Усяго патроху44

Беларускае тэлебачанне 90-х: узгадваем яркія праекты і папулярных вядучых

Калісьці на БТ расказвалі па-беларуску пра навінкі кіно і ў жывым эфіры абмяркоўвалі праблемы падлеткаў. Якія праекты і вядоўцы былі папулярныя ў 90-я і што з імі цяпер?

Ягор Хрусталёў (злева) і Алесь Круглякоў. Праграма «Крок». Люты 1991 года. Скрын відэа: kruglyakov / YouTube

Вы можаце паглядзець сюжэт або прачытаць тэкст ніжэй.

Ягор Хрусталёў

Адна з галоўных асоб беларускага тэлебачання таго часу нарадзілася ў сям’і футбольнага брамніка Вячаслава Хрусталёва, які ў 1970-х гуляў за мінскае «Дынама». Па заканчэнні прафесійнай кар’еры той працаваў трэнерам, а пасля і дырэктарам стадыёна «Дынама», таму нядзіўна, што і сына мужчына рыхтаваў футбалістам.

Маленькі Ягор разам з бацькамі.

Але той абраў журналістыку. Яшчэ адным захапленнем Ягора Хрусталёва была музыка — на журфаку ён граў у гурце «ББ». 

Ягор Хрусталёў у складзе гурта «ББ» прымае ўдзел у тэлегульні «Пяць зорак». 1992 год. Скрын відэа: krakatuk9090 / YouTube

Падчас вучобы ён разам са сваім аднагрупнікам Алесем Кругляковым пачаў рабіць праграму «Крок», натхнёную расійскім «Взглядом». За дзёрзкасць аўтарам неаднаразова пагражалі адхіленнем ад эфіру, але запушчаны рухавік пераменаў ужо было не спыніць.

Ягор Хрусталёў у адной з перадач «Крок». 1991 год. Скрын відэа: kruglyakov / YouTube

Разам з «Крокам» яе аўтары рабілі і праграму «Крок-тусоўка». Менавіта з падачы Хрусталёва на тэлебачанні ўпершыню з’явіўся малады гурт «Ляпіс Трубяцкі».

Архіўны запіс першага выступлення «Ляпіса Трубяцкога» на БТ. Крыніца: lyapis98 / YouTube

За «Крокам» з’явілася і першае ток-шоу «Карамболь» — вядоўца запрашаў знакамітых суразмоўцаў, а гледачы ў студыі маглі задаваць свае пытанні. На «Карамболі» перабывалі ўсе топавыя беларускія артысты, а таксама замежныя, якія прыязджалі ў Мінск на гастролі.

Лідар панк-рок-гурта «Cектар Газа» Юрый Клінскіх у праграме «Карамболь». 1997 год. Крыніца: yuraxoi / YouTube

Акрамя таго, Хрусталёў быў прадзюсарам многіх іншых перадач, якія выходзілі на БТ, а ў 1997 годзе чытачы газеты «Знамя юності» назвалі яго самым сэксуальным мужчынам Беларусі. 

У нулявыя Хрусталёў ужо як прадзюсар запускаў на новым тэлеканале АНТ першыя беларускія рэаліці-шоу «Зорны цырк», «Дзве зоркі», «Тры халасцякі» і іншыя, а яшчэ прыдумляў тэлемюзіклы, якія паказвалі ў навагоднім эфіры.

Ягор Хрусталёў. Фота: АНТ

Таксама ён пісаў песні для поп-артыстак — Ларысы Грыбалёвай, Іны Афанасьевай, Ядвігі Паплаўскай і Галіны Шышковай. Супраца з Шышковай у выніку вылілася ў каханне, і ў пазашлюбным рамане з ёй у Хрусталёва нарадзіўся сын.

Ягор Хрусталёў разам з сынам Іванам. Фота: belarus.kp.ru

У першай палове 2010-х беларус з’ехаў у Маскву працаваць прадзюсарам на тэлеканале СТС. Сам Хрусталёў прызнаваў гэта ўцёкамі ад праблем у асабістым жыцці. Праз пяць гадоў ён вярнуўся дадому і яшчэ некаторы час вёў на розных каналах гутарковыя праграмы. 

