У снежні 1933 года чэкістамі скончылася «расследаванне» справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Амаль сотня дзеячаў была асуджана. У БССР гэтыя людзі прыбылі, уцякаючы ад пераследу польскімі ўладамі, але тут іх чакала жахлівае. Вынікам сфальсіфікаванай справы стаў першы масавы расстрэл беларускай інтэлігенцыі.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_12/mycollages18-p5bby.jpg.webp)
З 1929 года ў БССР прайшло некалькі хваляў рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. У 1930 г. чэкісты сфальсіфікавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі», у рамках якой было арыштавана больш за сотню дзеячаў навукі і культуры. Толькі невялікая частка з арыштаваных пазбеглі зняволення або высылкі на розныя тэрміны.
У 1931—1932 гг. пракацілася хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, а таксама ўстаноў, якія займаліся распрацоўкай яе розных пытанняў.
Узніклі справы «Беларускага філіяла працоўнай сялянскай партыі», «Белтрактарацэнтра», «Ветэрынарных дактароў». Толькі па іх было арыштавана і асуджана звыш 800 чалавек.
Шмат хто з працаўнікоў Народнага камісарыята земляробства БССР, Навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі, Віцебскага ветэрынарнага інстытута трапілі ў турмы. Па справе «Белтрактарацэнтра» рэпрэсіям падверглася 546 чалавек, праз што амаль поўнасцю былі знішчаны тыя невялікія кваліфікаваныя кадры, якія працавалі ў цэнтральных кіруючых органах сельскай гаспадаркі і на месцах.
У верасні 1932 г. АДПУ БССР «ліквідавала» ў Мазырскім раёне так званую контррэвалюцыйную арганізацыю «Сялянскіх саюзаў», у кіраўніцтве якой абвінавацілі сельскагаспадарчых спецыялістаў з дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі. Па гэтай справе толькі ў адным раёне праходзіла звыш 70 чалавек.
На пачатку 1933 г. чэкісты адрапартавалі, што ліквідавалі ў Менску контррэвалюцыйную татарскую групоўку, якой нібыта кіраваў былы падпалкоўнік царскай арміі Ях’я Гембіцкі, вядомы гісторык і грамадскі дзеяч, які шмат намаганняў паклаў на карысць татарскай меншасці.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_08/miensk_zacharaskaja-zacharaski__-_1941-44-v90sv.jpg.webp)
Вясной-летам 1933 г. пачалася новая хваля рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. АДПУ БССР «выкрыла» падпольную контррэвалюцыйную арганізацыю «Беларуская народная грамада». Па справе праходзіла 68 чалавек, пераважна пісьменнікі, а таксама настаўнікі, студэнты.
Вызначаныя чэкістамі «кіраўнікі» арганізацыі атрымалі па 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, а «сябры» — ад 2 да 3 гадоў высылкі.
Было зроблена ўсё, каб абняславіць арыштаваных. Нацыянальны рух зневажальна ахрысцілі «нацдэмаўшчынай», а ўсіх, хто ўдзельнічаў у нацыянальнай працы ці спачуваў нацыяналістам, назвалі «нацдэмамі». Савецкі друк, прамоўцы на афіцыйных і неафіцыйных сходах у розных варыянтах скланялі гэтыя эпітэты. Тых, на каго наляпілі гэты ярлык паўсюдна ганьбілі, вымушалі прылюдна каяцца ў ідэалагічных памылках, урэшце, арыштоўвалі па надуманых абвінавачваннях.
Але на гэтым вынішчэнне інтэлектуальнай асновы беларускай нацыі не скончыліся.
У 1933 годзе чэкісты пачалі распрацоўку агентурнай справы з характэрнай назвай «Закардоннікі». Яна была распачатая супраць заходнебеларускіх нацыянальных дзеячаў, якія знайшлі прытулак ад рэпрэсій з боку Польшчы ў БССР, то-бок вярнуліся з-за кардону. Дзеля выкрыцця іх «варожай» дзейнасці АДПУ сфабрыкавала справу «Беларускага нацыянальнага цэнтра» (БНЦ).
