У шведскім горадзе Эрэбру за 200 км ад Стакгольма адбылася страляніна ў навучальным цэнтры для дарослых, размешчаным па суседстве са школай. Паводле апошніх звестак, падчас яе загінулі «каля 10 чалавек», піша Deutsche Welle.
У выніку ўзброенага нападу на навучальны цэнтр для дарослых у шведскім горадзе Эрэбру, размешчаным прыкладна за 200 кіламетраў на захад ад сталіцы краіны Стакгольма, паводле апошніх звестак, загінулі «каля 10 чалавек», у тым ліку стралок. Пра гэта паведаміла мясцовая паліцыя.
Раней паведамлялася толькі пра пяць пацярпелых, якія атрымалі агнястрэльныя раненні і былі шпіталізаваныя.
«Цяпер гэта разглядаецца як замах на забойства, падпал і злачынства з ужываннем зброі пры абцяжарвальных абставінах», — заявіла раней паліцыя.
Інфармацыю пра страляніну пацвердзіў міністр юстыцыі Швецыі Гунар Стрэмер, назваўшы сітуацыю «вельмі сур'ёзнай».
Супрацоўнік крамы, размешчанай побач з месцам інцыдэнту, расказаў журналістам, што чуў «пяць кароткіх выбухаў». Па словах навучэнцаў, якія разам з настаўнікамі змаглі схавацца ў суседняй рэстарацыі, у школу ўвайшоў «чалавек у масцы» і пачаў страляніну.
Па стане на 2023 год у Эрэбру жылі каля 130 тысяч чалавек. Ва ўніверсітэцкім кампусе горада знаходзяцца некалькі навучальных устаноў для дзяцей і дарослых. Цэнтры адукацыі для дарослых наведваюць у асноўным тыя, хто не скончыў пачатковую або сярэднюю школу.
Каментары