Ягор Хрусталёў у праграме «Наше утро» на АНТ. 2022 год. Скрын відэа: ONTBLOG / YouTube

Але ў 2018-м жыццё Ягора Хрусталёва зрабіла яшчэ адзін рэзкі віраж, і ён канчаткова пакінуў тэлебачанне. Ён пачаў працаваць прэс-сакратаром кампаніі «Еўрагандаль», якой належаць сеткі крам «Еўраопт», «Хіт» і «Грошык».

Ларыса Грыбалёва

20-гадовая спявачка з’явілася на тэлебачанні дзякуючы Ягору Хрусталёву. У пераможцы конкурса «Маладзечна-93» той пабачыў патэнцыял і паклікаў яе на БТ. Так стварылася праграма «Усё нармальна, мама», музычны джынгл з якой ведае не адно пакаленне беларусаў.

Ларыса Грыбалёва выступае на конкурсе «Маладзечна-94». Фота: gribalevalarisa / Instagram 

Адзін з аўтараў «Усё нармальна, мама» Уладзімір Максімкаў расказваў, што ў пачатку ўсё рабілася інтуітыўна і ніхто не задумваўся ні пра якія канцэпцыі ды планы. Усё было заточана на харызму Грыбалёвай — у кадры яна была мілай і шчырай, а ейныя ляпы падчас здымак часта ўключалі ў канцы перадачы.

Ларыса Грыбалёва у праграме «Усё нармальна, мама!». Крыніца: poyushiegoroda / YouTube

У мініяцюрнай дзяўчыне было столькі энергіі, што яе хапала і на музычную кар’еру, і на здымкі ў серыялах, і на ўдзел у вядомай праграме «Ранішняя пошта» на расійскім канале ОРТ. Ва «Усё нармальна, мама» яна з камандай прыдумляла новыя рубрыкі, а таксама пагаджалася на любыя эксперыменты: на здымкі пад вадой і дагары нагамі.

У першай палове нулявых у Ларысы Грыбалёвай выйшаў сольны альбом «Что-нибудь», многія песні з якога бясконца круцілі па радыё. А пасля таго, як праграмы «Усё нармальна, мама» не стала, яе вядоўца занялася бізнэсам і заснавала адно з першых у Беларусі івэнт-агенцтваў. Таксама жанчына шмат займалася дабрачыннасцю і часта з’яўлялася на тэлеэкранах у розных шоу.

Фота: gribalevalarisa / Instagram 

У 2020-м Грыбалёва выступіла супраць гвалту, за што трапіла ў чорны спіс дзеячаў культуры, якім забаронена выступаць у Беларусі. Восенню мінулага года яе затрымлівалі, але ў той жа дзень выпусцілі на волю. 

Відзьмо-Невідзьмо

Адна з найбольш арыгінальных перадач з’явілася на беларускім тэлебачанні выпадкова. Наогул, ейны вядоўца і голас Сяргей Філімонаў збіраўся прысвяціць жыццё іншаму — тэатральнай рэжысуры, але яго бацька, савецкі партыйны дзеяч, заявіў, што сын мусіць вучыць гісторыю КПСС, таму хлопец пайшоў на гістфак БДУ.

Пасля ўніверсітэта Сяргей з’ехаў на дзесяць гадоў у Маскву, дзе займаўся турыстычным бізнэсам і планаваў эміграваць у далёкую Аўстралію. Але гэта ў яго не атрымалася, таму ён вярнуўся ў Мінск, адкрыў на радзіме пункт відэапракату і перыядычна пісаў артыкулы пра культуру ў газеты.

Сяргей Філімонаў у Маскве. Фота: onliner.by

Тэлебачанню незалежнай Беларусі былі патрэбныя новыя маладыя твары, і заўважнага ў тусоўцы маладзёна паклікаў на БТ рабіць праграму прыяцель яго бацькі. Але той адмовіўся — Філімонаву тэлебачанне падавалася прыстанішчам старых, дзе яму няма месца, да таго ж яму не падабаліся строгія правілы і планаванне. Але праз год, у 1992-м, другая спроба стала паспяховай — аматар мастацтва разам з сябрамі наважыўся рабіць перадачу пра тое, што любіць: музыку і кіно.

Генадзь Рабцаў і Сяргей Філімонаў. 1993 год. Скрын відэа: SBTiR / YouTube

Незвычайную назву Сяргей Філімонаў прыдумаў, калі ляжаў у ваннай. На яго думку, яна ўдала звязвала дзве асноўныя часткі праграмы: відэа і аўдыя. Першы час за музычную частку адказваў журналіст Генадзь Рабцаў, але праз пару гадоў вядоўца ў «Відзьмо-Невідзьмо» застаўся адзін.

