— Сегодня будет ад, — сказаў Паша, дэманструючы далонню батарэю мудрагеліста аформленых і запячатаных сургучом бутэлек.
— В смысле? А что там? — перапытаў Ягор, мажны хлопец год 35-ці з кранутай белымі пасмамі барадой, айцішнік.
— Самогон, — Паша ўсміхнуюся.
— Бля-я-я, — Ягор тэатральна ўзяўся за галаву, — я пошел…
— Стоять, ни х..я! — Паша прыклаў трубку кальяна да вуснаў, было чутно, як недзе ўнутры алхімічнага апарата шалеюць бурбалкі. Ягоныя вочы смяяліся і праціналі суразмоўцу наскрозь.
Несцяровіч адно закашляўся і струсіў попел з цыгарэты ў празрыстую шкляную попельнічку. Не тое, каб ён не любіў кальян як жанр, не. Наўпрост з цыгарэтай усё прасцей. Кажуць, што люлька — гэта як твая сталая жанчына: яе трэба любіць, даглядаць, яна грэе далонь. Цыгарэта — як шлёндра: выпаліў і выкінуў, каб праз паўгадзіны зноў пацягнуцца да пачка — яны ўсе аднолькавыя. Што такое кальян, Несцяровіч яшчэ не прыдумаў. Ягоная люлька ляжала немаведама дзе, а мо ўжо і згубілася. Ён паліў цыгарэты. Да Новага года заставалася каля трох гадзін.
Паша, хударлявы чалавек без узросту ў пакоцаным швэдры, дзіравых джынсах ды кавалерыйскіх ботах (ён трымаў пару коняў), практыкаваў такі стыль зносінаў з блізкімі сябрамі і не толькі. Ён меў на гэта права. Гэта ягоная кальянная, ягоныя дзяўчаты-коткі ў чырвоных блузах ды чорных фартушках, ягонае прыглушанае святло, якое фарбавала ўсё і ўсіх колерам вохры, ягоны акіян з дыму, які часам гусцеў да такой ступені, што ў ім, падавалася, можна занурыцца… але ці выплывеш?
На Новы год шынок быў зачынены для паспалітага люду, таму хіпстары і студэнты з Блізкага Усходу адно цалавалі зашклёныя дзверы. Тут збіралася сваё кам’юніці. Пашава кам’юніці. Тыя, каго ён паклікаў з нейкай толькі яму вядомай ідэяй, якіх было поўна пад выстрыжанай іракезам чарапной каробкай, а магчыма, проста, каб накідацца. Чаму не?
— Фу-у-у-ф, здоров, Паш, пришел! — з сутарэнняў выплыў невысокі чарнявы хлопец у расхрыстаным пухавіку.
— Приве-е-ет. Принес? — Паша любіў расцягваць словы або наогул прамаўляць шэптам, каб усе прыслухоўваліся.
— Что? А-а-а… Забыл. Ну, быстро бежал, — хлопец пачаў скідаць пухавік ды круціць галавой у пошуках свабоднага лежака.
— Ну так п…здуй, чо пришел?
— В смысле?.. — чарнявы разгубіўся і выглядаў ужо на школьніка, які забыўся ў хаце дзённік.
— Ну, едь, бери, и сюда. Время ж есть еще до двенадцати.
— Мммм, а мне…
— Коля тебя завезет, он на входе.
— А-а-а, да? Угу, — «двоечнік» зноўку схаваўся ў цемры.
Гэта быў толькі пачатак, кам’юніці яшчэ збіралася, каб ляніва распаўзціся па лежаках, пацягваць тэкілу і ром, выпускаючы аблокі дыму. Кампанія даволі стракатая — кагосьці Несцяровіч ведаў, кагосьці бачыў упершыню. Айцішнікі, рэстаратары, каўказцы, цалкам незразумелыя асобы, дзяўчаты ў вячэрніх сукнях з нафарбаваным чорным пазногцямі…
— А што ён мае прынесці? — Несцяровіч узяў з блюда з нарэзкай кавалачак сыру.
— Спирт. Медицинский. Он врач, — Паша з сур’ёзным выглядам кіўнуў пару разоў.
— М-м-м… А гэтага ўсяго — мала?
— Естественно!
Па сценах з нетынкаванай чырвонай цэглы былі развешаныя партрэты князёў ды каралёў дзяржавы, па якой дагэтуль сумуе прыкладна траціна Несцяровічавых сяброў. Аўгуст Моцны, Стэфан Баторы, Жыгімонт Ваза, крыху далей — Кірыла Тураўскі і Ян Караль Чапскі… Былі нават экзатычныя персанажы, кшталту Генрыха Валуа альбо Лжэдзмітрыя. Выява апошняга была некананічнай, з вусамі, у мехавой шапцы, і больш нагадвала вугорца Улада Цэпеша. Былі яшчэ старыя мапы, пара медзярытаў з батальнымі сцэнамі з вайны 1812-га года, бюст Касцюшкі на стойцы ды шмат іншага.
Са сценаў на людзей глядзелі цені мінулага, хаця самі людзі сярод аблокаў дыму, прыфарбаваныя святлом колеру вохры, нібы ўдзельнікі забытага рытуалу эпохі бронзы, таксама нагадвалі цені… Свет ценяў, куды можна трапіць, але выбрацца назад будзе ўжо складана. Несцяровіч таксама некалі зайшоў сюды і… застаўся. Ён часам разважаў, што яму нагадвае гэтае змрочнае месца з сістэмай выцягнутых і пераблытаных хадоўкалідораў? Лабірынт? Пекла? А магчыма …наўпрост кішка?
— Слухай, Паш, а што гэта за люк? — Несцяровіч шчоўкнуў насом красоўка па масіўнай металічнай крышцы, якая вызірала з-пад лежака, наўпрост на падлозе.
— Люк. Канализация. Бездна с говном, короч, — Паша ізноў усміхнуўся, але не вуснамі, адно празрыстымі, як вада ўвосень, вачыма.
***
Вялізная кватэра падавалася халоднай і чужой. Таня блукала па ёй, ацэньваючы нестандартную італьянскую планіроўку з няправільнымі вуглаватымі выгінамі сценаў, кутамі нябачных памяшканняў, якія нагадвалі шыпы фартыфікацыяў. Падавалася, што тут папросту можна было заблукаць. За вакном 13-га паверха роў вецер, якога не было чуваць праз немату шклопакетаў: яна ведала, што вецер раве, і гэтага было дастаткова. Прайшоўшы праз студыю, спаяную з кухняй, яна падышла да балконных дзвярэй, адчыніла, ступіла босымі нагамі на прамерзлыя дошкі. За акном блішчэў агнямі, нібы БуэнасАйрэс, заснежаны Мінск.
Калі яна адчыняла акно, замацаванае на калёсіках, зарыпеў заледзянелы ад дзённага сонца снег, а нейкі лядзяш адарваўся і паляцеў уніз. Халоднае паветра звонку, падавалася, учапілася ёй у валасы, наўмысна кусала твар, аголеныя плечы, пальцы. Яна яшчэ шчыльней захуталася ў коўдру, але не зачыняла, пакуль не зірнула ўніз. Там, на доле, не было нікога, адно раз’езды ад колаў ды самотныя аўто, запаркаваныя жыхарамі высоткі, якія сядуць за стырно адно ў новым годзе, ды не факт яшчэ, што на першы дзень. Троху далей быў стары парк, скаваны льдом вадаём, назвы якога яна не ведала, трубы нейкага завода і панарама сталіцы. Там, далёка, у сталёвых прамянях ззялі прывакзальныя вежы, цэнтр, а значыць — ён недзе там.
Вяртаючыся на кухню, яна ўключыла электрычны імбрык. Гарбата з зёлкамі — ці не найлепшы напой на Новы год? Тусоўкі, музыка, алкаголь — гэта не для яе. Ужо не для яе. «Але калі ён хоча… няхай, — Таня штораз пераконвала сябе ў тым, што ўсё зрабіла слушна, нібыта колькасць паўтарэнняў мела паўплываць на яе стаўленне да сітуацыі. — Ён свабодны, хай ведае, што я не буду выносіць мозг… Хай цешыцца». Яшчэ хвілінку яна разглядалала магніты на лядоўні — з Тайланда, Прагі, Берліна, Львова, — а пасля, нібы апечаная, кінулася да круглага дубовага стала ў студыі: «Можа, званіў? Ці напісаў нешта, пакуль была на балконе?..»
Не, нічога. Пустка. Апошняе ягонае смс даслана тры дні таму, калі яна яшчэ была ў Вільні ды пакавала валізы, каб ехаць у шэры і самотны Мінск. На Новы год. Да яго. «Дабранач, кацёнак», — лаканічна, як заўсёды. А вось ужо і імбрык закаліхаваў… Кіпень змусіў высушаныя лісточкі чабору завіраваць у рытме танга, а ёй заставалася адно грэць рукі гліняным кубкам з хвалістым арнаментам. Рэшта прадметаў, якія атачалі яе ў ягонай кватэры, здаваліся максімальна халоднымі.
***
— Знакомься, эт Даша.
— Приве-е-е-ет, — шатэнка з курчавым валоссем і вытачаным тварыкам ускараскалася на высокае крэсла ля стойкі.
— Даша — стилист, работает в штабе Тро… кх-кхэх-кхэ! — Паша закашляўся, вымаўляючы імя вядомага расійскага апазіцыянера. — Сама из Минска, но сейчас в Москве уже… сколько?
— Три года! — дзяўчо ўсміхнулася.
— А это Лёша Нестерович, занимается тем же, что и тот п..здобол, на которого ты работаешь, только в Беларуси. Если будет умным и красивым — может, чот добьется. А, ну и махровый националист…
— Мммм, — дзяўчына зрабіла выгляд, што ёй цікава.
— Вітаю, прыемна, — Несцяровіч нязмушана ўсміхнуўся.
Памяшканне пакрысе запаўнялася, з сутарэнняў выплывалі ўсё новыя і новыя пары, хлопцы віталіся з Пашам, дзяўчаты пагладжвалі яго па плячах, цалавалі ў шчаку ды ішлі далей, каб займаць вольныя пакуль лежакі. Паша абарочваўся не заўсёды, часцяком наўпрост падаваў руку праз плячо. Тут жа, поруч, бегала некалькі кальяншчыкаў у фартушках. Прынамсі адзін з іх, як падалося Несцяровічу, меў вытатуяваную невялічкую карону на шчацэ — нібы слязінку. Стылізаваная карона з зубцамі ў форме іклаў — сімвал гэтага шынка. Такая ж самая карона на Пашавым срэбраным сігнэце на левай руцэ. Золата ён чамусьці не любіў.
— Егеря? — Паша зноўку звярнуўся да Дашы.
— Не-е-т, вина. Красного.
