«Трымалі за дурня». Беларускі кіроўца распавёў, як яго ўцёмную выкарыстоўвалі для перавозкі кантрабанды для польскай фірмы
Максім (імя змененае) некалькі месяцаў адпрацаваў у польскай фірме кіроўцам-міжнароднікам. Падчас аднаго з рэйсаў беларус звярнуў увагу на дзівацтвы. Аказалася, у палеты спакавалі кантрабанду — электронныя цыгарэты. MOST даведаўся ў Максіма, як праз беларускіх кіроўцаў перапраўляюць такі груз.
«Умовы былі чалавечымі»
У Польшчы Максім шукаў працу кіроўцам-міжнароднікам «на бусе». У Беластоку беларусу ўдалося знайсці, як яму падалося, добрую фірму, якая займалася перавозкамі.
Працаўладкаванне было афіцыйным — афармлялі людзей па дамове падраду (umowa zlecenie). З Польшчы грузы вазілі ў Бельгію, Латвію, Італію, Германію, Францыю і Галандыю.
— Умовы былі чалавечымі: машыны не старыя, не паламаныя, выходныя, зарплата — 280-290 злотых (каля 70 даляраў) у дзень, — распавядае Максім.
Па словах маладога чалавека, на фірме працавала 15-20 кіроўцаў, у тым ліку каля пяці беларусаў.
Максім амаль адразу звярнуў увагу на вялікую цякучку кадраў, але належнай увагі гэтаму не надаў.
«Паабяцалі вялікі заробак — я пайшоў ім насустрач»
Непрыемны інцыдэнт здарыўся ўжо ў першым рэйсе. Максіму, нягледзячы на дамоўленасці з начальствам, замест звычайнага буса далі транспарт з халадзільнікам.
— Абгрунтавалі гэта тым, што ў іх няма [іншай] машыны. Халадзільнік — гэта асобны гемар, табе трэба пастаянна правяраць тэмпературу. Але яны паабяцалі вялікі заробак — я пайшоў ім насустрач. Але на пэўную суму мы ў выніку так і не дамовіліся, — распавядае беларус.
Часцей за ўсё Максім вазіў медыкаменты, аўтазапчасткі, часам прадукты. На ўсе тавары беларусу выдавалі дакументы і дэкларацыі, а загрузка машыны адбывалася на буйных складах.
Выдалі накладную, напісаную ад рукі
Падчас аднаго з рэйсаў, калі Максім знаходзіўся ў Латвіі, з ім звязаўся экспедытар — супрацоўнік фірмы, які курыруе вадзіцеляў. Ён папрасіў беларуса пад'ехаць на адну з заправак, каб загрузіць машыну. Максім ужо тады насцярожыўся.
— Скінуў мне нейкія незразумелыя [даныя] фірмы, нібыта ІП. А тамака проста імя і прозвішча. Я прыехаў па адрасе, стаў каля запраўкі. Тут пад'ехаў бус — перагрузіў свой груз у маю машыну і ўсё.
У машыну беларуса загрузілі дзве запячатаныя палеты. Па правілах, вадзіцель не мае права адкрываць іх. Таму паглядзець, што ён будзе перавозіць, Максім не мог. Груз трэба было даставіць у Эстонію. На рукі беларусу выдалі толькі накладную, напісаную ад рукі. Пячаткі, якая ставіцца адпраўніком у спецыяльную графу, не было.
«Вырашылі забраць тавар пасля працы»
Максім расказвае, што, пакуль ён вёз груз, экспедытар яго пастаянна прыспешваў — прасіў не рабіць прыпынкі і ехаць як мага хутчэй. Беларус пачаў задаваць пытанні, што адбываецца, але дыспетчар прамога адказу не даваў.
У Таліне беларусу трэба было развезці палеты па двух адрасах — адна з кропак знаходзілася каля порта, другая — у парку. На пытанне Максіма, чаму ён аддае груз не на складзе, дыспетчар адказаў, што атрымальнікі «вырашылі забраць тавар пасля працы».
— Экспедытар пачаў бздуру нейкую выдумляць. Пасля таго як я ўсё аддаў, мне сказалі вяртацца ў Латвію пустым, хаця ў гэтай фірме ніколі такога не было, — расказвае Максім.
«Экспедытар упрошваў праехацца яшчэ раз»
Падчас паўторнай загрузкі ў Рызе прыехаў той самы бус, што і ў мінулы раз. Тады Максім запатрабаваў адкрыць палеты і паказаць, што там знаходзіцца. Аказалася, там ляжалі электронныя цыгарэты.
— Я патэлефанаваў экспедытару і спытаў, дзе паперы. Той стаў упрошваць мяне праехацца яшчэ раз. Я, вядома, адмовіўся, паслаў яго. Хто мне за адваката будзе плаціць? Экспедытар жа сцвярджаў, што ўсё нармальна, — на гэтым нашая размова скончылася.
Пазней беларус вырашыў праверыць фірмы, якія былі пазначаны ў накладной.
— Я ніводнай не знайшоў, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі. Яны проста думалі, што я не заўважу і паміж загрузкамі буду вазіць цыгарэты і далей. Трымалі за дурня. Ніякіх дадатковых грошай за гэта мне ніхто не прапаноўваў, — распавядае малады чалавек.
Беларус упэўнены, што ў фірме знайшліся іншыя кіроўцы, якія вазілі кантрабанду пасля яго.
«Калі сыходзіў, мяне разлічылі па меншай стаўцы»
Максім сцвярджае, што пасля адмовы вазіць электронныя цыгарэты, супрацоўнікі фірмы сталі да яго прыдзірацца і ўзмацнілі умовы працы. Напрыклад, ад беларуса патрабавалі праехаць 1,5 тыс. кіламетраў за суткі.
— Там у машыну абмежавальнік ўшыты — ты папросту не можаш ехаць хутчэй 90-95 кіламетраў у гадзіну. Таму, каб паспець на ўсе загрузкі і праехаць 1,5 тыс. кіламетраў, ты спіш максімум гадзіну ў дзень, — распавядае Максім.
Беларус звольніўся праз два месяцы: умовы працы пагоршыліся, а машыны, на якіх ён ездзіў, увесь час ламаліся.
— Калі я сыходзіў, мяне разлічылі па меншай стаўцы, на якую мы ўвогуле не дамаўляліся, — 260 злотых.
Акрамя таго, у Максіма забралі машыну, у якой ляжалі ягоныя асабістыя рэчы. Беларус да гэтага часу не можа атрымаць іх назад — кіраўніцтва фірмы проста перастала выходзіць з ім на сувязь.
Каментары