У даінтэрнэтавыя часы праграма была глытком свежага паветра — многія глядзелі яе з ручкай і блакнотам, каб запісаць назвы новых фільмаў і музычных альбомаў, а пасля знайсці на рынках ці ў пракатах патрэбныя касеты.

Ужо праз год пасля першага выпуску ў «Відзьмо-Невідзьмо» з’явілася чарга з рэкламадаўцаў, і праграма часткова ператварылася ў трансляцыю рэкламных ролікаў ды розыгрышаў розных тавараў, а ейная працягласць павялічылася да 70 хвілін. 

Аўтар і вядоўца праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Флімонаў. 1995 год. Скрын відэа: SBTiR / YouTube

У рэдакцыю прыходзілі поўныя мяхі лістоў ад гледачоў. Папулярнасці спрыяла і адсутнасць рэгулявання: ніхто не парыўся ні аб аўтарскім праве, ні аб конкурсах, якія паказвалі па тэлебачанні. 

На БТ праграма выходзіла дзевяць гадоў, і ў 2002-м «Відзьмо-Невідзьмо» перасялілася на менш рэйтынгавы тэлеканал СТБ. З гэтага пачаўся яе канец. Нулявыя былі росквітам інтэрнэту, і людзям для доступу да сусветных навінак перастаў быць патрэбны пасярэднік у выглядзе нейкай тэлепраграмы. 

У выніку ў 2011 годзе «Відзьмо-Невідзьмо» знікла з кабельных тэлеканалаў. Перадача яшчэ некалькі гадоў выходзіла на «Белсаце», але гэта хутчэй быў іміджавы прадукт, чым тая праграма, на якой трымаецца канал.

Сяргей Філімонаў. 2021 год. Фота: sergey.filimonov.528 / facebook

Без Сяргея Філімонава не абыходзілася ніводная кіна— ці тэатральная прэм’ера ў Мінску, пасля звальнення з тэлебачання ён працягваў сачыць за ўсімі навінкамі культуры, але не даў рады небяспечнай новай хваробе — каранавірусу.

Вядоўца лічыў яе штучнастворанай і адмаўляў неабходнасць масачнага рэжыму і вакцынацыі. Але ў лістападзе 2021 года Сяргей Філімонаў захварэў на той самы кавід і праз некаторы час памёр. Вядоўцу было 62 гады. 

Алесь Круглякоў

Без гэтага вядоўцы было складана ўявіць БТ дзевяностых і нулявых. Таксама Круглякоў быў голасам беларускага «Еўрабачання».

Беларускай формай імя Аляксандр хлопец стаў карыстацца яшчэ з канца васьмідзясятых, калі яго матэрыялы выходзілі ў газете «Навіны БНФ» і на радыё «Свабода». З таго часу і застаўся Алесем, тым больш гэта яго вылучала сярод астатніх цёзак. 

На тэлебачанне Алесь Круглякоў прыйшоў 18-гадовым студэнтам журфака. Яго парэкамендавала ўзяць легендарная дыктарка Зінаіда Бандарэнка — яна сказала, што ў вачах падлетка нешта ёсць. Так ён стаў адным з сувядоўцаў «Крока» разам з Ягорам Хрусталёвым.

Алесь Круглякоў у адной з перадач «Крок». 1991 год. Скрын відэа: kruglyakov / YouTube

Алесь Круглякоў быў пачынальнікам многіх раграм на БТ — інтэлектуальныя гульні «Оскар» і «Пяць зорак», ранішняе шоу «Добрай раніцы, Беларусь».

Фрагмент гульні «Оскар». 1997 год. Крыніца: kruglyakov / YouTube

Прычым, у першых гульнявых тэлешоу вядучаму даводзілася займацца літаральна ўсім: ад выпіскі пропускаў да пошуку спонсараў. Акрамя таго, Круглякоў вёў навіны і палітычныя перадачы. Нават абрэвіятура АТН — агенцтва тэленавінаў — з’явілася з падачы гэтага журналіста. 

Алесь Круглякоў вядзе навіны на АНТ. Скрын відэа: kruglyakov / YouTube

З другой паловы дзевяностых Алесь Круглякоў сумяшчаў працу на тэлебачанні з супрацоўніцтвам з пасольствам ЗША ў Мінску ў якасці прэс-сакратара. Гэта ў выніку стала прычынай канчатковага сыходу з БТ у 2006 годзе — яго адхілілі ад эфіру проста перад фіналам беларускага адбору на «Еўрабачанне», які мусіў весці менавіта Круглякоў. 