— Катюша-а-а-а, вина даме! А мы пока фотки посмотрим, купил на днях…
Калекцыянеры, як вядома, падзяляюцца на два тыпы. Першы — гэта тыя, хто хавае свае скарбы і дрыжыць над імі ў глыбокіх пячорах нерамантаваных хрушчовак, як гномы ў казках. Другі — тыя, хто атрымлівае асалоду ад дэманстрацыі збораў, а часам з лёгкасцю дорыць прадметы сябрам ці калегам: нагуляўся — і хопіць. Паша належаў да другога тыпу. Гэтым разам ён паказваў на планшэце сканы здымкаў невядомага фатографа з падарожжа ў Туркістан у 1910-х, напярэдадні Вялікай вайны. З чорна-белых бачынаў усміхаліся раскосыя дзеці ў лахманах, суворы качэўнік у каракулевай шапцы стрыг барана, ягоныя супляменнікі збіралі альбо разбіралі юрту, а пад шырокім стэпавым небам з пагардай глядзелі на падарожніка ці тое магілы, ці тое малельні, складзеныя з дзікага каменю.
Каб лепш разглядзець здымкі, Несцяровіч падсунуўся бліжэй да Дашынага пляча, схаванага пад белай цішоткай, нават злёгку крануўся яго няголеным падбароддзем, адчуўшы сярод тытунёвага смуроду лёгкі пах яе парфумы. Даша азірнулася, на імгненне іх погляды сустрэліся. У ейных зялёных вачах гарэў агонь, які падаўся яму вельмі знаёмым, але… Зрэшты, можа, не вочы, а толькі агонь? Яе твар ужо не выглядаў чужым і штучным, але Даша як мага хутчэй зноўку ўтаропілася ў планшэт з даляглядамі Туркістана. Мабыць, каб не раздражняць гасціннага гаспадара гэтага прытулку самотных душаў.
***
Класік рэвалюцыі пісаў, што няма лепшага, як разглядаць кнігі з чужой бібліятэкі на «левай хаце», калі ты «сышоў на дно», калі ніводная мярзота ва ўсім свеце не ведае тваёй лакацыі. Таня праводзіла пальцамі па карашках выданняў, нібы грала на фартэпіяна: чорнае, белае, зноў чорнае… Кіплінг, Ламбразо, Герберт Уэлс… Дзіўны набор. Яна не ведала словаў класіка рэвалюцыі, не чытала «Вайны ў натоўпе». Рэвалюцыя была для яе рамантыкай панкаўскіх канцэртаў маладосці, прыгожым лозунгам на цішотцы альбо графіці на сцяне — адным вогненным словам, якое некалі магло змяніць жыццё. Некалі… Зрэшты, гэта не перашкаджала ёй разглядаць кнігі. Пра яе месцазнаходжанне сапраўды ніхто не ведаў. Ніхто, апроч Несцяровіча.
У кватэры было яшчэ шмат цікавага, часам незразумелага. Скажам, мапа Мінска на сцяне выглядала цалкам да месца: «Ён з Горадні, відаць, яшчэ не звыкся, чаму не?» Белы бюст Міцкевіча на падаконні — гэта нават рамантычна. Таня ўсміхнулася, узяла яго ў рукі і, пакруціўшы, паставіла на месца. А вось яшчэ бюст: чорны… плечы, шыя — усё нібы чалавечае, але галава — масіўная, з выкручанымі рагамі, налітымі жыламі па баках, поўсцю і вялізнымі пустымі вачыма без зрэнак. «Божа, што гэта…» — дзяўчо спачатку паднесла руку, каб крануцца, але так і не наважылася, хуткім рухам адсунула далонь назад. Пралыкнуўшы сліну, яна ледзьве чутна прамовіла ўголас: «Мінатаўр».
***
— Принес, вот! — запыханы хлопец у пухавіку зноўку выплыў з цемры.
— М-м-м-м, молоде-е-ец, оно? — Паша паказаў вачыма на бутэльку-штоф з квадратным донцам.
— Угу.
— Чем докажешь?
Бачна было, што хлопец ізноў разгубіўся: амаль так жа, як на пачатку, калі быў адпраўлены па бутэльку на іншы канец горада. Пасля паўзы ён рэзкім рухам скінуў пухавік, закасаў кашулю па локаць, дапамагаючы сабе зубамі, і, урэшце, раскаркаваў сасуд. Празрыстае змесціва пацякло па пальцах, маленькімі кропелькамі спадаючы на падлогу. Некалькі столікаў побач спынілі размовы, дзяўчо непадалёк ад Несцяровіча схавалася за мажную спіну Ягора.
— Давай, давай, гуще! — Паша, не выпускаючы трубкі кальяна з вуснаў, настройваў відэакамеру на смартфоне.
Урэшце хлопец пстрыкнуў запальнічкай і павольна, нібы несучы апошнюю запалку ва ўсім свеце да ратавальнага вогнішча чалавецтва, набліжаў агонь да далоні. В-у-у-ух! — сіняе полымя апанавала руку, нехта з дзяўчат за столікам крыкнуў, упала нешта металічнае: нож ці відэлец… Хлопец рэфлекторна збіваў полымя аб джынсы, аб пінжак, пакуль адзін з афіцыянтаў, той, з татуяваннем-каронай на шчацэ, які апынуўся побач, не накінуў на «жывую паходню» коўдру.
— Уау-у-у-у-у, клас! — Паша націснуў на стоп, адклаў смартфон і запляскаў у далоні.
Вакол пачуўся смех, нехта выдыхнуў з палёгкай, перад тым як падтрымаць апладысменты.
— Ну, будзьма?!
— Будзьма!
— Гэй!
— Будзьма!
— Гэй!
— Будзьма!
— Гэй! Гэй! Гэй!
