Украінскі фільм «2000 метраў да Андрэеўкі» паказаў вайну вачыма байцоў. Некаторыя гінулі ў кадры
Новы фільм аб украінскім контрнаступе і страшных баях за невялікае сяло ў верасні 2023 года атрымаў прыз за рэжусуру на фестывалі «Сандэнс» (Sundance). Расказваем, пра што ён.
Мсціслаў Чарноў, чый дакументальны фільм «20 дзён у Марыупалі» ў 2024 годзе атрымаў «Оскар» за найлепшы дакументальны фільм, выпусціў новы фільм аб падзеях вайны — «2000 метраў да Андрэеўкі».
У студзені гэтага года фільм атрымаў прыз за рэжусуру на фестывалі «Сандэнс» (ЗША).
The Directing Award: World Cinema Documentary goes to Mstyslav Chernov @mstyslavchernov for “2000 Meters to Andriivka” pic.twitter.com/wc1W1RP9lO
У цэнтры фільма — баі, якія адбываліся ў 2023 годзе за вызваленне невялікага ўкраінскага сяла Андрэеўка, якое з'яўлялася вельмі важным плацдармам для далейшых баёў за Бахмут.
Назва фільма адлюстроўвае фізічную і псіхалагічную дыстанцыю, якую трэба пераадолець украінскім вайскоўцам для вызвалення Андрэеўкі. 2000 метраў — гэта не проста адлегласць на карце, а шлях праз мінныя палі, абстрэлы і руіны, шлях, дзе кожны метр можа стаць апошнім. Як адзначае Чарноў за кадрам, «тут не мае значэння адлегласць, толькі час», бо ўсё залежыць ад таго, наколькі хутка пачне працаваць расійскі мінамёт.
Фільм быў зняты непасрэдна падчас баявых дзеянняў на фронце ў верасні 2023 года. Для перадачы атмасферы рэжысёр выкарыстоўвае спалучэнне двух тыпаў камеры — класічнай аб'ектыўнай, якая фіксуе размовы, перапынкі паміж баямі, эмоцыі байцоў, і суб'ектыўнай, якая прымацавана да шлемаў байцоў і фіксуе падзеі іх уласнымі вачыма. Чарноў выкарыстоўвае такі метад, каб максімальна наблізіць гледача да рэальнасці фронту.
У цэнтры аповеду — байцы 3-й асобнай штурмавой брыгады Узброеных сіл Украіны. Сярод іх камандзір падраздзялення з пазыўным «Федзя», якому даручана ўстанавіць украінскі сцяг у сяле.
Адна з самых запамінальных сцэн — гэта размова з 46-гадовым добраахвотнікам, які ў час перапынку дае абяцанне пасля вайны менш курыць, перайсці з цыгарэт хаця б на самакруткі. З закадравага каментарыя глядач даведваецца, што праз пяць месяцаў гэты герой памрэ ад атрыманых ран.
Фільм не прыхарошвае рэчаіснасць: многія з герояў гінуць, і Чарноў не хавае гэтага. Так проста ў кадры гіне 24-гадовы салдат з пазыўным «Гагарын».
Крытыкі адзначаюць цікавую структуру фільма. Як і ў «20 днях у Марыупалі», ён падзелены на часткі. Але тут адлік ідзе не на дні, як у попярэднім фільме, а на метры. Чым бліжэй героі да Андрэеўкі, тым вышэйшая цана, якую яны плацяць за вызваленне гэтага сяла.
Рэжысёр паказвае не толькі моманты бою, але і тое, што адбываецца пасля: як таварышы вязуць целы загінулых, як рэагуюць на страты, як пішуць апошнія паведамленні сем’ям.
Як адзначаюць кінакрытыкі, «2000 метраў да Андрэеўкі» не толькі фіксуе ход вайны, але і ставіць філасофскія пытанні. Рэжысёр паказвае, што вайна — гэта не толькі стратэгія і тактыка, але і чалавечыя лёсы, боль і стомленасць. Ён процідзейнічае нармалізацыі вайны, прымушае гледача не проста глядзець, а перажываць тое, што адбываецца. Фільм не дае гатовых адказаў, але прымушае задумацца пра сэнс барацьбы і кошт кожнага метра зямлі, за які ідуць жорсткія баі.
У адной сцэне «Федзя» адкрыта гаворыць, што вайна стала яго кашмарам, ад якога нельга прачнуцца. Урэшце, яго падраздзяленне даходзіць да Андрэеўкі і устанаўлівае ўкраінскі сцяг. А сярод разбураных дамоў і выпаленай зямлі байцы знаходзяць трохколерную кошку.
«Кот, мы цябе вынесем. Цярпі, казаком будзеш», — кажа адзін з байцоў і садзіць жывёлу ў заплечнік.
14 верасня 2023 года Міністэрства абароны Украіны паведаміла аб вызваленні Андрэеўкі і знішчэнні большай часткі пяхоты 72-й Асобнай мотастралковай брыгады Узброеных сіл Расіі. На той момант сяло, у якім да вайны жыло менш за сотню чалавек, было цалкам разбурана. Цяпер Андрээўка зноў знаходзіцца пад кантролем Расіі.
Каментары