Некалькі гадоў таму разам з сям’ёй Алесь канчаткова перабраўся за акіян. Сёння ён працуе ў «Голасе Амерыкі» — вядзе інтэрнэт-праграмы і запісвае падкасты.

Яўген Новікаў

Гэтага тэлевядоўцу складана назваць культавым, але яго перадача «Правы чалавека. Погляд у свет» стала сапраўдным мемам. З тэлеэкранаў яна пужала гледачоў жудаснымі рэчамі, якія нібыта мелі месца ў краінах Захаду.

Яўген Новікаў скончыў Мінскі медыцынскі інстытут і працаваў кардыёхірургам у мінскай бальніцы. Але раптам мужчына захапіўся кардынальна іншай сферай дзейнасці і пайшоў вучыцца на юрыста. У 1990 годзе яго вылучылі дэпутатам у Вярхоўны Савет БССР.

Агітацыйны плаката Яўгена Новікава падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання, 1990 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

У парламенце Новікаў выступаў супраць прыватызацыі і ўвядзення інстытута прэзідэнцтва. У 1992 годзе дэпутат стварыў праваабарончую арганізацыю «Беларуская ліга правоў чалавека», якая сярод іншага дапамагала людзям, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі з боку ўладаў.

Дэпутат Яўген Новікаў. Фота: vytoki.net

Яўген Новікаў актыўна крытыкаваў маладога прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, але пасля ягоныя погляды рэзка памяняліся. Праз гэта яго адхілілі ад кіраўніцтва «Лігай правоў чалавека», але заўважылі ў іншым месцы — на беларускім тэлебачанні.

З 2000 года экс-дэпутат стаў выходзіць у эфір з аўтарскай праграмай «Правы чалавека. Погляд у свет». Яна мела выразную антызаходнюю скіраванасць, а вядоўца ў ёй пераказваў розныя канспіралагічныя тэорыі. Неаднаразова прапагандыста абвінавачвалі ў хлусні, але ён лічыў, што годна трымае ўдар на інфармацыйнай вайне. 

Яўген Новікаў. Скрын відэа: SBTiR / YouTube

Праграма Новікава праіснавала больш за 10 гадоў і перажыла многія забаўляльныя праекты. Гісторыя яе закрыцця даволі паказальная. «Правы чалавека» круцілі на міжнародным канале «Беларусь-24», а ў 2014-м большая частка перадач стала прысвячацца падзеям ва Украіне. Гэта не засталося незаўважаным у паўднёвых суседзяў, і Нацыянальная Рада па пытаннях тэлебачання прыняла рашэння забараніць беларускі тэлеканал за антыўкраінскую прапаганду. 

На БТ сігнал зразумелі і не проста прыбралі Новікава з міжнароднага вяшчання, а закрылі ягоную праграму цалкам. Сёння падобнае ўявіць проста немагчыма.

Яўген Новікаў на сайце kramola.info

Яўген Новікаў жа не згубіўся і пэўны час працаваў на расійскіх чарнасоценных сайтах.

Юрый Жыгамонт

Юрый Жыгамонт у перадачы «Новыя падарожжы дылетанта». Скрын відэа СТБ

Вобраз Юрыя Жыгамонта знаёмы любому беларускаму тэлегледачу, хаця, магчыма, не ўсе нават ведалі ягонае прозвішча. Праграма «Падарожжы дылетанта» выходзіла на працягу 17 гадоў, і за гэты час ейны аўтар расказаў пра сотні цікавых месцаў. 

Наогул, Жыгамонт не планаваў быць ні тэлевядучым, ні акцёрам. Пасля арміі ён адвучыўся на машыніста вежавых кранаў і паспеў нават папрацаваць па спецыяльнасці. Але знаёмства са студэнтамі тэатральнага інстытута перавярнула ягонае жыццё. 

Яшчэ адным хобі Юрыя Жыгамонта былі вандроўкі па Беларусі. І ў 2001 годзе гэта вылілася ў тое, што захапленне стала часткай прафесіі мужчыны. Беларускае тэлебачанне запусціла перадачу пра вандроўкі па краіне, вядоўцам якой стаў якраз харызматычны Жыгамонт. 

