«Бацька пражыў 86 гадоў, і да апошніх дзён сачыў за падзеямі — і ў свеце, і ў Беларусі. Увогуле, быў грамадска актыўным, таму і пішу гэтыя радкі, крыху схалястычна. Ён паспеў надыктаваць мне ўспаміны і ацэнкі сітуацыі ўнутры кіраўніцтва БССР апошняга савецкага дзесяцігоддзя (больш гэтага ніхто не зрабіў, наколькі ведаю), я іх пачаў афармляць яшчэ пры ягоным жыцці і абавязкова надрукую, яны рэальна каштоўныя для будучых гісторыкаў», — напісаў у фэйсбуку ягоны сын, журналіст Сяргей Навумчык. Прыводзім гэты допіс цалкам.
«Тата належаў да вельмі вузкага кола кіраўнікоў [Іосіф Навумчык быў сакратаром абкама партыі ў Віцебску — НН], якія мелі тое, што сёння мы называем нацыянальнай свядомасцю. Вузкага настолькі, што пералік іх імёнаў змесцяцца ў два радкі, калі ўвогуле не адзін. У 20-х, 30-х гадах і пазней усё нацыянальнае ў сферы эліты было вынішчана; у суседняй Літве гэты працэс пачаўся на адно пакаленне пазней — магчыма, таму там Бразаўскасы і выйшлі на першыя афіцыйныя пазіцыі і зрабілі тое, што мусілі зрабіць.
У гуманітарным сэнсе ягоная бясспрэчная заслуга — выратаванне тысяч жыццяў, бо ў якасці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэнне Гарбачова і Палітбюро вывесці войскі з Афганістана. У нацыянальным — спрыянне беларускім пісьменнікам, у прыватнасці, пастаноўцы ў 70-я на сцэне Коласаўскага тэатра п’есаў Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі», а таксама стварэнне цэлай сеткі арганізацый ТБМ на Віцебшчыне.
Таварыства беларускай мовы было сэнсам ягонага жыцця апошніх дзесяцігоддзяў. Ён быў сузаснавальнікам (у 1989) ТБМ імя Скарыны, уваходзіў у яго кіраўніцтва, а пасля выхаду на пенсію 25 гадоў — чвэрць стагоддзя — узначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ. Папрасіўся ў адстаўку толькі тады, калі ўжо ў літаральным сэнсе ногі не дазвалялі амаль штодзённа абыходзіць установы з просьбамі ды патрабаваннямі, ды ездзіць у раёны (але застаўся ганаровым старшынём аж да моманту ліквідацыі ТБМ).
На шчасце, я паспеў сказаць бацьку, што практычна ўсім абавязаны яму. Не ў тым сэнсе, што мне пашанцавала быць сынам чалавека, які займаў усё больш высокія пасады, а ў тым, што бацька вызнаваў каштоўнасці, якія, як я цяпер разумею, перадаў нам з сястрой.
Прывяду толькі адзін прыклад, ён патлумачыць, што я маю на ўвазе. Як сакратар абкама, ён, натуральна, меў усе адпаведныя статусу прывілеі — кватэру, службовыя аўтамабілі, службовую дачу і г.д. Але: пральная машына, якая была ў кожнай другой гарадской сям’і, у нас з’явілася толькі ў сярэдзіне 80-х, калі нарадзіўся ягоны ўнук, мой пляменнік Мікіта, і аб’ём прання, зразумела, павялічыўся. Да гэтага ўсе гады мама прала рукамі. На пральную машыну проста не было грошай. Так, у сакратара абкама.
А прычына простая: сярод прывілеяў была магчымасць набываць кнігі па спісе так званай кніжнай экспедыцыі ЦК КПСС — любыя, якія выдаваліся на тэрыторыі СССР. І вось практычна ўсе грошы ішлі на кнігі. Дома была сабраная вялізная бібліятэка. І мае ўспаміны пра тату з дзяцінства — з кнігай (ці газетай) у руках.
Вось гэта тое, што мне, на шчасце (думаю, што ўсё ж на шчасце), ад бацькоў перадалося: грошы ніколі не былі прыярытэтам. Ні тады, калі іх не было, ні тады, калі яны з’яўляліся. Так, кніга — лепшы падарунак.
А яшчэ — дома ў нас увесь час хтосьці гасцяваў. Практычна штодзённа. Ён быў вельмі добрым, шчырым, адкрытым чалавекам. Бацька сябраваў і быў знаёмы з людзьмі самымі рознымі — рознымі і паводле статусу, і адносна палітычных пазіцый.
Вось некаторыя асобы, якіх ужо няма сярод жывых і якія адыгралі ў той ці іншай ступені ролю ў ягоным (а значыць, і ў маім) жыцці, і пра якіх ён заўсёды прыгадваў з цеплынёй, і якія таксама ставіліся да яго, як я дакладна ведаю, добра: Пётр Машэраў (кіраўнік БССР), Сяргей Паўлаў (кіраўнік камсамола, адзін з паплечнікаў Хрушчова, які разгарнуў грамадства ад сталінскага тэрору), Юрый Гагарын (першы касманаўт), нашы пісьменнікі — Генадзь Бураўкін (адзін з бліжэйшых ягоных сяброў), Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцебскія ягоныя калегі Сяргей Шабашоў і Аляксей Палейка.
Гэта тыя, якія ці былі ў нас дома, ці мы з сястрой чулі пра іх з дзяцінства не як пра персанажаў газетных публікацый, а як пра рэальных людзей, да якіх, што называецца, можна дакрануцца.
Цяпер, тата, на тым свеце ты зможаш з імі пагаварыць пра ўсё тое, пра што вы не дагаварылі на свеце гэтым. Раней ці пазней, і мне, спадзяюся, пашанцуе далучыцца да вашых размоў», — напісаў Сяргей Навумчык.
Каментары
Чаму, на вашу думку, сакратар якога-небудзь "-кама" КПСС не мог быць нацыянальна свядомым і ягоная актыўнасць на нацыянальнай ніве пасля развалу саўка - гэта абавязкова "перекрасился"? Вам з вашай расійскасцю на ўсю галаву гэта цяжка зразумець, але, насамрэч, партбілет не перашкаджаў мець пэўныя меркаванні.