Фонд «Камунікат» перавыдаў знакамітыя ўспаміны Ларысы Геніюш. У Беларусі яны выходзілі пад назвай «Споведзь». Зараз яны выходзяць у Беластоку пад назвай «Птушкі без гнёздаў».
«Ларыса Антонаўна Геніюш (1910—1983) выдатная паэтка з самабытным голасам. Яна прайшла жудасныя этапы, сталінскія лагеры смерці. Твор — шчыры аповед нязломнага, дарэшты адданага Бацькаўшчыне чалавека, бясконца ўлюбёнага ў свой родны край, у людзей сваей зямлі. Аддаючы даніну памяці выдатнай дачцы беларускай зямлі Ларысе Геніюш, Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку і Фонд Kamunikat.org выдаюць яе ўспаміны «Птушкі бяз гнёздаў», — паведамляе фонд «Камунікат».
Кнігу можна замовіць са зніжкай ужо цяпер на Kamunikat.shop Высылка пасля 16 лютага 2025 г. Каштуе яна без перасылкі 50 злотых (12 еўра).
***
Ларыса Міклашэвіч, беларуская паэтка родам з Ваўкавышчыны, выйшла замуж за доктара Янку Геніюша, які вучыўся і жыў у Празе. Жыла ў Чэхаславакіі з 1938 года. У жніўні 1948 года іх арыштавалі савецкія ўлады. У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў зняволення ў лагерах. У 1956 разам з мужам часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.
Ларыса Геніюш прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, тут бывалі частымі гасцямі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.
Успаміны «Споведзь» расказваюць пра яе дзяцінства, выезд у Прагу, Другую сусветную вайну, арышт, допыты, канцлагер.
Каментары