Палітвязня пачынаюць судзіць праз два гады пасля арышту. З яго захопленага акаўнта губазікаўцы паліваюць Азарава і «Байпол»
Максіма Ермаловіча затрымалі яшчэ ў студзені 2023 года. Тады губазікаўцы сцвярджалі, што ён павёўся на фэйкавую рассылку плана «Перамога». Цяпер хлопца пачынаюць судзіць — пагражае да шасці гадоў калоніі. На жаль, справа зноў у неабароненым акаўнце.
Максіму Ермаловічу, калі меркаваць па сацсетках, 31 год. Ён родам з вёскі Стайкі (хутчэй за ўсё, Баранавіцкага раёна).
Скончыў механіка-тэхналагічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Пра яго затрыманне сілавікі паведамілі ў студзені 2023 года. Тады яны сцвярджалі, што хлопец павёўся на фэйкавую рассылку плана «Перамога», якую рабіў ГУБАЗіК.
Акаўнт Ермаловіча дагэтуль актыўны, і нехта пакідае з яго каменты. Мы схільныя лічыць, што гэтым займаецца ГУБАЗіК, бо затрымлівалі Максіма менавіта яны, а ўсе каментары з акаўнта прысвечаныя крытыцы ўдзельнікаў «Байпола», у кіраўніцтве якога былыя губазікаўцы.
На жаль, Ермаловіч не мог абараніцца ў сваёй сітуацыі. Калі ён павёўся на фэйкавую рассылку і перадаў боту свой ID ды тэлефонны нумар, то ніякая абарона немагчымая.
Мы не ведаем, дзе Максім Ермаловіч быў са студзеня 2023 па студзень 2025. Цалкам верагодна, што ў СІЗА, але магчымыя і іншыя варыянты.
Адметна, што ў красавіку 2024 нехта замаўляў «Пашыраны пошук» па ягоным нумары тэлефона ў расійскім тэлеграм-боце «Вока Бога», якім карыстаюцца сілавікі.
Ермаловіча пачынаюць судзіць 11 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Абвінавачваюць Ермаловіча па двух артыкулах — «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Яму пагражае да шасці гадоў калоніі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары