівасцямі палітычнай сітуацыі ў Беларусі, цынічныя ашуканцы сталі выкарыстоўваць тэму памілавання для палітвязняў, каб выманьваць грошай у іхніх сваякоў. Некалькі з іх ужо трапілі ў расстаўленыя сеткі, піша Mayday.time.
Спярша інкогніта і «толькі для сваіх» людзі, якія прадстаўляюцца блізкімі да ўладаў дзеячамі, прапануюць вырашыць пытанне з памілаваннем за два месяцы.
Пераконваюць людзей яны пры дапамозе навін з сайтаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Пры гэтым некаторыя матэрыялы з сайтаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», яны спецыяльна адкрыта посцяць, каб паказаць, што нічога не баяцца.
Па словах зламыснікаў, пытанне памілаванняў пастаўлена нібыта на паток, а яго кошт — 5000 даляраў. Пры гэтым гаворка нібыта ідзе не толькі пра палітычныя артыкулы. Ашуканцы добра валодаюць юрыдычнай мовай і нават расказваюць увесь алгарытм, паводле якога нібыта робіцца памілаванне.
Задатак у дзве тысячы яны бяруць адразу, а пасля самога памілавання ім трэба перадаць яшчэ тры тысячы. Атрымаўшы ж задатак, махляры бясследна знікаюць.
Каментары