Улады Прыднястроўя і Малдовы дамовіліся аб пастаўках газу ў непрызнаную рэспубліку на найбліжэйшы час, паведаміў «Камерсант» спасылаючыся на крыніцы. Па іх словах, для гэтага Тыраспаль і Кішынёў дамовіліся падзяліць грант Еўрасаюза на 30 млн еўра.
На выдзеленыя сродкі Прыднястроўе плануе набыць каля 3,2 млн кубаметраў газу ў суткі з 1 па 10 лютага. Паліва на еўрапейскім рынку будзе набываць малдоўская дзяржаўная кампанія Energocom і праз «Малдовагаз» пастаўляць на левы бераг Днястра. Кішынёў на сваю частку гранта працягне набываць электрычнасць на спотавым рынку.
У той жа час з 11 лютага, калі сродкі гранта ЕС скончацца, Прыднястроўе разлічвае на атрыманне гуманітарнай дапамогі ад Расіі, адзначыў адзін з суразмоўцаў «Коммерсанта». Ідзе гаворка пра фінансаванне паставак газу праз венгерскіх трэйдараў — MET International AG, MOL і MVM. Пра тое, што Расія дасць Тыраспалю крэдыт для пакупкі газу, раней заяўляў кіраўнік непрызнанай рэспублікі Вадзім Краснасельскі.
Еўракамісія абвясціла пра выдзяленне Малдове 30 млн еўра для набыцця і транспарціроўкі газу ў Прыднястроўе 27 студзеня. У камісіі растлумачылі, што набыты на грант газ павінен паступіць у непрызнаную рэспубліку, каб «дапамагчы аднаўленню электразабеспячэння і ацяплення для больш чым 350 000 жыхароў рэгіёну», а таксама аднавіць пастаўкі электрычнасці з левага берага Днястра на правы.
У той жа час там адзначылі, што выдзеленыя сродкі — гэта «першасная дапамога» рэгіёну. Пасля 10 лютага будзе выдзелены іншы пакет, «накіраваны на змякчэнне для грамадзян Малдовы неадкладных сацыяльных наступстваў крызісу і дапамогу ва ўмацаванні энергетычнай незалежнасці і ўстойлівасці Рэспублікі Малдова».
Каментары
Зрэшты ім нічога іншага не застаецца.
Прыднестроўе у поўным атачэнні.