У 1932 годзе былыя кіраўнікі Беларускай сялянска-работніцкай грамады і «Змагання» ў адпаведнасці з польска-савецкім пагадненнем аб абмене палітзняволенымі прыехалі ў СССР.
БСРГ была найбуйнейшай палітычнай сілай беларусаў у Польскай Рэспубліцы. За яе галасавалі многія раёны Заходняй Беларусі. Польскія ўлады зрэагавалі досыць хутка, ужо ў сакавіку забараніўшы БСРГ, а больш за 4000 яе кіраўнікоў і актывістаў былі аддадзены пад суд.
У 1930-я гады СССР поўнасцю адмовіўся ад ролі абаронцы правоў беларусаў на тэрыторыі Польшчы, перастаў пратэставаць у сувязі з парушэннямі там правоў нацыянальных меншасцей. Летам 1933 г. ад імя Сталіна палякам было прапанавана «ўзаемна адмовіцца ад раздзьмухвання нацыянальных праблем у абедзвюх краінах».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/photo_2023-12-01144608-ox2tl.jpeg.webp)
Адпаведна, знікла патрэба ў тых, хто мог хістаць польскі рэжым, як у «грамадоўцах», так і ў членах КПЗБ, якія знаходзіліся на тэрыторыі БССР. Да таго ж гэтыя беларускія дзеячы, які мелі досвед парламенцкай дзейнасці і валодалі навыкамі падпольнай барацьбы, успрымаліся савецкімі ўладамі як патэнцыйная пагроза ўжо свайму рэжыму.
Справа «Беларускага нацыянальнага цэнтра» была адной са складовых частак спланаваных у Крамлі шырокамаштабных рэпрэсій супраць эліт нацыянальных рэспублік СССР. У Савецкай Украіне ў 1933 г. былі сфабрыкаваныя справы «Украінскай вайсковай арганізацыі», «Польскай арганізацыі вайсковай», а таксама «Блока ўкраінскіх нацыяналістычных партый».
Справа БНЦ фабрыкавался ва ўмовах падрыхтоўкі да XVII з'езда УКП(б), скліканне якога было прызначана на канец студзеня 1934 г. У бравурных рапартах, якія прымаліся напярэдадні з’езда, гучала агрэсіўная рыторыка барацьбы з нацыяналізмам. У снежні 1933 г. пленум ЦК КП (б) Беларусі пастанавіў, што «ў бягучы момант галоўную небяспеку ўяўляе мясцовы нацыяналізм, які змыкаецца з імперыялістычнымі інтэрвентамі».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/2023-12-01150059-fyn4n.png.webp)
Аднак першыя арышты па справе пачаліся яшчэ ўлетку 1933 г. У жніўні-верасні былі арыштаваны дзеячы, якім пасля прыпішуць кіраўніцтва БНЦ. Адначасова арышты па справе адбываліся на перыферыі.
Чэкісты сцвярджалі, што арыштаваныя праніклі ў Савецкую Беларусь па заданні польскай выведкі. Мэтай іх дзейнасці было звяржэнне савецкай улады ў БССР шляхам узброенага паўстання і стварэння Беларускай буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы.
Уражваюць і абшары «практычнай контррэвалюцыйнай работы», якая прыпісвалася БНЦ. Яна нібыта ахоплівала Беларускую акадэмію навук, Наркамасветы, Дзяржаўную бібліятэку, Саюз савецкіх пісьменнікаў, Навукова-тэхнічнае выдавецтва, БелТА, Радыёцэнтр, рэдакцыю газеты «Звязда», Белдзяржуніверсітэт, Горацкую сельгасакадэмію, Энергаінстытут, Садова-агародны інстытут, НДІ рыбнай гаспадаркі, Дзяржплан, Наркамат аховы здароўя, Наркамасветы, Наркамсувязі, Наркамат камунальнай гаспадаркі, Саюзбавоўнагандаль, ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, Гістпарт пры ЦК КП(б)Б, прадстаўніцтва КПЗБ, выведупраўленне Штаба БВА, гарнізон горада Барысава, 34-ы полк (Старыя Дарогі), 192-гі полк (Орша). Яна быццам бы вялася ў 9 вялікіх гарадах і 25 раёнах БССР. То-бок літаральна паўсюль.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/2023-12-01150710-e62gp.png.webp)
Чэкісты заявілі пра выяўленне ажно 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыстычных груповак, 20 шпіёнскіх рэзідэнтур БНЦ і яго моладзевай арганізацыі ў складзе 47 чалавек. Філіі цэнтра нібыта былі «ліквідаваныя» ў Горках, Беразіне, Гомелі, а таксама Слуцку. Меліся яны нібыта таксама ў Маскве і Ленінградзе.
