Украіна нанесла рэкордную колькасць удараў беспілотнікамі па расійскіх НПЗ
Колькасць атак украінскіх беспілотнікаў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах рэзка ўзрасла ў студзені.
За першы месяц 2025 года БПЛА атакавалі заводы сем разоў — больш, чым у любым месяцы мінулага года.
Спыненне некалькіх НПЗ можа справакаваць дэфіцыт паліва на расійскіх запраўках, аднак пакуль сітуацыя выглядае кіруемай расійскімі ўладамі, мяркуюць эксперты, піша «Агентство».
У студзені дроны атакавалі нафтаперапрацоўчыя заводы ў Валгаградскай, Ніжагародскай (два НПЗ), Разанскай, Саратаўскай абласцях, а таксама ў Татарстане.
У снежні БПЛА атакавалі НПЗ толькі адзін раз, у лістападзе — два разы. У кастрычніку і жніўні атак не было, у верасні і чэрвені паведамлялася толькі пра адну атаку за месяц. Блізкая да студзеня колькасць атак была летась толькі ў сакавіку і маі (па шэсць у кожным месяцы).
Пры аналізе ўлічваліся толькі выпадкі, калі паведамлялася пра пашкоджанні на тэрыторыі НПЗ.
Як мінімум адзін атакованы завод — Разанскі НПЗ — спыніў перапрацоўку нафты пасля атакі. Паводле ацэнак экспертаў, пасля спынення працы гэтага завода аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расіі могуць знізіцца да 5,2-5,3 млн барэляў у год, што характэрна для перыядаў веснавых і асенніх прафілактычных работ.
Былы топ-мэнэджар «Газпрам нафты», а цяпер навуковы супрацоўнік Цэнтра Карнегі мяркуе, што расійская эканоміка і нафтавая прамысловасць могуць адносна лёгка вытрымаць спыненне працы некалькіх НПЗ на некалькі тыдняў. Дэфіцыт паліва з-за спынення Разанскага НПЗ могуць кампенсаваць заводы, размешчаныя ў Маскве, Яраслаўлі і Кставе Ніжагародскай вобласці.
Атакі на НПЗ сталі часткай больш маштабнай кампаніі Украіны па нанясенні ўдараў па расійскай нафтавай інфраструктуры. Акрамя заводаў, атакам таксама падвяргаюцца нафтабазы і станцыі трубаправодаў.
Рэзкае ўзмацненне ўдараў па расійскім нафтавым комплексе можа быць звязана са зменамі на сусветных рынках. У сакавіку мінулага года ЗША прасілі Украіну спыніць атакі на расійскую энергетыку, паколькі асцерагаліся росту сусветных цэн на нафту.
Аднак цяпер, паводле прагнозаў Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у гэтым годзе рынак можа сутыкнуцца з лішкам у 1 млн барэляў у дзень. На гэтым фоне ў пачатку студзеня ЗША ўжо ўвялі супраць расійскай нафтагазавай галіны найжорсткія санкцыі: пад абмежаванні трапіла значная частка «ценявога флоту» Расіі, «Газпрам нафту» і «Сургутнафтагаз».
Каментары