Маленькія батыскафы з самагонам, тэкілай, ромам, бехераўкай ды ўсялякай усячынай паплылі па зале скрозь акіян дыму, каб на імгненне зліцца ў пацалунку, а пасля пераліць сваё змесціва ў страўнікі і галовы гасцей. Пакутніку, які, відаць, працверазеў пасля «фаершоу», таксама налілі кілішак. Толькі заліўшы ў сябе самагон ды яшчэ раз зірнуўшы на далонь, якой, вядома, нічога не сталася, ён павесялеў, пачаў усміхацца ды нават адгукацца на жарты з усіх бакоў.
— Жареным запахло, клас!.. Еще раз? Тут не все сняли просто… — Паша прагнуў працягу шоу.
Вакол з-за сталоў у бок хлопца пацягнуліся рукі з запальнічкамі: пад агульны рогат кожны другі гатовы быў падзяліцца маленькім агеньчыкам з кішэні. Хлопец, аднак, быў не ў захапленні ад ідэі ды адмоўна захітаў галавой.
— Эт херня все, лей мне, — аднекуль здалёк у бок эпіцэнтра падзеяў спружыністай хадой набліжаўся таўстун год трыццаці ў каляровай цішотцы ды акулярах. Калі Несцяровіч усё правільна запомніў, ён працуе ці працаваў раней у «Белавія». — Лей мне на руку!
Заўважыўшы нерашучасць на твары «фаершчыка», таўстун сам узяў бутэльку, якую ніхто не паспеў закаркаваць, і абліў руку ажно па локаць. Здаецца, нават дзелавіта прасачыў, каб спірт пакрыў максімальную плошчу. Звычайна так назіраюць за алеем, які разліваецца па патэльні перад засмажкай бульбыфры.
Зноўку пстрыканне запальнічкі — і зноўку слуп белаблакітнага вогнішча. Розніца была ў тым, што таўстун не кінуўся гасіць яго адразу, ці тое асмялеўшы пасля ўдалага заканчэння папярэдняга эксперыменту, ці тое… наўпрост «падвіс» на момант, пакуль полымя шугала водбліскамі ў лінзах ягоных акуляраў. Цікава, што ён там убачыў? Куды глядзеў? Ці нехта глядзеў адтуль на яго?.. Сітуацыю зноўку ўратаваў афіцыянт, полымя знікла пад коўдрай.
— Бл….я-я-я! — твар таўстуна сказіўся, а вочы пераўтварыліся ў танюткія складачкі, схаваныя пад шклянымі шчыткамі ў модных рагавых аправах, цела сагнулася напалову.
Да хлопца падбегла даволі вульгарна размаляванае, як падалося Несцяровічу, бялявае дзяўчо ў бліскучай сукні, якое дагэтуль сядзела побач з былым альбо дзейным супрацоўнікам авіякампаніі. Разам з афіцыянтам яны павялі няўдаху ў сутарэнні, адкуль можна было трапіць як на вуліцу, так і ў прыбіральню ці на кухню, дзе ёсць халодная вада.
— Катюш, льда ему принеси! — вяла адазваўся Паша ў бок афіцыянткі-коткі ў чорным фартушку. Дзяўчо з сабраным у хвост валоссем ды кальцом у носе кінулася даганяць кампанію, што суправаджала «параненага».
«Далба…б, чо. Каждый сам кузнец своего… несчастья», — Пашу выпадак не асабліва засмуціў, апошнія словы ён прамовіў паблажлівым тонам настаўніка па фізіцы, які толькі што правёў з вучнямі эксперымент. Столікі побач таксама хутка пра ўсё забыліся ды вярнуліся да свецкіх размоваў — «Бахнем по сто?»
«Цікава толькі, што ён там убачыў, у агні?» — праляцела думка ў галаве Несцяровіча, хутка, нібы рыба брохнула недзе ля берагу, пакінуўшы колы на імклівай паверхні патоку няспынных вобразаў і асацыяцыяў. Ён выпіў. Даша таксама лыкнула з келіха свайго чырвонага, а пасля злёгку аблізала акрайчыкам языка тонкія вусны. Іх позіркі зноўку сустрэліся.
— Ты паліш? — Несцяровіч у момант адкінуў надакучлівыя думкі ды ўсміхнуўся дзяўчыне.
***
Таня змушала сябе чытаць з планшэта, захутаўшыся ў коўдру на канапе ў студыі. Але кніга, нешта там з рэжысуры ці аператарскага майстэрства, не давалася: літары не складаліся ў словы, словы ў сказы, абзацы трэба было перачытваць па дватры разы, каб нешта зразумець. Ейныя думкі былі далёка, а чытаць нешта ў такім стане — пакута, не інакш. Урэшце яна адкінула планшэт ды ўтаропілася ў столю: «Божа, што я тут раблю…»
Спачатку, з месяц таму, усё падавалася ёй казкай: размовы пра літаратуру, такт, звароты на «вы». Так, ён дзіўнаваты, бывае. Так, не ўсе ягоныя сябры ёй падабаліся — ад аднаго выгляду Пашы пры першай і адзінай сустрэчы яе кінула ў дрыжыкі: «Іракез, магерка пад XVII стагоддзе, кажух… Хто гэта?» Але ж сябры не радня — сёння ёсць, заўтра не. Сцерпіцца, не галоўнае.
Урэшце, жанчыны любяць заглядаць у Несцяровічавы шкляныя шэрыя вочы, а ён калі вып’е… стае занадта камунікабельным і… Ну і што? Не чытаць жа праз гэта ягоныя смскі, не быць дурніцай, не-не-не… «Рэўнасць — прыкмета няўпэўненасці ў сабе» — гэтую фразу Таня нават на форзацы штодзённіка прапісала, каб не забыцца.
«Тэлефон, так! Урэшце, я хачу спакойна заснуць…» — Таня пацягнулася да белага корпуса смартфона, які ляжаў на падлозе побач, каб, як што, нічога не прапусціць, але… Выклікаў не было. Адгартаўшы да запісу «Каханы», яна скамянела на імгненне, яшчэ раз глянула ў акно, на столю, заплюшчыла вочы, глыбока ўдыхнула і, палічыўшы ў галаве да сямі, выдыхнула. Выклік. Пайшлі гудкі… Першы. Другі. Пяты. Сёмы….
«Ну бл…, какова х…я?!» — гэтыя словы яна прамовіла ўголас, амаль пракрычала. Нешта ўсярэдзіне змусіла вымавіць хоць нешта, хай і не ў слухаўку, хай ён не пачуе, хай яе ніхто не пачуе сярод гэтай пустэчы праклятых неабжытых сценаў. Смартфон паляцеў на падлогу і не разбіўся толькі таму, што трапіў на пухнатую паверхню дывана, які, здаецца, яшчэ захоўваў іх учорашнія сілуэты… Але тое было нібы сто год таму.
Яна скіравалася да дзвярэй… Клямка, уверх, уніз, яшчэ раз… Зачынена. Ключы? Так, ключы! Люстэрка, гачкі, маць іх, палічкі, тумбачкі, дзівацкі парасоль з драўлянай ручкай… «Ні х…я тут нет… Ні х…я!» Ёй хацелася крычаць, але рот адно адкрыўся, каб набраць паветра, нібыта ў рыбіны, якая трапіла ў нерат да спрытнага лаўца. Хацелася лыкнуць сліну, але ў роце ўсё высахла. Яе губы злёгку дрыжэлі.
Прыхіліўшыся спінаю да чорных металічных дзвярэй з матавай паверхняй, яна ўрэшце заплюшчыла вочы ды павольна спаўзла на падлогу, так і сеўшы на дыванку з гатычным надпісам. ‘Salve’ — гэта прывітанне па-лацінску. Так ён тлумачыў, калі яна ўпершыню зайшла ў гэтую кватэру. Тлумачыў і ўсміхаўся. І вочы ягоныя смяяліся… «Кончаная… За што?» — дзяўчо апусціла галаву на далоні, а кавалак коўдры, што прыкрываў яе незапатрабаванае сёння маладое цела колеру бронзы, споўз на кафельную падлогу, агаліўшы грудзі ды зацвярдзелыя ад холаду смочкі. Нарэшце, яна ўголас заплакала.
***
— …Ну, война, и чо? Там, во всяком случае, первые лица страны под «Здравствуй, чужая милая» не зажигают. Угу. Там культура, театр, кино. А тут? Деньги, — Даша выпусціла шэры струмень з лёгкіх, — тоже там…
— Ведаеш, я думаў, каго-о-о ты мне нагааадваеш…
— Н-у-у-у, и? — яна ўсміхнулася і паблажліва паглядзела на Несцяровіча.
— Гэтыя вочы… Я іх бачыў. У Берліне, — Несцяровіч некалькі разоў махнуў рукой, нібыта Берлін знаходзіцца там, за сценкай, — і пасля. Тут… У Кур-р-рапатах.
— Где, прости?..
Ён зацягнуўся, на імгненне ўтаропіўшыся ў канцэртную афішу на сценцы, пасля чаго расчавіў недапалак у празрыстай попельніцы. Яны палілі ўдвох на драўлянай лаўцы ля выхада. Перыядычна па той бок празрыстых шкляных дзвярэй праносіліся таксі, а па падлозе праслізгвалі цені мінакоў.
— Не важна.
— Не важно, — яна зноўку ўсміхнулася і акуратна прыбрала пасму валасоў з ілба: між пальцаў была заціснутая тонкая цыгарэта.
Спрытным рухам Несцяровіч запусціў далонь у гэтыя курчавыя валасы, намацаўшы шыю, ды падцягнуў дзяўчо да сябе, смакуючы тонкія вусны. Ягоная левая рука тым часам ужо намацала сумёты грудзей. Даша была без станіка, а Несцяровічава рука ўжо схавалася пад белай цішоткай… Даша войкнула, не адрываючы вуснаў, адно прыадкрыла на момант бліскучыя апантанасцю зялёныя вочы: яе правая рука з цыгарэтай была бездапаможна выцягнутай у пустку.
Несцяровіч ачомаўся адно, калі з вуліцы пачулася кананада. Салют. Значыць, ужо дванаццаць. Водбліскі агню адбіваліся ў шыбах сталінкі насупраць, а ў прыпаркаваных аўто ўніз па Маркса пачала спрацоўваць сігналізацыя.
— Э-э-эй, — гэтым разам ужо Таня паклала яму руку на патыліцу, злёгку пагладзіўшы валасы з рэдкай сівізной.
Ізноў пацалунак, і ягоная рука ўжо спускаецца ніжэй ейнага пояса, адчуваючы цяпло ўнутранага боку сцёгнаў, шво пакрову сініх джынсаў, металічную маланку, нарэшце, дабраўшыся да крыніцы цяпла, якое не магла схаваць ніякая вопратка. Гэтае цяпло мела для яго асаблівы сэнс. Пакутуючы ад галаўных боляў прыкладна раз на месяц, ён абавязаны быў знайсці дзяўчыну ды наўпрост пакласці ёй галаву ніжэй за пояс, ля паха. Няважна, якую дзяўчыну. Няважна дзе. Тады, праз хвілін дзесяцьпятнаццаць, ад болю не заставалася і следу, а сам ён часам засынаў. Гэты спосаб ён некалі адкрыў выпадкова, каб не забывацца на яго ўжо ніколі. Чаму так? Ён не мог патлумачыць.