Юрый Жыгамонт

«Падарожжы дылетанта» мянялі тэлеканалы і сыходзілі ў інтэрнэт, але на працягу многіх гадоў нязменным заставаўся вобраз ейнага аўтара — шляпа, акуляры, сакваяж і паліто.

Юрый Жыгамонт у вобразе вядучага. Скрын відэа: CTVBYvideo / YouTube

З 2018-га праграма больш не выходзіць, але Жыгамонт не закінуў любімую справу і напісаў кнігу пра свае найулюбёнейшыя месцы ў Беларусі.

Інга Хрушчова

Яшчэ ў 1994 годзе студэнтка БДУ Інга Хрушчова галасавала за Станіслава Шушкевіча, але пасля маладая журналістка ўвайшла ў прэзідэнцкі пул Аляксандра Лукашэнкі. 

Інга Хрушчова. 1996 год. Скрын відэа: SBTiR / YouTube

Ейныя погляды рэзка змяніліся — у сваіх сюжэтах Хрушчова пачала распякаць апазіцыю і яе лідараў, а вяршыняй прапаганды стаў рэпартаж з «Чарнобыльскага шляху — 96».

Журналістка тлумачыла свае эмоцыі тым, што на тым мітынгу пратэстоўцы атакавалі яе са здымачнай групай. Работнікі БТ атрымалі кухталёў, а іх тэхніку паламалі. 

Як расказвала Хрушчова, у дзевяностыя ў журналістаў не было ніякіх забарон на здымку Аляксандра Лукашэнкі. А яна сама трапіла пад уплыў ягонай шчырасці і харызмы. Але пакрысе паездкі сталі ўсё больш нагадваць тэатральныя пастаноўкі, таксама Лукашэнку стала нельга здымаць ззаду. Хрушчова гэта звязвае са з’яўленнем Наталлі Пяткевіч, якая стала першай прэзідэнцкай прэс-сакратаркай. З прызначэннем гэтай чыноўніцы пачалося і размеркаванне патрэбных пытанняў паміж журналістамі пула. 

Пасля адной з прэс-канферэнцый, на якой Інга Хрушчова задала Лукашэнку пытанне, не ўзгодненае Наталляй Пяткевіч, яе прыбралі з пула. На некаторы час прапагандыстка сыходзіла ў спартовую рэдакцыю БТ, але перад выбарамі 2010 года вярнулася ў навіны. 

Інга Хрушчова на канале «Жыццё-маліна». 2023 год. Кадр з відэа

Тым не менш праз некалькі гадоў жанчына канчаткова перайшла ў бізнэс з тэлебачання. Як прызнавалася сама Хрушчова, гэта здарылася па маральных меркаваннях. Кардынальна змяніліся і ейныя погляды — яна пачала крытыкаваць рэжым і каялася за сваё мінулае. У 2020 годзе жанчына займалася зборам подпісам за Віктара Бабарыку, а таксама брала ўдзел у акцыях пратэсту.

Сёння 53-гадовая Інга Хрушчова жыве ў Германіі.

«5х5»

Гэтая праграма была даволі смелым эксперыментам для беларускага тэлебачання і апярэдзіла час. Маладыя вядоўцы, сярод якіх былі нават школьнікі, абмяркоўвалі сацыяльныя праблемы кшталту падлеткавай злачыннасці і ранняй цяжарнасці, прычым рабілася гэта ў жывым эфіры. У выніку «5x5» стала трамплінам для многіх тэлезорак, якія дагэтуль працягваюць працаваць у медыя.

Дзмітрый Шэпелеў у праграме «5х5». Скрын відэа перадачы

Самым вядомым выхадцам з праграмы ёсць Дзмітрый Шэпелеў. Мінчук пасля закрыцця «5х5» вёў праграмы на БТ, а потым з’ехаў працаваць у Кіеў. Там беларус сябе добра зарэкамендаваў і праз некаторы час апынуўся ў Маскве, дзе таксама стаў зоркай — вёў статусныя мерапрыемствы кшталту Еўрабачання ці лёсавання чэмпіянату свету па футболе, а таксама працаваў на самым папулярным «Першым канале».