Арыштаваным быў інкрымінаваны ўдзел у «шырока разгалінаванай контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Яны быццам бы займаліся падрыхтоўкай паўстання, шпіянажам на карысць Польшчы, арганізацыяй дыверсійна-тэрарыстычных груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай працы ў БССР.
Фінансаваў і кіраваў цэнтрам нібыта II аддзел польскага Генштаба, які адказваў за контрразведку, праз польскую амбасаду ў Маскве і генеральнае консульства Польшчы ў Менску. Кіраўніцтва БНЦ нібыта атрымала ад палякаў 65 тысяч савецкіх рублёў і 3 тысячы даляраў і распрацавала план паўстання ў БССР, якое павінна было пачацца з буйной правакацыі на мяжы і наступнага савецка-польскага ўзброенага канфлікту восенню 1933 г. ці вясной 1934 г.
Каардынатарамі дзейнасці «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі «прызначаныя» дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Сымон Рак-Міхайлоўскі, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства БАН Ігнат Дварчанін і старшыня камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БАН Пётр Мятла.
З былога сакратара БСРГ Максіма Бурсевіча былі выбіты паказанні, што кіраўніцтвам БНЦ быў сфармаваны склад будучага буржуазнага ўрада на чале з Антонам Луцкевічам. Пасаду міністра прамысловасці мусіў заняць Фабіян Акінчыц, поштаў і тэлеграфа — Павел Валошын, транспарту — Флягонт Валынец, асветы — Язэп Гаўрылік, земляробства — Ігнат Дварчанін, унутраных спраў — Пятро Мятла, юстыцыі — Радаслаў Астроўскі, абароны — Сымон Рак-Міхайлоўскі, замежных спраў — Браніслаў Тарашкевіч, а сам Бурсевіч мусіў атрымаць пасаду міністра фінансаў.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/mycollages19-7wto0.jpg.webp)
Папраўдзе, гэты спіс гучыць як «урад мары», але, на жаль, існаваў ён толькі ў фантазіях чэкістаў. Аўтарамі гэтай справы былі начальнік сакрэтна-палітычнага аддзела АДПУ БССР Герман Лупекін і начальнік 1-га аддзялення сакрэтна-палітычнага аддзела Якаў Гозін. Агульны нагляд за расследаваннем справы ажыццяўлялі начальнік АДПУ БССР Леанід Закоўскі і яго намеснік Анс Залпетэр. Усе яны самі праз некалькі год стануць ахвярамі сталінскіх рэпрэсій, толькі адзін з іх выжыве.
Справа вялася дзвюма групамі следчых, якія на чэкісцкім жаргоне называліся «літаратарамі» і «забойшчыкамі». «Літаратары» складалі разам з дапытанымі тэксты пратаколаў, а «забойшчыкі» выбівалі подпісы пад імі.
Справа аблягчалася тым, што за палітуцекачамі з Польшчы адпачатку вёўся аператыўны нагляд. Праз шматлікіх інфарматараў вяліся іх агентурныя распрацоўкі, праводзілася перлюстрацыя карэспандэнцыі беларускіх дзеячаў, якія працягвалі перапіску са сваякамі і сябрамі ў Заходняй Беларусі.