— М-м-м, хорошо, — у праёме стаяў Паша, задаволена ўсміхаючыся ды сціскаючы ручку палкі.
Несцяровіч спачатку тузануўся, убачыўшы каржакаватую фігуру, што ўпіралася плячом у сцяну з нетынкаванай цэглы. Даша ў момант адсунулася ўбок ды тыльнай часткай далоні выцерла вусны. Хуткім рухам згасіўшы недапалак, яна скіравалася да Пашы, слізнула мімаходзь пальцамі па ягоным плячы ды знікла на лесвіцы, што вяла ў асноўнае памяшканне. Паша правёў яе позіркам, каб затым звярнуцца да Несцяровіча звыклым іранічным тонам:
— Загрустил? Чо, по 50?..
***
— Это Вова, — Паша ўказаў на невысокага шчуплаватага хлопца ў пінжаку з хударлявым тварам і лёгкай няголенасцю. — Я про него рассказывал, он работал в Сьера-Леоне, кажется, укхэк-хэээ, — пакуль Паша кашляў, Вова, які сядзеў тут жа, усміхнуўся і жэстам паказаў, што ідзе ў прыбіральню. — Стой! Ладно… Так вот, он там… Помните историю про исчезнувшего российского геолога? Угу, читали. Так вот. Его искали, думали, в плен кто взял для выкупа или съели… Все оказалось интереснее…
—Да-да, в ленте «фэбэ» кто-то постил… — Ягор яшчэ мацней прыабняў сваё чарнявае дзяўчо. Была ўжо прыкладна другая гадзіна ночы, і кам’юніці канчаткова пераўтварылася ў купкі па інтарэсах: нехта танчыў, нехта спаў тут жа, нехта, хістаючыся, цягнуў партнёра ў прыбіральню…
— Так вот, — Паша працягваў, — этого геолога все-таки нашли… Мертвого. Его взяли в плен, посадили в яму или куда-то там. Но не для выкупа…
— А зачем?..
— Слушай! — Паша махнуў рукой і адмоўна пахітаў галавой. — К нему каждую ночь водили баб. Из племени. Ну, чтобы он их тр…хал, или они его… а вождь, или там шаман, считал, что так улучшает генофонд своего… комьюнити, — Паша зацягнуўся кальянам. — Так и затрахали.
— Же-е-е-сть, — Ягорава дзяўчо прыклала далоні да вуснаў, зрабіўшы вялікія вочы.
Несцяровіч адно ўсміхнуўся ды пацягнуўся па чарку… там было ўжо пуста.
— Давай сюда, — тут жа адазваўся Паша.
— Нене, пакуль хопіць, — Несцяровіч прыўстаў. — А колькі часу?
— Якая розніца? — Паша часам любіў выдаваць кароткія фразы па-беларуску. — А, Даш, какая разница?
— Нет разницы, — паўшэптам пагадзілася Даша, хаваючы ўсмешку ў келіху.
— Я… зараз, — злёгку хістаючыся, Несцяровіч падняўся, спрабуючы зразумець, дзе пакінуў сваю куртку.
Дабрацца да яе было няпроста: зверху вырас ужо цэлы сумёт з паліто, дублёнак, шалікаў ды ўсялякага рознага. Ага, вось, ёсць. Тэлефон у кішэні…
На месцы. «Кацёнак». Два прапушчаныя. Несцяровіч сціснуў сківіцы. «Перазвоньваць? Зараз?..»
— Э-э-й, ну чо там? — Паша праз плячо гукнуў з іншага канца залы.
— Зараз, хвілінку.
«Набраць, каб не шкадаваць пасля» — фармулёўка падалася Несцяровічу даволі пераканаўчай. Першы гудок. Другі. Трэці. Пяты… «Спіць? Верагодней за ўсё… Бл…!» Несцяровіч павольна правёў далонню па некалькі дзён няголеным твары, нібы намацваючы знаёмыя контуры, каб зразумець: гэта яшчэ ягоны твар альбо ўжо не. Расплюшчыўшы вочы, ён заўважыў на сабе нечы позірк. Гэта яна, Даша, падняла келіх, нібыта п’ючы за яго здароўе, а затым ледзьве бачна лізнула крайчыкам языка сценку келіха і толькі пасля пакаштавала, не адрываючы ад Несцяровіча смарагдавых вачэй.
— Ты все-е-е-е? — Паша кінуў у бок Несцяровіча, які ўжо нацягнуў на адну руку куртку і з цыгарэтай рашуча скіроўваўся ў сутарэнні, за якімі было выйсце.
— Не, я пакурыць.
— Тут куры.
— Я… зараз.
Дзверы нарэшце грукнулі за ягонай спінай. Хлопец зашпіліў куртку, пстрыкнуў запальнічкай і пусціў першы струмень дыму ў марознае паветра. На вуліцы з прыкрытымі белай коўдрай ходнікамі было пуста. У прамянях ліхтароў было відаць, як з неба няспешна спускаюцца невагомыя сняжынкі. Некалькі крышталікаў апусцілася на ягоную далонь, якая сціскала цыгарэту. Несцяровіч нават паспеў ацаніць гармонію іх дасканалай канфігурацыі, якая праз імгненне пераўтварылася ў нішто.
***
У вокнах Несцяровічавай кватэры ўжо не было святла. У кухністудыі на круглым стале з цёмнага дрэва стаяла самотная свечка. Аганёк часпочас выгінаўся з боку ў бок: адзін шклопакет быў прыадчынены, праз шчыліну ў памяшканне заляталі рэдкія сняжынкі, каб тут жа пераўтварыцца ў кропелькі вады на белым пластыку падаконня. Водбліскі святла танчылі на нямецкіх піўных куфлях, калекцыю якіх сабраў арэндадаўца кватэры, на акварэлі з выявай парыжскай кавярні, што вісела над канапай, на чорным скульптурным абліччы Мінатаўра.
На канапе, захутаўшыся ў клятчатую коўдру, нерухома ляжала Таня. Побач з ложкам, на падлозе, сумаваў пачаты пачак «Sobranie»: яна усё ж такі знайшла заначку Несцяровіча, каб зацягнуцца ўпершыню за апошнія два гады. Яе каштанавыя валасы былі раскіданыя па скамечанай чорнай цішотцы. Ён любіў, калі яна гатуе есці, маючы на сабе з адзежы толькі гэтую цішотку — ягоную цішотку.
***
Канешне, таксі можна было выклікаць адразу на Маркса альбо спытаць Колю, які традыцыйна дастаўляў ягонае слабаадэкватнае цела дадому, але Несцяровіч хацеў сысці адсюль як мага хутчэй. Чаму? Бо ў гэтым містычным месцы не пройдзе і пяці хвілін, як з’явіцца тройкадругая нагодаў, каб застацца. Урэшце, «кацёнку» ён абяцаў, што выскачыць «на гадзінку-паўтары, павітацца». Магчыма, прызнаўшы некалі, што лгаць — абавязковы элемент жыцця і камунікацыі, на падобныя дробязі ўжо не звяртаеш увагі.
Вуліцу Маркса ён прайшоў хіба напалову, вось ужо і сквер з Дзяржынскім застаўся за спінай. Зараз мае быць сквер, а там ужо і вакзал. Хоць нейкае таксі ды ён там вылавіць. Урэшце, шпацыр у такім стане — штука карысная, свяжэйшым дойдзеш. Людзей на вуліцы не было. Тамсям, нібы гільзы ад снарадаў, стаялі пустыя цёмныя бутэлькі ад шампанскага альбо драбнейшыя і празрыстыя — ад гарэлкі. Перыядычна дзенідзе яшчэ гучалі самотныя выбухі, нібы лінія фронту праходзіла зусім побач, але гараджане аказаліся настолькі п’янымі, што не надалі гэтаму значэння…
— Сігара будзет?
— Не, — Несцяровіч злёгку рыпнуўся, бо не заўважыў пары хлопцаў у вязаных шапачках на вочы, што выйшлі з брамы адразу за яго спінай. Адсканаваўшы ў момант чорныя сілуэты, ён рушыў далей.
— Алё!.. Сюда ідзі!
Несцяровіч адно ўсміхнуўся, але вырашыў не абарочвацца.
— Он жэ сам курыт, п..др, б…!
Тут нешта зрушылася ў ягонай галаве, нібы нехта націснуў кнопку, пасля якой сістэма ўключае аварыйны рэжым. Унутраны экран перафарбоўваецца ў чырвоны. Магчыма, гэта турэмнае заплечча, у якім існуе пералік недаравальных словаў. Магчыма, алкаголь. А можа, усё на купу. Ён спыніўся ды развярнуўся на 180 градусаў:
— Повтори.
— Он хацел сказаць, — ініцыятыву ўзяў другі «перамоўшчык», вышэйшы і хударлявейшы за першага. Ягоныя рухі выглядалі даволі скаардынавана для чалавека нападпітку, а словы ён спрабаваў прамаўляць нават з інтанацыяй, — што ему не нравіцца твая підарская паходка!..
Несцяровіч рушыў у бок пары. Наперад, нечакана, выйшаў першы «парламенцёр» ды паспрабаваў схапіць Несцяровіча за каўнер. Той збіў руку, злавіў ягонае запясце левай, а правай зрабіў захоп пад нагу, закінуўшы праціўніка сабе на спіну — вуу-у-ух! — адзін абарот і можна скідаць назад. Цела, нібы мяшок, павалілася ў снег, сабраны ў гурбу ля танюткага дрэўца на краі ходніка.
У гэты момант сам Несцяровіч ледзьве не страціў раўнавагу, а калі абярнуўся, перад ім, зусім блізка, быў ужо твар другога, вышэйшага, у шапцы на самыя вочы. Бух! — удар прыляцеў знізу і трапіў акурат у сківіцу. Несцяровіч упаў на нейкія прыступкі і яшчэ паспеў убачыць падэшву, што некалькі разоў апусцілася на ягоную галаву. Болю ён не адчуваў. Яму падалося, што нехта наўпрост выключыў святло альбо выцягнуў з разеткі штэкер ад старога камп’ютара, батарэя якога самастойна ўжо не трымае зараду. Экран згас.
***
Ягор, той самы, з кранутай сівізной барадой, асцярожна рабіў крок за крокам па галоўнай зале кальяннай, нібы ішоў полем бою, дзе зямля была высланая дзясяткамі трупаў. Тут і там ляжалі непрытомныя целы гасцей, паасобку альбо ў абдымку, з задранымі спадніцамі альбо згубленым чаравікам. Падавалася, што нехта адмыслова ствараў гэтыя кампазіцыі, дапасоўваючы сюжэты і персаналіі, нібы пісаў манументальнае палатно батальнага жанру. Вось, напрыклад, пакоцаная і перабінтаваная рука, выцягнутая на самым праходзе між столікамі. «Пацан из «Белавиа», поиграл с огнем,» — Ягор усміхнуўся ды рушыў далей.
