Ежа88

Вы выкідалі гэтыя лупіны? Вось вам пяць ідэяў

І рэч нават не ў ашчаднасці. Скуркі ад банана, апельсіна ці ананаса — самыя карысныя часткі прадуктаў. Як і ў яблыках ці бульбе, вітаміны і мікраэлементы ў іх таксама канцэнтруюцца ў скурцы ці каля яе.

Фота: Md. Asad-Uz-Zaman Shakil / Wikimedia Commons

Парадокс у тым, што вялікую частку таго, што мы выкідаем, можна было б з’ядаць. 

Напрыклад, каля траціны вагі банана прыпадае на яго скурку. Скурка апельсіна складае прыблізна 20% яго вагі. Большасць з нас проста выкідае іх, і так каштоўныя клятчатка, вітаміны і эфірныя алеі ідуць на глум. Добра яшчэ, калі вы кампастуеце арганіку або жывяце ў горадзе, дзе арганіку збіраюць асобна. У большасці выпадкаў яна проста марнуецца.

Безумоўна, проста ўзяць і з’есці скурку банана, апельсіна ці ананаса — не надта смачна, да таго ж страўнік можа ўзбунтавацца. Але спосабы выкарыстоўваць іх з карысцю ёсць. 

Вось некалькі варыянтаў, як гэта зрабіць.

Мексіканскі супернапой са скуркі ананаса

Пасля ананаса застаецца шмат абрэзкаў. Скурку і стрыжань, сярэдзіну, можна не выкідаць, а выкарыстоўваць для прыгатавання тэпачэ — лёгкага і смачнага мексіканскага напою.

Фота: Judgefloro / Wikimedia Commons.

Вам спатрэбіцца:

  • адзін ананас,
  • вада,
  • цукар, лепш карычневы цукар,
  • вялікі, на літры 3, а лепш 4, слоік,
  • марля або кухонны ручнік,
  • гумка.

Як прыгатаваць:

  1. Ачысціце ананас. Скурку і стрыжань, вядома ж, не выкідваем.
  2. Змяшайце ваду і цукар у каструлі, награвайце, пакуль цукар не растворыцца. Астудзіце.
  3. Памясціце скурку і стрыжань у слоік, выліце туды цёплы цукровы раствор.
  4. Накрыйце марляй і замацуйце гумкай.
  5. Пакіньце слоік са змесцівам у цёплым месцы (21—25°C). Праз 1—2 дні з’явіцца пена — гэта знак, што ўсё ідзе добра. Чым даўжэй чакаеце, тым мацнейшы будзе смак.
  6. Калі напой гатовы (звычайна праз 2—3 дні), працадзіце яго і астудзіце.

Пры жаданні можна дадаваць імбір ці іншую садавіну, але кіслату (напрыклад, лімонны сок) лепш дадаваць пасля ферментацыі.

Тэпачэ не толькі смачны, але і карысны, бо багаты прабіётыкамі. Аднак тут ёсць нюанс: ён, як і наш квас, можа ўтрымліваць невялікую колькасць алкаголю (звычайна менш за 1%, але гэты паказчык залежыць ад часу ферментацыі).

Кекс з лупінамі банана

Эйлса Бёрт, рэдактарка ў BBC Good Food, прапануе рэцэпт, які прадугледжвае выкарыстанне не толькі мякаці, але і скуркі бананаў.

Інгрэдыенты:

  • 125 г масла,
  • 4 спелыя бананы,
  • 200 г цукру,
  • 2 яйкі (узбітыя),
  • 2 чайныя лыжкі (ч.л.) ванілі,
  • 100 мл грэцкага ёгурту,
  • 300 г мукі,
  • ½ ч.л. разрыхляльніку,
  • ½ ч.л. соды,
  • 75 г грэцкіх арэхаў (груба парэзаных),
  • адрабіну солі.

Як прыгатаваць:

  1. Разагрэйце духоўку да 180°C. Змажце і выкладзіце пергаментам форму для хлеба (900 г).
  2. Адрэжце канцавіны бананаў і выкіньце. Самі бананы разам са скуркамі груба парэжце і змяліце ў блендары або кухонным камбайне да аднастайнай масы. Адкладзіце ўбок.
  3. Узбіце масла з цукрам і дробкай солі да лёгкай, паветранай тэкстуры (каля 4—5 хвілін). Паступова дадавайце яйкі, адно за адным, затым ваніль, ёгурт і бананавую масу.
  4. Усыпце муку, разрыхляльнік і соду, змяшайце да поўнага злучэння. У канцы акуратна падмяшайце арэхі і перакладзіце цеста ў падрыхтаваную форму.
  5. Выпякайце 50-60 хвілін, пакуль зубачыстка, калі вы яе ўставіце ў сярэдзіну, не будзе выходзіць сухой. Пакіньце астываць у форме на 15 хвілін, пасля чаго дастаньце і цалкам астудзіце.

Ну вось — смачна есці!

Мармелад, цукаты і не толькі — са скуркі апельсіна

А цяпер — пра тое, што можна зрабіць з апельсінам і яго скуркай.

  • Мармелад. Для гэтага спатрэбяцца: 1,3 кг апельсінаў, сок двух лімонаў і 2,3 кг цукру. Апельсіны трэба варыць дзве гадзіны, каб вылучыць пекцін, працадзіць мякаць праз сіта, дадаць цукар і скурку, пасля варыць яшчэ 20 хвілін. Такі мармелад ідэальна пасуе як дабаўка да натуральнага ёгурту ці кефіру.
  • Цукаты. Нарэжце скурку, адварыце яе ў кіпні на працягу 10 хвілін і паўтарыце працэс тройчы, прамываючы халоднай вадой. Потым змяшайце з цукрам і вадой. Цукаты атрымліваюцца салодкімі і смачнымі.
  • Сіроп, які застаецца пасля гатавання цукатаў, можна выкарыстоўваць як аснову для напояў.