Таксама ў арыштаваных канфіскоўваліся асабістыя рэчы, у тым ліку рукапісы, нататнікі, фотаальбомы, з якіх у справу пераносіліся імёны і адрасы ўяўных саўдзельнікаў.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/photo_2023-12-01152238-5dmhx.jpeg.webp)
Журналіст газеты «Звязда» Сцяпан Жабінскі, фігурант справы БНЦ, быў сведкам сцэны, у якой прагучалі словы, якія выяўляюць усю сутнасць таго, што адбывалася:
«Аднойчы, падчас праходкі ў двары, чую крык (пазней даведаўся, што крычаў дэпутат Гаўрылік) «Што вы робіце? Вы з глузду з’ехалі! Вы выконваеце заданне польскай дэфензівы! Тыя не змаглі нас знішчыць, дык вы даканчваеце».
Яшчэ адзін з фігурантаў, Міхаіл Ганчарык, згадваў, што адбывалася ўвосень 1933 г. у «Амерыканцы»:
«А прывядуць у камеру, і прыходзіцца слухаць гадзінамі крыкі, стогны аб тых здзеках, якія творацца, што трымаюць невінаватых — гэта стукалі ў дзверы, крычалі некаторыя абмененыя з Польшчай былыя паслы польскага сейма. Асабліва гучна і часта крычаў аб гэтым Дварчанін».
Малодшы брат Ігната Дварчаніна, Іларыён, які займаў пасаду намесніка дырэктара паляўнічага запаведніка, быў вымушаны даць абсурднае паказанне пра тое, што ён прыручыў лася і ездзіў на ім на мяжу з Польшчай па інструкцыі.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/photo_2023-12-01151716-jmip7.jpeg.webp)
Да канца 1933 г. «расследаванне» справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» было завершана. Сфальсіфікавана з вялікім размахам і шырокай геаграфіяй ахопу справа складалася з 55 тамоў.
Усе арыштаваныя, за невялікім выключэннем, «прызналі сваю віну». Усяго па справе БНЦ праходзіла каля 200 падазраваных, з якіх 97 было выстаўлена абвінавачанне. Трэба асобна падкрэсліць, што амаль усе абвінавачаныя ўнеслі значны ўклад у справу беларускага нацыянальнага адраджэння на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Таксама паказальна, што быў асуджаны ажно 21 выкладчык Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, у тым ліку намеснік дырэктара.
Абсалютная большасць асуджаных былі беларусамі, пераважная частка — ураджэнцамі Заходняй Беларусі. Сярод абвінавачаных было пяць жанчын, у тым ліку цяжарная Зоя Грыц.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/image-156-7axjp.png.webp)
Абвінаваўчы акт сцвярджаў:
«У 1926 г. польскім Генштабам на тэрыторыі Усходняй Польшчы быў створаны контррэвалюцыйны «Польска-Украінска-Беларускі Блок» у складзе трох буйных нацыяналістычных арганізацый («Украінскі Сельроб», «Беларуская сялянска-работніцкая грамада» і «Польская незалежная партыя хлопска») з задачамі актыўнай барацьбы з камуністычным рухам ва Усходняй Польшчы і арганізацыі шырокай паўстанцкай, шпіёнскай і дыверсійна-тэрарыстычнай працы на тэрыторыі Савецкага Саюза.
Паводле задання таго ж 2-га аддзела польскага Генштаба ў мэтах рэалізацыі задач «Блока» па Заходняй Беларусі і БССР у г. Вільня ў 1928 г. быў створаны вядомымі нацыяналістамі Астроўскім і Луцкевічам «Беларускі палітычны цэнтр».
Перакінутыя ў БССР легальна і нелегальна сябры «Палітычнага цэнтра» для практычнага кіраўніцтва контррэвалюцыйнай арганізацыяй стварылі «Беларускі нацыянальны цэнтр»».
Па рашэнні судовай калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 года 26 фігурантаў справы былі прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання, 16 — да найвышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў папраўчапрацоўных лагераў.