Дзмітрый Шэпелеў і Жана Фрыске. Скрын відэа: Riybkazol | YouTube

Шэпелеў быў жанаты з расійскай поп-зоркай Жаннай Фрыске, у 2020-м асудзіў гвалт беларускіх сілавікоў, а праз два гады — і расійскае ўварванне ва Украіну. Але ў выніку Шэпелеў зрабіў свой выбар і застаўся на расійскім тэлебачанні, для чаго яму нават давялося з’ездзіць у акупаваны Марыупаль. 

Дзяніс Кур'ян у праграме «5х5». Скрын відэа перадачы

Іншай зоркай «5х5» быў Дзяніс Кур’ян, які з’явіўся ў праграме дзякуючы ўсё таму ж Шэпелеву. Пасля закрыцця моладзевай перадачы Кур’ян зрабіў паспяховую кар’еру на тэлебачанні — ён працаваў на БТ і АНТ, каментаваў «Еўрабачанне», а таксама цырымоніі ўручэння прэмій «Оскар» і «Грэмі». 

Дзяніс Кур'ян. Фота: сацсеткі

Пакрысе Кур’ян з тэлеэкранаў сышоў у бізнэс: валодаў сеткай рэстаранаў хуткага харчавання, а таксама заснаваў студыю, якая здымае рэкламныя ролікі і карпаратыўныя фільмы. З 2020 года на тэлебачанні ён больш не з’яўляецца.

Сярод іншых заўважных вядоўцаў «5х5» варта адзначыць Глеба Лаўрова, а таксама Кацю Пытлеву і Івана Падрэза.

Каця Пытлева. Скрын відэа перадачы

Лаўроў цяпер славіць рэжым і займаецца палітычнай прапагандай на АНТ. А Пытлева і Падрэз не падтрымалі гвалт і фальсіфікацыі на выбарах, эмігравалі з Беларусі і цяпер робяць свае інтэрнэт-праекты.

Іван Падрэз. Скрын відэа перадачы

Беларускаму тэлебачанню ў дзевяностыя было вельмі складана змагацца з расійскім — там былі грошы, магчымасці і тэхналогіі. Тым не менш свабода першых гадоў незалежнасці дазволіла з’явіцца на БТ мноству папулярных праектаў, за якімі стаялі амбітныя і тэленавітыя аўтары. Многія з іх змаглі прыстасавацца да пераменаў і знайсці сябе ў новых месцах ці сферах, некаторыя ж так і засталіся ў гісторыі сімваламі сваіх асабістых праектаў. 

Каментары4

  • нявеста азаронка
    02.02.2025
    "а ў 1997 годзе чытачы газеты «Знамя юності» назвалі яго самым сэксуальным мужчынам Беларусі."
    а мне такі тыпаж наадварот непрывабны. але ў бальшыні такі густ... для нейкіх цётак і лукашэнка быў сэкс-сімвал... для некага можа нават Грыша сэксі
  • Жвір
    02.02.2025
    Якое тэлебачаньне? Якіх дзевяностых ? Хто яго глядзеў ? Жыгімонта глядзеў, але ж то было ў нулявых, ці не ?
  • ейны-явоны
    02.02.2025
    Показаны результаты по запросу йены в воны
    Искать вместо этого ейны явоны
    ***
    ейная - гэта "ботать по фене"

Беларускае тэлебачанне 90-х: узгадваем яркія праекты і папулярных вядучых4

Беларускае тэлебачанне 90-х: узгадваем яркія праекты і папулярных вядучых

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўдарыла па жылым будынку ў Палтаве: чацвёра загінулых2

Польскія памежнікі не пусцілі ў краіну малдоўскага блогера, які ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі Лукашэнкі4

Загадкавае адначасовае аблысенне ва ўсім індыйскім раёне. Прычыну дагэтуль шукаюць3

У Мінску за ўдзел у пратэстах будуць судзіць цэлую сям'ю4

Пад Мінскам участак з недабудам прадалі за 302 000 рублёў. На аўкцыёне разгарнулася сапраўдная барацьба4

Праваабаронцы расказалі пра замежнікаў у беларускіх турмах

Беларуска паставіла імплант у руку для кантрацэпцыі. Што гэта такое?17

Вырабленая вінтоўка імя Марыі Зайцавай2

У Філадэльфіі разбіўся самалёт санітарнай авіяцыі. Загінулі шэсць чалавек2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускае тэлебачанне 90-х: узгадваем яркія праекты і папулярных вядучых4

Беларускае тэлебачанне 90-х: узгадваем яркія праекты і папулярных вядучых

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць