У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла кніга, якая перамагла ў конкурсе рукапісаў «Шуфлядка» — «Забойства на вуліцы Макаёнка» аўтарства Клёка Штучнага.
«У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 году, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў — абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны.
Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў», — напісана ў анатацыі да гэтай кнігі.
Набыць кнігу можна праз сайты Knihauka.com і Allegro.pl.
Конкурс рукапісаў «Шуфлядка» праводзіцца камандай фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». На разгляд прымаюцца рукапісы ў трох катэгорыях: «Дзіцячая і падлеткавая кніга», «Нон-фікш і дакументальная проза» і «Масавыя жанры». Прыз для пераможцаў — падтрымка выдання папяровай кнігі.
Кніга Клёка Штучнага (псеўданім Аліны Б. Карповіч) летась перамагла ў трэцяй з пералічаных катэгорый — «Масавыя жанры».
Каментары