Вось няпоўны спіс тых, хто быў асуджаны на смерць:
- Рыгор Аляхновіч, студэнт Вышэйшага педінстытута;
- Ілля Асяненка, інструктар 1 асобага эксплуатацыйнага вузла сувязі, г. Мінск;
- Лявон Бабровіч, навуковы супрацоўнік Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР, публіцыст;
- Язэп Багданскі, навуковы супрацоўнік АН БССР;
- Ян Густыр, навуковы супрацоўнік АН БССР;
- Іван Дрозд, эканаміст-планавік Бярэзінскага райспажыўсаюза;
- Андрэй Капуцкі, пісьменнік і журналіст;
- Міхал Кахановіч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сябра Беларускага пасольскага клуба ў польскім Сейме;
- Міхаіл Коўшык, дырэктар Мінскага тэхнікума харчовай прамысловасці;
- Цімох Лянцэвіч, настаўнік адной з мінскіх школ;
- Яўген Макоўскі, інжынер з Турава;
- Іван Марцінчык, выкладчык Мінскага аўтадарожнага тэхнікума;
- Аляксандр Мятла, выкладчык Мінскага політэхнічнага рабфака;
- Аляксандр Нікалаеў Астравецкі, загадчык аддзела міжнароднай інфармацыі газеты «Звязда»;
- Уладзімір Пальчэўскі, супрацоўнік Мінскага прадстаўніцтва КПЗБ;
- Мікалай Парфіновіч, студэнт Ленінградскага электратэхнічнага інстытута;
- Віталь Радзюк, аспірант АН СССР па Фізіка-матэматычным сектары Камітэта па падрыхтоўцы кадраў АН СССР;
- Алесь Салагуб, паэт;
- Іосіф Саланевіч, намеснік загадчыка Загранічнага сектара газеты «Звязда»;
- Усевалад Сурага, навуковы супрацоўнік Беларускага аддзялення Інстытута pыбнай гаспадаркі;
- Леанід Цітовіч, тэхнічны дырэктар навукова-даследчага саўгаса ў Смалявічах;
- Уладзімір Шалешка, бухгалтар прамкамбіната Заслаўскага РВК;
- Мікалай Шуцкі, выкладчык Магілёўскага педагагічнага інстытута;
- Кузьма Янель, намеснік дырэктара Мінскага садоваагародніннага інстытута.
З астатніх 17 — да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў (ППЛ), 5 — да 8 гадоў ППЛ, іншыя — да розных мер пакарання.
Цікава, што Максім Бурсевіч, Павел Валошын, Флягонт Валынец, Язэп Гаўрылік, Ігнат Дварчанін, Пятро Мятла і Сымон Рак-Міхайлоўскі, якім прыпісвалася кіраўніцтва БНЦ, былі асуджаныя да расстрэлу з заменай дзесяцігадовым зняволеннем.
Але пасля паўторнага асуджэння ўсе яны былі расстраляныя ў 1937—1938 гадах, на хвалі найбольш жорсткіх сталінскіх рэпрэсій.
Тыя фігуранты справы БНЦ, якія засталіся жывымі, былі накіраваныя ў Байкала-Амурскі і Беламора-Балтыйскі лагеры.
Упершыню аб раскрыцці «контррэвалюцыйнай нацыяналістычна-шпіёнскай арганізацыі», якой кіравалі былыя палітэмігранты з Заходняй Беларусі, імёны якіх не называліся, было паведамлена толькі 8 снежня 1933 года ў партыйнай газеце «Звязда». Там сцвярджалася, што насамрэч гэта былі здраднікі, закінутыя ў БССР з мэтай «правакацыі і шпіянажу».
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_12/photo_2023-12-01144110-p51qg.jpeg.webp)
У тыя часы АДПУ ў сваёй друкарні выдавала тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з «паказанняў» арыштаваных, здабытых гвалтоўным шляхам.
