«Сыходзьце на транзіт». Латушка звярнуўся да Лукашэнкі, Рыжанкова і Пяткевіч
«Калі вы сапраўды лічыце, што для вас Беларусь уяўляе каштоўнасць і важная дзяржаўнасць нашай краіны, ёсць толькі адзін спосаб».
У новым выпуску ТОК у былога пасла і міністра культуры, а цяпер аднаго з лідараў апазіцыі Паўла Латушкі спыталі, што б ён хацеў сказаць Лукашэнку.
«Я думаю, што Лукашэнка паставіў сабе жыццёвай мэтай увесці такое паняцце як «лукашызм». Але лукашызм, так як і фашызм, нацызм, сталінізм, сыдзе ў нябыт.
Таму, Аляксандр Рыгоравіч, вы павінны дакладна разумець, што гэта не атрымаецца рэалізаваць. Лукашызму не будзе ў Беларусі. Як толькі вы сыдзеце ў іншы свет ці будзеце зрынуты са сваёй пасады, гэта ўсё спыніцца, сыдзе ў нябыт і якраз такі будзе прадметам вельмі жорсткай крытыкі ў гісторыі.
Таму сёння, калі вы сапраўды лічыце, што для вас Беларусь уяўляе каштоўнасць, важная дзяржаўнасць нашай краіны, ёсць толькі адзін спосаб — сыходзьце на транзіт.
Так, мы б, зразумела, марылі ўсе, каб вы сышлі, зніклі з нашай краіны, спынілі сваю прысутнасць у Беларусі, але як першы крок — сыдзіце на транзіт.
Наступны крок: трэба зрабіць усё — я разумею, што зрабіць гэта цяпер дэманстратыўна будзе складана, — каб мінімізаваць расійскую прысутнасць у Беларусі, генералаў, якія побач з вамі. Паглядзіце, хто з іх сапраўды адданыя вам. Магчыма, яны адданыя, але перадусім адданыя Расіі і Пуціну», — выказаўся Павел Латушка.
Палітык таксама звярнуўся да Рыжанкова, Пяткевіч і іншых людзей з атачэння дыктатара:
«Думайце, перад тым, як падпісваць сёння нейкія рашэнні. Думайце перад тым, як узгадняць нейкія рашэнні. У будучым вам давядзецца адказваць за іх. Я не кажу пра крымінальную адказнасць. Я кажу пра маральную адказнасць. Я думаю, што ў вас дастаткова інтэлекту, здольнасцей для таго, каб разумець тое, што вы робіце цяпер.
Вы цудоўна разумееце, што Лукашэнкі заўтра не будзе. Ужо сёння трэба зрабіць усё для таго, каб як толькі яго не было ў нашай краіне, каб мы змаглі захаваць Беларусь, каб беларус з беларусам змаглі дамовіцца.
Пхайце Лукашэнку на транзіт, упэўнівайце (…) Лукашэнку, што яму трэба сысці на транзіт і стварыць магчымасці, каб паспрабаваць збалансаваць знешнюю палітыку краіны. А гэта значыць і аснову, фундамент, на якім стаіць Беларусь.
Таму што беларускае грамадства ў абсалютна большасці за тое, каб жыць у незалежнай краіне. Перашкодай гэтаму з'яўляецца Лукашэнка і яго сістэма, створаная ўнутры краіны».
Каментары