На адлегласці, ля барнай стойкі, яшчэ танчылі дзяўчаты-коткі з абслугі, што ўжо паспелі пераапрануць свае чырвона-чорныя строі на цывільны лад. Ім было дазволена піць з гадзіну таму, вось яны і зажыгалі пад «Paint It Black», утварыўшы кола вакол мажнага 50-гадовага пузана ў чорнай кашулі на выпуск, які не хацеў здавацца і зараз, а 4-й ранку. Дзяўчаты, відаць, імкнуліся злавіць хаця б след навагодняй ночы, карыстаючыся адмашкай Пашы.
За барнай стойкай тым часам сумаваў хударлявы Вова, гартаючы, мабыць, стужку інстаграма альбо дамаўляючыся пра новыя вандроўкі і праекты ў Лівіі, Судане ці Самалі. Побач з ім не было дзяўчат, а сам хлопец падаваўся цалкам цвярозым, хоць увесь вечар і ноч правёў тут… таямнічая здольнасць, якая, мажліва, ужо ратавала яму жыццё і была ўбудаванай функцыяй ягонага інстынкту самазахавання. Ягоныя безэмацыйныя блакітныя вочы былі сканцэнтраваныя на экран, а вусны злёгку кранала ледзяная ўсмешка.
Самога гаспадара, падавалася, ужо не цікавіла хада вечарыны ды стан «кам’юніці». Ён заліп у маніторы планшэта, зрэдку перагортваючы пальцам каляровыя выявы. Побач з ім ляжала непрытомнае бялявае дзяўчо год 19ці ў бліскучай сукенцы. Адной рукой яна прыабдымала Пашу, а пальцы з пафарбаванымі ў белы і чырвоны пазногцямі бязвольна завіслі ў паветры.
— Мы пойдем, Анька уже никакая… — Ягор працягнуў далонь, каб развітацца.
— Ты у меня разрешения спрашиваешь? — не адрываючы вачэй ад манітора, ледзьве чутна перапытаў Паша. — Могли бы и тут заночевать. С утра пивка, все такое, м-м-м?
— Неее, ну-у… — Ягор усміхнуўся. — …А чо смотришь?
— Иконы.
Паша гартаў выявы абразоў беларускай школы іканапісу, здаецца, са збораў Мастацкага музея. «Шэрэшаўскія святыя», «Іаан Залатавуст», «Уваскрашэнне. Сашэсце ў пекла»… Некаторыя моманты ён павялічваў, набліжаючы рэальнасць экрана спрытным рухам пальцаў па сэнсарнай паверхні, некаторыя перагортваў хутка, не спыняючыся.
— Это старая беларусская школа, — Паша прыбраў руку бялявай дзяўчыны і запрасіў Ягора жэстам пасунуцца бліжэй. — Я не люблю русские… ну, византийские. Они не живые. А тут — все живое! Ну вот, святые, как ребята возле сельмага. Или вот… Воскрешение. Вот с Ним, я понимаю, хочется общаться! Хочется… Или не хочется.
Паша перагарнуў выяву ды адклаў планшэт на стол, дзе сярод пустых кілішкаў дагарала свечка, ды цяжка ўздыхнуў, нібы згадваючы нешта з далёкага мінулага. Пасля акуратна запусціў далонь у залатыя валасы спячай князёўны, пяшчотна гладзячы і ласкаючы яе, нібы котку.
— Ты хочешь быть богом?
— Я?! — Ягор у момант зрабіўся сур’ёзным.
— Не ты… Это был риторический вопрос. Еще раз… Ты хочешь быть богом? Я нет. Быть богом — значит про всех грустить и заботиться. Это не моя функция. Поэтому я Мефистофель, поздно меняться.
Паша сціснуў белыя дзявочыя валасы ў кулак. З-пад залатых пасмаў чорным колерам адлівалі ягоныя пярсцёнкі, якія, падавалася, адбіваліся аскепкамі чорнай дзіры, што некалі была святлом, але пераўтварылася ў цемру ды з’ядала ды выцягвала святло з наваколля. Гэта былі пярсцёнкі, скрадзеныя з курганоў ці сярэднявечных могільнікаў, апошнім, што можна было адабраць у нябожчыка, адначасна даўшы прадмету другое жыццё. Злавіўшы святло свечкі, срэбрам гарэў толькі адзін пярсцёнак, з выявай кароны з ікламі замест зубцоў. Дзяўчо, аднак, так і не прачнулася, а Паша расціснуў кулак і пяшчотна правёў двума пальцамі па ейнай шчацэ.
— Завтра приходи, у тебя ведь дело ко мне было, м? — пасля паўзы працягнуў Паша, не падымаючы вачэй на суразмоўцу.
— Ну, первое ж число, с Анькой поспать…
— Ну, как хочешь.
— А ты че, не спишь вообще?! — Ягор засмяяўся, але неяк нервова.
— А надо?.. — Паша падняў вочы і з усмешкай паглядзеў на суразмоўцу.
— Оххх… В девять?
— Угу.
— Ок…
— Ммм, хорошо! Увидимся!
Ягор узняўся ды, хістаючыся, пайшоў на пошукі чарнявай Ані. Паша ляніва пацягнуўся да стала за планшэтам, нечакана для сябе заўважыўшы там свечку. Пару імгненняў ён нерухома глядзеў у агонь, затым склаў вусны ў нябачным пацалунку: «Фух! Фууух!» — з другой спробы аганёк згас, а пад столю танюткім вертыкальным матузком пабег лёгкі струменьчык дыму.
***
Алесь Кіркевіч нарадзіўся ў 1989 у Гродне, у сям’і гісторыкаў. Пасля Плошчы-2010 асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Памілаваны ў верасні 2011. Працуе журналістам.
Каментары