Класічныя цукаты выходзяць і з корак кавуна. Яны таксама лёгка робяцца.

Імбірны булён

Скурка імбіру часта выкідаецца, але яна ўтрымлівае мноства карысных рэчываў. У ёй ёсць кампаненты, якія абараняюць арганізм ад мікробаў, узмацняюць імунітэт і нават могуць прадухіляць рак. Скурка таксама багатая клятчаткай, вітамінам C, кальцыем, жалезам і іншымі важнымі элементамі.

Як выкарыстаць скурку імбіру? Ідэямі дзеліцца Люсі Шэрыф:

  • Проста дадаць у суп. Скурка надае супу асаблівы смак. Пакладзіце яе падчас гатавання, а пасля дастаньце.
  • Імбірны булён. Закіпяціце скурку ў вадзе, каб атрымаць карысны булён. Яго можна дадаваць у смузі, кактэйлі, газаваную ваду ці выкарыстоўваць для гатавання гародніны.
  • Дадатак да гарбаты. Высушыце скурку ў духоўцы і перамяліце ў парашок. Ён падыходзіць для гарбаты, а таксама можа выкарыстоўвацца ў выпечцы і розных стравах.

Парада: здымайце скурку імбіру з дапамогай чайнай лыжкі. Так вы атрымаеце менш адходаў і зможаце зняць толькі самы верхні тонкі слой.

Люсі Шэрыф раіць выкарыстоўваць чайную лыжку для здымання скуркі імбіру. Але і адмысловай скуркачысткай, як тут на выяве, таксама можна скарыстацца. Фота: Veganbaking.net / Wikimedia Commons

Цыбульнік. Ну, гэта вы ведаеце? А вось і не толькі!

Звычайна сухія лупіны цыбулі, па-беларуску іх называюць «цыбульнік», імгненна ляцяць у сметніцу. Але нават яны могуць на нешта прыдацца. 

Фота: Depersonas cocinando con sentido / Wikimedia Commons.

Як ужо пісала «Наша Ніва», цыбульнік можна выкарыстоўваць для фарбавання яек на Вялікдзень натуральнымі сродкамі.

Для прыгатавання такога фарбавальніка на 3 літры вады трэба ўзяць 4 шклянкі шалупіння і кіпяціць яго цягам гадзіны. Чым больш шалупіння, тым больш насычаным будзе колер. Пасля гэтага яйкі закладаем у адвар.

А вось яшчэ дзве ідэі:

  • Цыбульны парашок. Сухое шалупінне можна абсмажыць або высушыць у духоўцы, а потым змалоць у парашок. У чыстым выглядзе ён можа атрымацца даволі слабым па смаку, таму некаторыя дадаюць соль або змешваюць са спецыямі, каб атрымаць паўнавартасны «спайс-мікс».
  • Фарбаванне тканін. Лупіны цыбулі багатыя на флаваноіды і дубільныя рэчывы, якія надаюць тканінам жоўтае, арэхава-карычневае ці аранжавае адценне. Для гэтага праварыце шалупіну 10—15 хвілін, замачыце ў адвар тканіну і пакіньце на гадзіну. Цыбульны «адкід» надасць тканіне файны rustic-стыль. І экалагічна, і эстэтычна.

Агульная заўвага. Калі гатуеце стравы з якіх-небудзь скурак, вельмі важна пераканацца, што яны добра вымытыя і на іх не засталося хіміі. Бо ўсё тое, чым кропяць расліны, застаецца на скурках.

Ну і супастаўляйце кошт лупін ды кошт газу ці электрычнасці, якія вы траціце на іх гатаванне. Бывае, што экалагічней і танней зрабіць з чагосьці кампост, чым згатаваць.

Каментары8

  • А35
    30.01.2025
    Странно, тое самае падумаў
  • цыбульнік
    31.01.2025
    Странно, дык а вы да апошняга сказу ці дачыталі?) "Бывае, што экалагічней і танней зрабіць з чагосьці кампост, чым згатаваць." )) Ніва любіць нас і беражэ наш час ))
  • Жвір
    31.01.2025
    Ды тут увесь прыкол у фотцы да артыкула, а не ў рэцэптуры. :) Эратычненька, мне аж няёмка зрабілася, не чакаў убачыць тут такую,..такі.. фігуральны элемент" з лупіны бананаў. :)))

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі14

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве 11-гадовая дзяўчынка забіла бабулю, бо ёй не дазволілі пайсці на прагулку2

Які горад у Беларусі самы сонечны?34

У Гродне заўважылі першага матылька1

«Заўсёды з усмешкай». Былая зняволеная расказала пра гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову

У Швецыі асудзілі мужчыну, які п'яны кіраваў дронам. Такое ўпершыню ў гісторыі

У Баранавіцкім раёне жанчыну, верагодна, загрызлі жывёлы

Прыднястроўе дамовілася з Малдовай аб пастаўках газу без Расіі2

Лян Вэньфэн — таемны заснавальнік DeepSeek, які перавярнуў свет штучнага інтэлекту6

550 рублёў за адзін артыкул. Колькі прапагандысты ў СБ зарабілі на ачарненні Бяляцкага, Дашкевіча і Золатавай5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі14

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць