Да беларуса, якога вінавацяць у тэрактах на БАМе, не пускаюць адваката
Да затрыманага за падрыў двух цягнікоў на БАМе беларуса Сяргея Ерамеева не пускаюць адваката. Ерамеева трымаюць у маскоўскім СІЗА «Лефортава». Пра гэта паведаміў сузаснавальнік «Байхэлп» Аляксей Лявончык.
![](http://d2u25kyqy2mqv5.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_12/224809-5h7j3.jpeg.webp)
Як піша Лявончык, адвакатку да Ерамеева не пускаюць які ўжо раз, спасылаючыся на неабходнасць дазволу следчага, што парушае расійскае заканадаўства. Імя следчага не даюць.
«Спрабуем атрымаць справу — адвакат атрымлівае адмову, бо трэба дамова аб абароне ад сваякоў (таксама лухта, бо адваката можа наняць любы чалавек). Ці трэба дазвол ад следчага, каб атрымаць справу ў судзе.
Суду. Патрэбны. Дазвол. Следчага. Каб. Паглядзець. Імя. Следчага. Нічо, нармальная беларуская гісторыя», — піша Лявончык.
На яго думку, адзіная прычына, якая таму можа быць — прымусіць чалавека ў ізаляцыі прызнаць сваю віну з фармальнай прысутнасцю прызначанага дзяржаўнага адваката.
«Мы будзем спрабаваць іншыя шляхі. Яны ёсць», — дадаў Лявончык.
Уначы з 29 на 30 лістапада на перагоне Ітыкіт-Акусікан Усходне-Сібірскай чыгункі, падчас руху па Паўночнамуйскім тунэлі (яго даўжыня 15 кіламетраў) загарэўся вагон грузавога цягніка, які перавозіў паліва (у тым ліку авіяцыйнае) і каляровыя металы.
Пазней у Паўночнамуйскім тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся яшчэ адзін састаў з грузам.
Была заведзена крымінальная справа за тэракт.
7 снежня ФСБ Расіі заявіла, што за падрыў цягнікоў на БАМе затрыманы беларус Сяргей Ерамееў. Ён працаваў на «Нафтане» і далучыўся да стачкі ў 2020-м.
Каментары