У выглядзе спецыяльнай брашуры, як зусім сакрэтны, гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлення высокаадказным камуністам. Партыйныя газеты, часопісы, спецыяльныя выкрывальныя «працы» і кіраўнікі партыі спасылаліся на вытрымкі з паказанняў, не называючы крыніцы, з якіх атрыманы паказанні арыштаваных.
Задачай прапаганды было паказаць нацыянальны рух у Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую, шпіёнскую працу беларускіх нацыяналістаў, накіраваную на адлучэнне БССР ад Савецкага Саюза і на стварэнне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі.
Прапаганда не толькі імкнулася скампраметаваць і паказаць у самым агідным выглядзе беларускую інтэлігенцыю і нацыянальных лідараў, але і выкарыстаць розныя выпадкі з прыватнага жыцця і грамадскай дзейнасці, незалежна ад таго, калі і пры якіх абставінах яны здарыліся.
Адразу пасля смерці Сталіна ў 1953—1954 гадах пачаўся працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных. Але працэс рэабілітацыі фігурантаў справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» быў няпростым. Правёўшы дадатковае расследаванне ў снежні 1955 годзе, КДБ БССР адзначыў, што крымінальная дзейнасць фігурантаў справы даведзена і яны панеслі справядлівае пакаранне. Аднак вайсковы трыбунал БВА пастанавіў, што справа вывучана недастаткова.
Так, з аператыўных матэрыялаў, а таксама пададзеных у 1934—1935 гг. скаргаў Ігната Дварчаніна, Язэпа Гаўрыліка і Максіма Бурсевіча вынікала, што следчая справа былі сфабрыкаваная. Напрыклад, 26 мая 1934 г. Ігнат Дварчанін заявіў, што ніякай праграмы «БНЦ» не існавала і ён склаў яе пасля «настойлівай прапановы» следчага.
Падчас паўторнага разгляду, які адбываўся ўжо пасля ХХ з’езда КПСС, на якім быў развянчаны культ Сталіна, у жніўні 1956 г., было ўстаноўлена, што справа была сфабрыкаваная. У прыватнасці, адзначалася, што ўласнаручныя паказанні абвінавачаных былі выкладзеныя абстрактна, агульнымі фразамі, мелі аднолькавы змест, не пацверджаныя рэчавымі доказамі.
Вайсковы трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі 18 красавіка 1956 г. адмяніў рашэнне калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 г. у адносінах да ўсіх абвінавачаных па матывах відавочнай непаўнаты расследавання і адсутнасці дастатковых доказаў. Справа была вернута на дадатковае расследаванне.
Адначасова былі адменены рашэнні пазасудовых органаў за 1937—1939 гг. Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР правёў праверку і дадатковае расследаванне, у выніку якога існаванне «БНЦ» не пацвердзілася.
У жніўні—верасні 1956 г. рашэннем вайсковага трыбунала БВА справа «БНЦ» у крымінальным парадку была спынена за адсутнасцю саставу злачынства.
Сярод пасмяротна рэабілітаваных былі вядомыя грамадскія дзеячы Пётр Мятла, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валошын, Флягонт Валынец, Язэп Гаўрылік і іншыя асобы.
Сёння ў краіне адбываюцца надзвычай падобныя працэсы, калі для ліквідацыі нацыянальнага руху, жыццёва небяспечнага для дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, ускрываюцца неіснуючыя змовы, шпіёнскія і дыверсійныя групоўкі, якія быццам бы кіруюцца з-за мяжы. Па волі лёсу, як і 90 гадоў таму, сцвярджаецца, што кіруюцца яны з Польшчы. Па гэтых сфабрыкаваных справах беларускія дзеячы і актывісты атрымліваюць драконаўскія тэрміны.
Хаця б пакуль не страляюць… Праўда, да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» таксама масавых расстрэлаў не было.
Але неабгрунтаваныя палітычныя рэпрэсіі, калі няма прамога загаду зверху спыніцца, раскручваюцца ўсё мацней і выходзяць на ўзроўні, якія яшчэ ўчора падаваліся немагчымымі.
Гісторыя, на жаль, нічому не навучыла тых, хто іх ажыццяўляе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары